Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людвік Нарбут (7.9.1832, в. Шаўры (цяпер Воранаўскі раён) — 4.5.1863, в. Дубічы (цяпер у Літве))


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Ягоным бацькам быў славуты гісторык Тэадор Нарбут. Напэўна, якраз гісторыя, якую Цыцэрон назваў настаўніцаю жыцьця, і выхавала ў Людвіка патрыятызм і самаахвярнасьць.

Ужо ў васямнаццаць гадоў ён, вучань апошняе клясы Віленскай гімназіі, быў арыштаваны за спробу стварыць таемную антырасейскую арганізацыю з мэтаю вызвольнага паўстаньня. Справа зацікавіла самога Мікалая І. Рэзалюцыя цара, нездарма празванага Палкіным, была надзвычай жорсткаю: пакараць розгамі і аддаць у салдаты.

Юнака чакала 8-гадовая нясьцерпна цяжкая служба салдата-штрафніка. У лістах з Каўказу, дзе ваяваў полк Людвіка, ён прасіў прыслаць валошку ці каласок з родных палёў. Даслужыўшыся да званьня прапаршчыка, ён неадкладна скарыстаўся правам афіцэра на адстаўку і вярнуўся ў Беларусь.

Лёс падараваў яму шчасьце з маладой жонкаю Амэліяй. Але сямейная ідылія не магла здоўжыцца: у краі рыхтавалася паўстаньне...

Блізка знаёмы з Каліноўскім Людвік узначаліў інсургентаў у Лідзкім павеце. Аддзел Нарбута, аснову якога складалі сяляне, быў, бадай, самым баяздольным ува ўсёй Літве-Беларусі. Пасьля некалькіх перамогаў над расейскімі карнікамі паўстанцкія ўлады надалі Людвіку званьне палкоўніка, а генэрал-губэрнатар краю Назімаў прызначыў за ягоную галаву буйную грашовую ўзнагароду і кінуў супроць трох сотняў змагароў, узброеных косамі і паляўнічымі стрэльбамі, дзьве тысячы салдат і казакоў.

На пачатку траўня 1863-га ў Дубіцкім лесе над ракой Котраю Людвік, якога адзін з сучасьнікаў назваў “выразьнікам духу і гераізму эпохі”, уступіў у свой апошні бой. Праз год пасьля паўстаньня знакаміты беларускі мастак, італіец з паходжаньня Міхал Эльвіра Андрыёлі, які ваяваў пад камандаваньнем Людвіка, створыць свой вядомы графічны твор “Сьмерць Нарбута”. Існуе думка, што сярод паўстанцаў на карціне паказаны і Францішак Багушэвіч, які змагаўся у тым самым аддзеле.

Сёньня дзень нараджэньня Людвіка Нарбута.
XS
SM
MD
LG