Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Шаноўная “Свабода”, не падпускайце сюды размовы беларускіх і маскоўскіх уладаў наконт рэфэрэндуму, бо гэта для нас усіх пагібель”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за чацьвер, 7 верасьня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Віктар Туравец, Францыя: ) “Прывітаньне, “Свабода”! Вельмі хочацца праз вас выказаць вялікую ўдзячнасьць Сяргею Навумчыку за яго кнігу “Сем гадоў адраджэньня”. Праўдзівае слова, праўдзівая гісторыя заўсёды былі той каштоўнасьцю, якая перамагала зло, тым больш цяпер гэта так патрэбна нашаму грамадзтву.

Беларусы, чытайце гэтую кнігу! У наш час гэта магчыма праз Інтэрнэт. Перакананы, што і бальшыня сьвядомых беларусаў ня ведае гэтай праўды. Чытайце, і вы даведаецеся пра недаравальныя памылкі некаторых лідэраў, пра іх дзеяньні, якія былі на мяжы нацыянальнай здрады. Вы даведаецеся прарочыя словы Быкава, Вы адчуеце вялікую несправядлівасьць у адносінах да сапраўдных сыноў Беларусі. Гэтая кніга вельмі патрэбная беларусам, каб не адбывалася ў нас “як заўсёды”. І я маю прапанову да “Свабоды”: калі ласка, чытайце гэтую кнігу ў эфіры для беларусаў. Данясеньне праўды – гэта ж вашая справа! Яшчэ раз дзякуй Вам, Сяргей, здароўя Вам, і заставайцеся заўсёды такім, які Вы ёсьць”.

(Мікалай Чыбісаў, вёска Казлоўшчына Дзятлаўскага раёну: ) “Дзень добры, Радыё Свабода! Калі б была магчымасьць працаўладкавацца ў Эўразьвязе, то гэта быў бы крах рэжыму Лукашэнкі. Пакуль што такой магчымасьці не існуе”.

(Спадар: ) “Я выказваю такое меркаваньне, што на прэзыдэнцкіх выбарах (і пра гэта ведаюць усе гэтыя спадары-дэмакраты, АБСЭ) перамог Лукашэнка. А Мілінкевіч свае галасы пагубіў у Эўропе, у Парыжы, у Брусэлі. І няма чаго дэбошы рабіць, людзям “мазгі кампасіраваць”. А калі ён завінаваціўся Эўропе, няхай зьбірае чамаданы свае і адпрацоўвае там, калі для яго знойдзецца праца. Таму што ён завінаваціўся, а нашымі заводамі будзе цяпер разьлічвацца: прадаць хочуць Беларусь... Вось што я хачу сказаць”.

(Віталь, Гомель: ) “Прывітаньне, Радыё Свабода. Хачу расказаць Вам такую гісторыю.

Прабыў я сёньня амаль увесь дзень у лягеры зьняволеных, але не людзей, а жывёлін. Карацей, так атрымалася, што ўчора ў нашым двары адлоўліваў катоў Гомельскі кіналягічны цэнтар. А нашыя каты выходзяць днём на прагулянку, а на ноч вяртаюцца дахаты. Нашых катоў злавілі і не хацелі нам аддаваць. У нас былі тры каты. Дык аднаго нам неяк аддалі, а астатніх яны забіваюць токам, а потым спальваюць. Дык што ж гэта за стаўленьне да жывёлін?! Тое, як людзі ставяцца да жывёлін, пазьней пераходзіць на стаўленьне да людзей... Хіба можна так зьдзекавацца з жывёлін?

Парайце, калі ласка, як можна вырашыць гэтую праблему найбліжэйшым часам. Калі і надалей будуць паўтарацца гэтыя адловы маіх катоў, то ці маю я права ў нейкіх інстанцыях, напрыклад, у судзе патрабаваць пакрыцьця нанесенай мне шкоды? Крыўдна, што маіх катоў забіраюць, а потым зь мяне ж патрабуюць выкупу. Гэта як тэрарысты, што крадуць людзей, а потым патрабуюць выкупу. Я ў такой сытуацыі пабыў, аж сэрца калацілася. Такое адчуваньне, што калі будуць забіваць кацяня, дык і ў мяне сэрца ня вытрымае... Я таксама застануся зь імі, і мяне таксама кінуць, каб спаліць. Адкажыце, калі ласка, на маё пытаньне, як не дапусьціць такога жорсткага абыходжаньня з жывёлінамі... Я зразумеў бы, калі б каты былі вельмі хворыя, а то ж здаровыя свойскія коцікі...

Я яшчэ хацеў сказаць, што, калі служба гэтая прыяжджала, гэтыя агрэсіўныя людзі за катамі, мы былі на працы, а жанчына-суседка ім крычала, каб ня бралі гэтых катоў, бо яны свойскія, а тыя нічога не адказалі. А калі там бабулька старэнькая стаяла, дыхала сьвежым паветрам, яна ня можа пабегчы, у яе хворыя ногі, яна ім крычала: “Не чапайце гэтых катоў, яны свойскія!” Дык яны ёй наагул адказалі: “Заткніся, старая, а то яшчэ й цябе забярэм!” Што гэта за лютыя адносіны да людзей і жывёлін?! Я проста ў шоку пасьля гэтай гісторыі, гэтай сытуацыі, у якой я апынуўся...”

(Аляксандар Яцкевіч, Віцебск: ) “Добры вечар, Радыё Свабода. Хачу адказаць на пытаньне тыдня. Я б зь вялікім задавальненьнем куды-небудзь зьезьдзіў у другую краіну і папрацаваў бы. Можа б, і згадзіўся. Усё-такі на дзьвюх мовах пішу вершы, ёсьць сатыра, магу маляваць, ёсьць у мяне нейкія працы, пішу музыку. Мне здаецца, я б недзе быў даспадобы. І людзі мною былі б задаволеныя, і я б сябе крыху матэрыяльна падтрымаў. Вялікі дзякуй”.

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Я хачу вас папрасіць. Шаноўная “Свабода”, не падпускайце сюды размовы беларускіх і маскоўскіх уладаў наконт рэфэрэндуму, бо гэта для нас усіх пагібель. Гэта страшна нават падумаць. Будзе так, як былі выбары. Яны: “Выберам, выберам...” Прымусілі людзей падпісацца, людзі падпісаліся на працы, як вы ведаеце. Тое ж будзе і з рэфэрэндумам. Мы ня хочам Расеі, мы ня хочам. Нават не дапускайце і размоваў аб рэфэрэндуме. Дзякую за ўвагу”.

(Уладзімер: ) “Я хацеў бы выказаць меркаваньне адносна таго, удзельнічаць ці ня ўдзельнічаць апазыцыйным структурам у выбарах у мясцовыя саветы. Трэба пачаць з таго, што фактычна ніякіх выбараў ня будзе. Па-другое, гэтыя саветы цяпер нічога не вырашаюць. Калі ўжо сельскія саветы называюць “сельскімі выканкамамі”, то пра што можа ісьці гаворка? І іншыя моманты таксам трэба ўлічваць. Мясцовыя апазыцыйныя структуры нават у Менску, дый у іншых гарадах, вельмі кволыя. Таму мне незразумела, хто будзе зьбіраць тыя 500 подпісаў для меркаваных дэлегатаў будучага кангрэсу. Дарэчы, а чаму вымысьлілі менавіта 500 подпісаў, а можа ім трэба сабраць 5000 подпісаў? Таксама абыход кватэр ад дзьвярэй да дзьвярэй даволі неэфэктыўны. Калі яшчэ падчас прэзыдэнцкіх выбараў існуе рэальная палярызацыя, то ў мясцовых выбарах будуць удзельнічаць тыя актывісты, якіх мала хто ведае, нават у сваім раёне. І будуць не дазваляць сустрэчы, праводзіць рэпрэсіі і гэтак далей. Ва ўмовах, калі ў Беларусі засталіся лічаныя сродкі масавай інфармацыі незалежныя (ды нават і яны ня могуць друкаваць таго, што яны хочуць), удзел у мясцовых выбарах канчаткова расьцярушыць мясцовыя апазыцыйныя структуры. Таму я катэгарычна супраць удзелу ў гэтай кампаніі мясцовых выбараў. Гэта падобна да таго, як няўзброеных людзей кінуць у бой супраць добра ўзброенага праціўніка, і вынік тут будзе адназначны”.

(Ларыса, Менск: ) “Хачу выказаць сваё меркаваньне наконт таго, хто хоча і можа ехаць за мяжу. У маім асяродзьдзі шмат знаёмых і родных ужо за мяжой. Я цяпер зьбіраю грошы, каб паехаць і сваім вачыма паглядзець на гэтае замежжа. Адны ўладкаваліся вельмі добра. Тыя, што цяпер у Канадзе, добра ведалі ангельскую мову, дый спэцыяльнасьць маюць адпаведную. А калі ня ведаеш мовы, там рабіць няма чаго...

Гэтыя студэнты, якія цяпер выключаныя з ВНУ і атрымліваюць прафэсію, ніколі ня вернуцца на Бацькаўшчыну, прынамсі большасьць зь іх. Па іх сьлядох пойдуць і іншыя. Гэта ўжо адчуваецца па адказах некаторых студэнтаў. Наш урад вядзе такую палітыку, звальняючы з ВНУ і наогул з працы з палітычных матываў. Гэта недальнабачная палітыка. А на заканчэньне магу сказаць, што на Бацькаўшчыне ёсьць шырокае поле дзейнасьці. І яшчэ: дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Ці вось яшчэ адна прыказка: працуй пільна, і тут будзе Вільня”.
XS
SM
MD
LG