Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск падтрымаў ядзерную праграму Тэгерану


Валер Каліноўскі, Менск Міністры замежных справаў Беларусі і Ірану сёньня заявілі пра супольную пазыцыю дзьвюх краін што да шэрагу міжнародных праблем, у тым ліку сытуацыі вакол іранскай ядзернай праграмы. Заявы прагучалі падчас візыту міністра замежных справаў Ірану Манучэхра Матакі ў Менск. Іранскі госьць сёньня сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам, кіраўніком Палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Канаплёвым і міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым.

Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Ірану Манучэхр Матакі запрасіў свайго беларускага калегу Сяргея Мартынава ў Тэгеран і пераказаў запрашэньне іранскага прэзыдэнта Махмуда Ахмадзінэжада Аляксандру Лукашэнку наведаць з афіцыйным візытам Іран. Апрача таго, было абвешчана, што лідэры Ірану і Беларусі сустрэнуцца ўжо ў блізкім часе ў ходзе саміту Руху недалучэньня ў Гаване. Манучэхр Матакі падзякаваў беларускім ўладам за падтрымку ў міжнароднай спрэчцы адносна супярэчлівай ядзернай праграмы Ірану. Міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў гэтую пазыцыю акрэсьліў так:

(Мартынаў: ) “Іран мае поўнае права на любую мірную ядзерную дзейнасьць у адпаведнасьці з палажэньнямі і абавязаньнямі Дамовы аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі. У нас няма падставаў сумнявацца ў мірным характары ядзернай праграмы Ірану”.

Мартынаў таксама зазначыў, што ўсялякія санкцыі супраць Ірану будуць мець адмоўныя наступствы. Прадстаўнік Ірану запэўніў у мірным характары іранскай ядзернай праграмы, зазначыўшы, што Тэгеран гатовы да працягу перамоваў з прадстаўнікамі Эўразьвязу. Пры гэтым Матакі нэгатыўна ацаніў пазыцыю ЗША і Вялікай Брытаніі у гэтай спрэчцы. Прапановы ЗША аб санкцыях супраць Ірану ён назваў незаконнымі.

(Матакі: ) “Ядзерная дзяржава, якая выкарыстала атамную зброю ў Нагасакі і Хірасіме, ня мае права патрабаваць, каб іншыя дзяржавы не валодалі хаця б ядзернымі тэхналёгіямі. Амэрыканцы павінны ўпэўніцца, што мова пагрозаў у сучасным сьвеце ня дзейнічае”.

Гаворачы пра беларуска-іранскія эканамічныя дачыненьні, Манучэхр Матакі заявіў пра пляны ўзьняць двухбаковы таваразварот прыблізна ў 10 разоў – да паўмільёна даляраў ЗША.
XS
SM
MD
LG