Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распрацоўваецца Кодэкс гонару пчаляра


Радыё Свабода Пчаляры-аматары Берасьцейскай вобласьці зацьвердзілі на сваім сходзе праект Кодэксу гонару. Дакумэнт, як даводзяць яго распрацоўшчыкі, дазволіць узаконіць юрыдычныя правы ўладальнікаў пасекаў. Прадугледжваецца таксама, што пакупнікі будуць абароненыя ад набыцьця на рынках краіны падробнага мёду. Тым больш, што беларускі мёд, як высьвятляецца – самы дарагі ў сьвеце.

Ініцыятары праекту Кодэксу гонару пчаляра наракаюць, што ў Беларусі на сёньня няма адпаведнай заканадаўчай базы. Як кажа дырэктар Берасьцейскай абласной канторы пчалярства Віктар Бадак, новы дакумэнт перадусім патрэбен для навядзеньня парадку ў надзённых гаспадарчых справах:

(Бадак: ) “Мы тут сутыкнуліся са шматлікімі пытаньнямі. Правілы вандроўкі, парадак разьмяшчэньня пчоласем’яў... Раздалі праект, няхай людзі чытаюць, уносяць свае зьмены”.

Як далей удакладніў суразмоўца, праект Кодэксу абавязвае пчаляра не варагаваць з уладальнікамі суседніх пасек, выконваць правілы профільнай грамадзкай арганізацыі, удзельнічаць у распрацоўцы заканадаўчых ініцыятываў.

Пералік іншых цяперашніх праблемаў доўжыць пчаляр зь Пінску Мікалай Качаноўскі:

(Качаноўскі: ) “У нас мала меданосаў высяваецца гаспадаркамі. Амаль нічога. Усе лекі – імпартныя. Нацэнка на іх робіцца максымальна дапушчальная. І ўвесь інвэнтар, што ўжываем, таксама выключна імпартны. Мы яшчэ пакуль у тупіку. У нас мёд – самы дарагі на сьвеце. Аптовы кошт – $ 4,2. Такога няма нідзе. Максымум $2-2,5, але ня $4”.

Па статыстыцы, сёньня на Берасьцейшчыне 34 тысячы пчоласем”яў. Падлічана, што аб”ём таварнага мёду ад іх дасягае амаль 30 тон. Як дапаможа Кодэкс пчаляра абараніць рынак ад няякаснага прадукту? Расказвае яшчэ адзін ініцыятар праекту Мікалай Лясковіч:

(Лясковіч: ) “Чалавечы фактар заўжды прысутнічае. Якім бы ні быў прапанаваны Кодэкс, усё ўрэшце залежыць ад пчаляра і яго адносінаў да рамяства. Але калі гэта не прывіваць, то... Ва ўсялякім разе я ведаю, што ў Літве гэта ўжо ёсьць. Кожны пчаляр здае ўзор мёду і ён захоўваецца ў адпаведным банку ўзораў. Пакупнік, калі мае пэўныя прэтэнзіі да якасьці набытага ім мёду, зьвяртаецца туды і аналяг параўноўваецца з тым, што ён набыў”.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, на сёньня ў Беларусі налічваецца 200 тысяч пчаліных сем’яў. У параўнаньні з 1990-мі гадамі гэтая колькасьць меншая ў чатыры разы.

Паводле ўліку Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі, у сярэднім на душу насельніцтва прыпадае толькі па 150 грамаў айчыннага мёду. Гэта ў 5 разоў менш, чым у Расеі і ў 10-12 – чым спажывае сярэднестатыстычны немец ці японец.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG