Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Траціна ўраджаю бульбы ператворыцца ў адкіды?


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускай незалежнай прэсы за 7 жніўня

У Берасьці днямі прайшоў суд над забойцам 48-гадовай жанчыны і дзьвюх ейных маленькіх унучак, паведамляе газэта “Вечерний Брест”. Забойства адбылося 19 лістапада мінулага году. 24-гадовы жыхар Берасьця Дзьмітры Козак раней прыцягваўся да адказнасьці за хуліганства й крадзеж. Сваю суседку ён забіў у выніку сваркі, а ейных унучак – як сьведак злачынства. Дзьмітры Козак асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне.

“Газета Слонимская” паведамляе пра сустрэчу выбарнікаў з дэпутатам Слонімскага раённага савету Іванам Шэгам. Жыхары Слоніму паскардзіліся свайму дэпутату на некаторыя праблемы. Апавядае журналіст Мікола Канановіч.

(Канановіч: ) “Выбарнікаў цікавіла, калі ў Слоніме будзе чыстая ды якасная вада, калі пабудуюць у горадзе станцыю абезжалезваньня вады, ці зьявіцца на вакзале аптэка. Але найбольш пытаньні тычыліся добраўпарадкаваньня вуліц і прыпынкаў гораду. Напрыклад, на вуліцы Леашэні адсутнічаюць ходнікі, а кусты растуць пра самай дарозе, ствараючы пагрозу для пешаходаў трапіць пад колы аўтатранспарту. Незаасфальтаваны і не асьвятляецца чыгуначны прыпынак “Фабрычны”, незаасфальтаваная вуліца Баравая, патрабуе рамонту дарожнае пакрыцьцё на вуліцы Леашэні, і шэраг іншых праблемаў”.

У вёсках сёлета добры ўраджай капусты, агуркоў і яблыкаў, але садавіну й гародніну з прыватных падворкаў даводзіцца выкідваць на сьмецьце. Пра гэта піша газэта “Борисовские новости”. Здаваць садавіну й гародніну на дзяржаўныя нарыхтоўчыя й перапрацоўчыя прадпрыемствы для насельніцтва нявыгадна: на ўраджай патрабуюць даведку й прымаюць яго па кошце нашмат ніжэйшым за рынкавы. Часам грошы, якія даюць за яблыкі ці капусту, не пакрываюць нават выдаткаў на дастаўку.

“Камсамолка” таксама закранае тэму ўраджаю. “Бульбашы застануцца бяз бульбы?” – так называецца артыкул са сьвежага нумару газэты. Згодна з прагнозамі спэцыялістаў, траціна ўраджаю бульбы сёлета можа ператварыцца ў адкіды. Спачатку па крохкіх расьлінах ударыла трыццаціградусная сьпёка, а потым на саслабелую бульбу абрынуліся залевы. Бульба, сабраная ў гэтым сэзоне, можа кепска захоўвацца. Таму спэцыялісты рэкамэндуюць не набываць яе ў першай палове верасьня, а пачакаць да канца месяца, калі будзе зразумела, добрая бульба, ці хворая.
XS
SM
MD
LG