Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня – Міжнародны дзень салідарнасьці журналістаў


Радыё Свабода Гэта сьвята адзначаецца з 1958 года паводле рашэньня Міжнароднай арганізацыі журналістаў у памяць чэскага журналіста Юлія Фучыка, пакаранага сьмерцю фашыстамі 8 верасьня 1943 году. Для беларускіх журналістаў, якія вымушаныя працаваць у няпростых умовах, журналісцкая салідарнасьць мае асаблівы сэнс.

Па-ранейшаму беларускія недзяржаўныя выданьні вымушаныя друкавацца па-за межамі краіны, у Смаленску, а радыёстанцыі выходзіць у эфір з Варшавы і Беластоку.

Перакрытыя легальныя каналы распаўсюду незалежных выданьняў, “Белпошта” і “Белсаюздрук” скасавалі дамовы з “Народнай Воляй”, шэрагам рэгіянальных выданьняў.

Улады душаць газэты непамернымі штрафамі – “Комсомольская правда” в Белоруссии” аштрафаваная на 60 мільёнаў, літаральна пазаўчора “Витебский курьер” аштрафаваны на паўтара мільёны.

Журналістаў у Беларусі зьбіваюць (згадаем Алега Улевіча з “Камсамолкі”), затрымліваюць (падчас прэзыдэнцкіх выбараў нават замежныя журналісты былі арыштаваныя і адседзелі да 15 сутак).

Цяжка здабываць інфармацыю – дзяржаўныя чыноўнікі, асабліва ў рэгіёнах, папросту адмаўляюцца даваць інфармацыю незалежным журналістам.

І для беларускіх журналістаў вельмі адчувальная менавіта міжнародная салідарнасьць. Гаворыць намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

(Бастунец: ) “Калі нешта здараецца ў нашай краіне з журналістамі, мы адчуваем гэту падтрымку. Ідуць і лісты падтрымкі, і звароты ў дзяржаўныя структуры. Міжнародныя арганізацыі нагадваюць беларускім уладам і пра зьніклага журналіста Зьмітра Завадзкага, пра забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай. І хаця здаецца, што гэта падтрымка не прыносіць такіх відавочных вынікаў, я ўпэўнены, што яна дапамагае зьберагчы нас”.

Галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевіч перакананы:

(Старыкевіч: ) “У журналісцкім асяродку з салідарнасьцю справы куды лепш, чым, прыкладам, у палітыкаў. І хаця існуе, безумоўна, і канкурэнцыя, і некаторыя асабістыя моманты, але яны збольшага адкідаюцца, калі паўстае пагроза каму-небудзь з нашых. Таму ў шэрагу выпадкаў ўдавалася і атрымліваць лякальныя перамогі, і адбіваць атакі ўлады”.

Пра міжнародныя сувязі Беларускай асацыяцыі журналістаў кажа Андрэй Бастунец.

(Бастунец: ) “Беларуская асацыяцыя журналістаў уваходзіць у склад Міжнароднай асацыяцыі журналістаў, а таксама ў Эўрапэйскую фэдэрацыю журналістаў. Наогул, кола партнэрскіх арганізацыяў БАЖу даволі шырокае: гэта і Дацкі саюз журналістаў, міжнародная арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў”, Усясьветная кампанія за свабоду слова “Аrticle XIX”, гэта Расейскі саюз журналістаў і Цэнтар экстрэмальнай журналістыкі, “Фонд абароны галоснасьці” – можна пералічваць дастаткова доўга”.
XS
SM
MD
LG