Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радунь: “Убачыце: рак, што на нашым гербе, яшчэ сьвісьне!”


Віталь Сямашка, Радунь, Воранаўскі раён Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія” (эфір 29 жніўня).

Аповед пра гэтую вандроўку мушу пачаць з апошніх гадзін знаходжаньня ў Радуні – амаль чатырохтысячным мястэчку на Гарадзеншчыне, за 8 кілямэтраў ад беларуска-літоўскай мяжы. Тое, што я ўбачыў непадалёк ад селішча, выглядала жахліва. Пасьля ўжо адмыслоўцы прызнаюць: ад такой дзейнасьці чалавека тутэйшым мясьцінам пагражае маштабная экалягічная катастрофа, прычым з абодвух бакоў мяжы. Празь некалькі дзён пасьля першай інфармацыі на Радыё Свабода гэтую сытуацыю “прынялі да ведама” й будуць сачыць за ёй у МЗС Літвы, пра што нам паведаміла ўжо амбасада суседняй дзяржавы.

Пакуль жа я ўключыў мікрафон за некалькі соцень мэтраў ад жывёлагадоўчага комплексу “Ківанцы” СВК “Доцішкі”. Перада мной – нават не прысыпаныя зямлёй дзясяткі трупаў здохлых сьвіней. Радунскі пэнсіянэр Юзаф Кірвель, які выпадкова наткнуўся на скотамагільнік, цьвердзіць: “Але ж ён – ня першы”.



(Кірвель: ) “І гэта з году ў год! І гэта ня толькі тут. Каля Радуні прыватныя прадпрымальнікі вантробы выкідаюць у лес. Можа здарыцца эпідэмія ня толькі ў пасёлку, але і ў навакольных вёсках. Санітарна-эпідэміялягічная служба нічога ня робіць у гэтым кірунку”.

Галоўны доктар Радунскай вэтэрынарнай лякарні Леанід Адамоніс нібыта ўражаны маім аповедам.

(Адамоніс: ) “Ай-яй-яй, я ня ведаў, што там творыцца. Паводле заканадаўства, яны павінны быць ад населеных пунктаў, дарог дзесьці на паўкілямэтра й ня менш чым на 2 мэтры ў глыбіню. Мусіць быць дах, зачыняцца на замок – каб людзі ня лазілі. Канечне, можа любая інфэкцыя разьвівацца, калі непрыкрытыя трупы…”

Калісьці ў Радуні была ўласная разьніца, але... Ізноў кажа Леанід Адамоніс:

(Адамоніс: ) “Яны ліцэнзіі не атрымалі, бо няма грошай, каб выконваць усе гэтыя ДАСТы. Былі б разьніцы, ня супраць людзі былі б і заплаціць...”

Ужо зь Менску тэлефанаваньнем вырываю з адпачынку Станіслава Жука – старшыню пасялковага савету. Але той адразу пераходзіць у адміністрацыйны наступ:

(Жук: ) “Дзе вы такое бачылі?! А пры чым тут я да комплексу “Ківанцы”? Там другі сельсавет, другая гаспадарка...”

(Карэспандэнт: ) “Вы ж усё-ткі мэр Радуні. А гэта ў вас пад бокам. Хіба вас гэта не хвалюе?”

(Жук: ) “Сёньня там быў: ніякага паху няма. Я нічога такога ня бачыў, ні адзін чалавек не падышоў, не сказаў. Тым больш другое месца ў рэспубліцы комплекс трымае”…

Ізноў мой мікрафон на Ківанцах. 30-гадовы Станіслаў 10 гадоў пасьвіць калгасны статак літаральна на трупах. Пытаюся: “Увесь час даводзіцца дыхаць смуродам?”

(Станіслаў: ) “Ясна, нюхаю. А куды падзецца?! Малака я ня п’ю. Вунь жыжка ў ямінах – напоўніцу...”

А вось запіс, зроблены на дзень раней, у прысутнасьці наведнікаў тамтэйшага кірмашу, што, між іншым, месьціцца за некалькі дзясяткаў мэтраў ад будынку мясцовай адміністрацыі.

(Спадар: ) “Вакол Радуні – вантробаў на дзясяткі кілямэтраў. Улада цудоўна ўсё ведае, за грошы даведкі на продаж робяць...”

Радунскія вэтэрынары вусна папрасілі да гэтага эфіру яшчэ раз даць ім выказацца: маўляў, пра зробленыя захады. Што ж, напярэдадні гутарыў з намесьнікам галоўнага доктара вэтэрынарнай клінікі Алеізам Валынцом.

(Валынец: ) “Цалкам навялі парадак. Выяжджала камісія на Ківанцы й дамовіліся, што на Лідзкі ўтыльзавод будуць забіраць усе гэтыя вантробы. Усе скотамагільнікі засыпаныя – і па ўсім...”

Усе – ды ня ўсе. Яшчэ адно тэлефанаваньне ў Радунь.

(Хаміцкі: ) “Нічога не чуваць, нічога не зьмянілася. Сьвінчо як вазілі прычэпамі па Радуні, так і возяць – ясна, што кудысьці вантробы вывозяць. У Радуні шмат бізнэсмэнаў гэтым займаецца”.

Гэтак сказаў 48-гадовы Валеры Хаміцкі, электрык з спэцыяльнасьці. Урыўкі зь ягонай вершаванай палітычнай сатыры пад назовам “Прэлюд да шаленства” сталі падставай закрыцьця радунскай незалежнай газэты “Мястэчка”. У Радуні мы сустрэліся зь ім на кірмашы.

(Хаміцкі: ) “Лаўкі ніводнай няма ў цэнтры, прыбіральні. Са слоў старшыні пассавету Жука, 500 тысяч даляраў укладзена ў цэнтральную дарогу – па праграме “Аграгарадок”. У нас была добрая дарога. Адзінае: не было клюмбаў. Дарогу пашырылі, зрабілі клюмбы “на паказуху”. А ўбок на любую іншую вуліцу, дык гразь па калена. Гэтых жа грошай хапіла б на ўсю Радунь, яшчэ й бардзюры пазалацілі б...”

Апускаюцца рукі ў 43-гадовага Валер’я Бучынскага, які марыць адкрыць уласную краму. Але ягоныя хаджэньні па інстанцыях падобныя да блуканьняў праз пакуты, разважае сам Бучынскі.

(Бучынскі: ) “Каб узяць зямельны ўчастак пад краму, трэба зарэгістравацца прыватным прадпрымальнікам, стаць на ўлік у пэнсійны фонд і падатковую інспэкцыю. З гэтага моманту мне трэба плаціць грошы, хоць я і не працую, і крамы няма. “Гроднагіпразем” дакумэнты рабіў год. А плаціць з чаго – чорт ведае. У дзяржавы больш жорсткія патрабаваньні да прадпрымальнікаў, чым да дзяржкрамаў – абавязкова патрэбныя каналізацыя й водаправод. Відаць, як да “вашывых блох” адносяцца...”

Мяне папрасілі зайсьці да 92-гадовага Ўладзіслава Сальдзюна. Уладзіслаў Станіслававіч – інвалід першай групы, вэтэран другой усясьветнай – паказвае паперу з подпісам намесьніка старшыні Воранаўскага райвыканкаму Маліка з абяцаньнем правесьці каналізацыю й водаправод да 9-га траўня сёлета. У вачох старога сьлёзы.

(Сальдзюн: ) “Трэба мне вада! Яны ня ведаюць, якія фокусы выкінуць. Дзесьці побач трубу правялі, а да мяне ня хочуць. На кухні паставілі кран – і канец. З начальства нікога не было. Уладзе ня веру: адны абяцаньні, а сэнсу няма!”

*** У Радуні найбольшая ў краіне колькасьць насельнікаў польскай нацыянальнасьці – да 90 адсоткаў. Таму асноўны выбухны канфлікт – як і ўнутры калісьці адзінага Саюзу палякаў Беларусі – паміж прыхільнікамі Анжалікі Борыс і так званага афіцыйнага саюзу. Увогуле, тутэйшая яго філія ўзьнікла 18 гадоў таму як польскае культурна-асьветнае таварыства імя Міцкевіча. Апошнія 8 гадоў узначальваў яе памянёны Юзаф Кірвель, якога тут з павагай называюць “пане генэрале”. Але “генэрал”, захаваўшы за сабой дзьве трэці сяброў, яўна страціў, так бы мовіць, стратэгічныя пазыцыі. Няма зь мінулага году літаральна выпеставанай польскай клясы, страчана памяшканьне для супольных рэпэтыцыяў сарака харыстаў зь дзьвюх ансамбляў – “Пшыяцюлкі” ды “Радунскіх гвяздкаў”. Відаць непрыхаваная варожасьць паміж радунцамі, падзел на кланы. Улада сьвядома вынішчае пальшчыну, упэўнены спадар Кірвель.



(Кірвель: ) “Роля ўлады была адхіліць мяне ад усялякага кіраўніцтва й раскласьці арганізацыю знутры, рукамі саміх палякаў, чаго й дабіліся. Курыравала ўсе меншасьці былы намесьнік райвыканкаму Турчынская Галіна Аляксандраўна. Яна гаварыла: “Каб ня я, тут апалячылі б”. Падгаварылі бацькоў, што дзецям з клясы дрэнна будзе здаць расейскую ці беларускую мову. Орпік пайшоў з працы, затым мусіў эміграваць у Польшчу – быў загадчыкам РАНА, старшынём раённай філіі Саюзу палякаў. У Забалаці Пётра Кузьміч – прыехаў зь Літвы, народ абраў яго старшынём. Безь яго прыгналі з навакольных калгасаў канторскіх, мэдычных работнікаў, прыехаў старшыня райвыканкаму – і Кузьміча ня выбралі. Выбралі настаўніка, які нават размаўляць па-польску ня ўмее”.

(Карэспандэнт: ) “Адваротны бок мэдаля – палітызацыя польскай меншасьці?”

(Кірвель: ) “Хіба што так...”

Між іншым, Юзаф Кірвель узначальваў Радунскі перадвыбарчы штаб Аляксандра Мілінкевіча. Тым часам тамтэйшая кіраўніца так званага афіцыйнага Саюзу палякаў Хэлена Жэздрын лічыць, што польскі кансулят у Горадні фактычна абвясьціў іхнай арганізацыі байкот. Я сустрэўся й зь ёй.



(Жэздрын: ) “Нам у Польшчу дарога закрытая. Мне консул Дамброўскі паставіў пячатку аб нявыезьдзе – бяз тэрмінаў. І яшчэ мужу”.

(Карэспандэнт: ) “Пані Хэлена, а як Вы самі тлумачыце дзеяньні польскага кансуляту?”

(Жэздрын: ) “Там людзі маюць свае сымпатыі. Кажуць: ваша арганізацыя падтрымлівае Лукашэнку, а Борыс – апазыцыйная...”

Аднак з кім ні гаварыў, усе радунцы вельмі ганарацца сваім краем, дзе ў Х –ХI стагодзьдзях заснавалася мястэчка Радунь – самабытны прытулак эўрапейскай цывілізацыі й культуры. Гаворыць дырэктар краязнаўчага музэю Іван Фісенка, што выкладае ў школе заснаваны ім жа факультатыўны курс “воранавазнаўства”:

(Фісенка: ) “У раньнім сярэднявеччы пражывалі ўсходнія балты-аўкштайты, заходнія балты-яцьвягі, ці дайнова, таксама выхадцы з прускай правінцыі – барцяне. За князем Вітаўтам былі паселены татары. Першая мячэць на землях Беларусі й Літвы – Некрашунская, збудаваная ў 1413 годзе пасьля Грунвальдзкай бітвы. У часы Вітаўта зьявіліся й габрэі, якіх мясцовыя заўжды называлі жыдамі.

Беларуская мова была сродкам зносін. Калі ў жылах зьмешваецца кроў прадстаўнікоў розных народаў, нараджаюцца дужыя, разумныя людзі. Радунь мела Магдэбурскае права. Край радунскі – край вальналюбных людзей. Гэта паўстанцы 1830 – 1831, 1861 гадоў. Тут засталася шляхта й іхныя дзеці.

Па-другое, памежнае мястэчка паміж Польшчай і Літвой. Людзі ўвесь час езьдзяць у Заходнюю Эўропу, параўноўваюць. І як бы цяжка ні было, у радунцаў хопіць векапомнай моцы, каб адрадзіцца. Пра гэта ж сьведчыць старажытны герб Радуні – на срэбным полі чырвоны рак. Колер срэбра – колер адраджэньня. Рак ня можа жыць у бруднай вадзе – сымбаль адраджэньня. Паверце, яшчэ радунскі рак сьвісьне!”

XS
SM
MD
LG