Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іна Кулей: Рэпрэсаваныя беларусы ўладкоўваюцца на працу


Радыё Свабода Камітэт дзеля абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць” рыхтуецца працаўладкаваць у Польшчы 65 грамадзянаў Беларусі, якія былі рэпрэсаваныя падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Значна дапамог у рэалізацыі гэтага праекту былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч.

Працаваць на будоўлю ў Польшчы паедуць грамадзяне, пазбаўленыя працы з палітычных матываў. Гэта прадстаўнікі ўсіх абласьцей Беларусі й найперш тыя, хто мае досьвед у будаўнічых спэцыяльнасьцях. Паводле кіраўнічкі камітэту “Салідарнасьць” Іны Кулей, сьпісы перададзеныя ў будаўнічую фірму напачатку жніўня.

(Кулей: ) “Галоўная затрымка была ў тым, што для забесьпячэньня легальнай працы патрэбны быў дазвол ад міністэрства працы Польшчы. Таму што кіраўніку будаўнічай фірмы трэба было б для кожнага вырабляць у асобным ваяводзтве спэцыяльныя дакумэнты. І таму гэта проста ішло сьпісам. Прэцэдэнтаў раней для забесьпячэньня легальнай працы беларусаў не было. На мінулым тыдні якраз вырашылася пытаньне менавіта наконт Беларусі — атрымалі згоду, і гэтая група людзей будзе працаваць легальна”.

Пасьля атрыманьня працоўных візаў цягам гэтага месяца беларусы накіруюцца на працу ў Польшчу. Кожны з удзельнікаў праекту дапамогі пройдзе выпрабавальны тэрмін тры месяцы. Калі будзе такая патрэба і жаданьне, рэпрэсаваныя змогуць прадоўжыць працу.

(Кулей: ) “Гэта будаўнічая фірма, і праца будзе ў Варшаве і ля Варшавы ў Мазавецкім ваяводзтве, і заробак пакуль што абяцаны, вышэйшая столь — гэта 20 злотых на гадзіну (7 даляраў). Але з гэтых фінансаў яны павінны будуць самастойна плаціць за пражываньне, за мэдычную страхоўку і самастойна харчавацца”.

Згаданы сьпіс пададзены адмыслова для гэтай фірмы, але будзе магчымасьць дадаваць у яго ахвочых альбо замяняць, калі нехта захоча адмовіцца ад прапанаванай працы. Паводле спадарыні Кулей, заявы ад рэпрэсаваных паступаюць у камітэт — і на працаўладкаваньні ў польскай фірме гэты праект не завершыцца. Перамовы, між іншым, вядуцца зь Літвой й Ірляндыяй.

(Кулей: ) “Канечне, для іншых людзей мы таксама шукаем магчымасьці працы. У першую чаргу кажуць жанчыны, што яны засталіся дыскрымінаваныя, што для мужчынаў праца ёсьць, а жаночай працы няма. На жаль, пакуль што вось гэтай сэзоннай працы, як мы размаўлялі з рознымі амбасадамі, пакуль не змаглі даць. Таксама ўся затрымка вось у гэтым легальным статусе, які пакуль што як бы не забясьпечвалі краіны для нашых людзей. Але перамовы ідуць з кожнай краінай — і ў нас у краіне, з прадпрымальнікамі, якія маглі б працаўладкаваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG