Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 8 верасьня


Юлія Шарова, Менск Вы слухаеце “Начную аБЛОГу” – мы блукаем па беларускім сеціве.

У сеціве зьявіўся новы рэсурс – інтэрнэт-газэта “Свабода”. Вось што пішуць аўтары сайту ў рэдакцыйным звароце да чытачоў: “Як толькі зьявіліся першадрукары – зьявіліся і цэнзары. Было вынайдзена радыё – паставілі “глушылкі”. 15 гадоў таму нарадзіўся Інтэрнэт. І адразу аўтарытарная ўлада пачала шукаць управу на яго. Пішуць, што ўрад РБ нядаўна закупіў у Кітаі “машыны для аўтаматычнай апрацоўкі” (ажно на 20 мільёнаў даляраў), каб кантраляваць сеціва і не дапускаць зьяўленьня ў ім словаў кшталту “Свабода”. Але ўсе гэтыя вынаходнікі забываюць, што свабода існуе ня ў тэкстах і не ў тэхнічных прыладах, а ў нашых з вамі галовах. Чым больш людзей будзе думаць і адчуваць сябе вольнымі, тым меней шанцаў у начальства нешта забараніць”.

Аляксандар Фядута ў сваім пэрсанальным блогу на сайце “Жывы журнал” адгукнуўся на навіну пра тое, што Мікола Статкевіч будзе цяпер адбываць пакараньне ў вёсцы Блонь Пухавіцкага раёну й працаваць там на племянным заводзе. З гэтай нагоды спадар Фядута апавядае показку. “У 1990 годзе ішло масавае вылучэньне кандыдатаў ад камсамолу ў дэпутаты ўсіх ўзроўняў. І зь імі былі арганізаваныя перадачы ў наўпроставым эфіры на абласным тэлебачаньні. Вяла гэтыя перадачы Эма Драбышэўская. На кожную з праграмаў давалася паўгадзіны эфіру: запаўняй як хочаш. Добра, калі кандыдат трапіўся гаваркі. А як не? На адной з праграмаў апынуўся нейкі хлопец-жывёлагадовец, які балятаваўся ў раённы савет. Засталося сем хвілінаў эфіру – катастрофа! Чым запаўняць? І тут вядучая, з уласьцівым ёй шармам, запыталася: “А ў чым сутнасьць вашай працы?” Хлопец ахвотна пачаў апавядаць... Толькі праз чатыры хвіліны Эма сьцяміла (дый толькі ўбачыўшы ўтаропленыя вочы рэжысэра, што сыгналізаваў ёй з зашклёнай рубкі!), што адбываецца нешта ня тое... Рэч у тым, што хлопец працаваў асемянатарам на сьвінафэрме й пачаў па-простаму апісваць працэдуру асемяненьня сьвінаматак... Трымайся, Мікола С.! Быць і табе дэпутатам райсавету!”

А вось пра што піша ў сваім блогу жыхарка Санкт-Пецярбургу й беларуска з нараджэньня aneta_spb, якая прыехала на гістарычную радзіму да сваякоў: “Пра Беларусь новую фішку даведалася. Выяўляецца, цяпер да гісторыяў хваробы лекары павінны на кожнага хворага запаўняць анкету пра схільнасьці... да суіцыду. Гэта называецца суіцыдальны анамнэз. Усе дзівяцца: усё ж глябальная мэдычная праблема й прычына сьмяротнасьці – сардэчна-сасудзістыя захворваньні, і было б разумна маніторыць менавіта з гэтага пункту гледжаньня. А ты бач – суіцыдальны анамнэз”.

Інфармацыйны партал studenty.by у пачатку новага навучальнага году зьмяшчае новую апытанку для наведнікаў: “Што значыць для цябе 1 верасьня?” Большасьць удзельнікаў галасаваньня ня вераць у тое, што 1 верасьня ўжо надышло, – такіх 34 адсоткі. Для 19 адсоткаў гэта чарговы працоўны дзень. “Жах! Зноўку на пары!” – адказваюць 18 адсоткаў апытаных. Яшчэ для некаторай колькасьці ўдзельнікаў 1 верасьня азначае доўгачаканую сустрэчу зь сябрамі, сьвята ці першае каханьне ў першай клясе…

На форумах парталу TUT.by ідзе дыскусія на тэму “Якія вуліцы я пераназваў бы?” Нехта UNTIFURER заўважае, што “ў Беларусі шмат вуліцаў, названых у гонар катаў, якія ў свой час пралілі мора крыві”, альбо людзей, якія ня маюць ніякага дачыненьня да Беларусі. “Што, у нас няма вялікіх людзей, у гонар якіх можна назваць вуліцы, ці мы шануем вылюдкаў, якія зьнішчалі людзей пачкамі, альбо падзеі, якія не прынесьлі нам нічога добрага?.. Мы фанаты Першамая, ці пралетарыяту, ці правадыра, якога выстаўляюць у маўзалеі ўжо як расейскую славутасьць?..” Удзельнікі форуму выказваюць на гэты конт розныя ідэі. Ёсьць там прапановы перайменаваць вуліцы Берута й Сьвярдлова, Шаранговіча й Жудро, праспэкт Дзяржынскага. Адзін з удзельнікаў лічыць, што Ракаўскі тракт гучыць лепей, чым вуліца Прытыцкага. Ёсьць і тыя, хто не вітае ідэі пераназваньня вуліцаў – кіроўцы таксовак звар’яцеюць.

* * * Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG