Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<b/>Статкевіч уладкоўваецца на новым месцы ў Блоні (фота)


Любоў Лунёва, Блонь-Менск Мікола Статкевіч, які адбывае пакараньне на “хіміі” за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў супраць фальшаваньня вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 году, ад сёньняшняга дня мусіць працаваць на племянным заводзе ў вёсцы Блонь.

Днямі палітыка перавялі з баранавіцкай спэцкамэндатуры спачатку ў вёску Сітнікі, а цяпер у вёску Блонь Пухавіцкага раёну. Кіраўніцтва камэндатуры патлумачыла апазыцыянэру, што перавялі яго на распараджэньне пракуратуры — паводле заканадаўства, адбываць пакараньне трэба ў рэгіёне, дзе прапісаны асуджаны.

Кіраўнік камэндатуры паведаміў Статкевічу, што працаваць ён будзе на племянным заводзе сьлесарам рамонту сельгастэхнікі. Адміністрацыя лічыць, што гэтая праца адпавядае спэцыяльнасьці палітыка, падпалкоўніка ракетных войскаў у адстаўцы. Жыць апазыцыянэр павінны выключна ў інтэрнаце спэцкамэндатуры. На тэрыторыі інтэрнату захавалася шыльдачка “Аздараўленчы лягер “Надзея”. У інтэрнатаўскім калідоры — плякат для дзяцей, які заклікае не паліць вогнішчаў, а таксама не хапаць рукамі электрадраты на зямлі.

Міколу Статкевіча наведалі паплечнікі з дэмакратычнага руху Аляксандар Мілінкевіч, Віктар Івашкевіч, Аляксандар Арастовіч і Аляксей Янукевіч у той момант, калі ён засяляўся ў новае памяшканьне. Ім дазволілі паразмаўляць зь Міколам і агледзець яго новы пакой. У аднапавярховым інтэрнаце жывуць васьмёра “хімікаў”. У сталоўцы харчуюцца мэханізатары. Саўгас аплачвае палову кошту за ежу. “Хімікі” могуць таксама харчавацца ў сталоўцы, але за поўны кошт, які ў іх вылічваюць з заробку.

Мікола Статкевіч лічыць, што ягоны перавод на новае месца можа адцягнуць перспэктыву выхаду на волю на няпэўны тэрмін.

(Статкевіч: ) “Я думаю, мяне перавялі сюды, бо ў Баранавічах не ўдаліся гэтыя правакацыі. Згодна зь некаторымі зьвесткамі, баранавіцкая міліцыя і камэндатура, дзе я знаходзіўся, адмовіліся, як яны кажуць, “заниматься беспределом”, адмовіліся ў гэтым удзельнічаць. Нягледзячы на ўсе гэтыя шпрыцы, спробы арганізаваць бойку, алькаголікам выставіць, ці яшчэ як… Таму й перавялі сюды, дзе людзі мяне мала ведаюць, дзе ёсьць свой родны КДБ, зь Менску можна дапамагчы тэхнічна і дзе ўрэшце ёсьць гэтая самая брыгада спэцназу, дзе можна знайсьці выканаўцаў. Я лічу, што мяне перавялі сюды, каб была потым нагода замяніць абмежаваньне волі на пазбаўленьне”.

Адрозна ад баранавіцкай камэндатуры, інтэрнат у вёсцы Блонь ня мае дзяжурнай часткі й аховы. Акрамя пэрсаналу — вахтаркі, прыбіральшчыцы, кастэлянкі, кухаркі — нікога няма. Мікола Статкевіч лічыць, што гэта можа паспрыяць магчымым правакацыям.

Шыльда на будынку племзаводу

Мікола Статкевіч і Аляксандр Мілінкевіч

Мікола Статкевіч у сваім пакоі ў інтэрнаце

Плякат на сьцяне дзеля выхаваньня "хімікаў"

Сталоўка
XS
SM
MD
LG