Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзянская абарона


Вінцэсь Мудроў З пачаткам восені ня скончыўся наш Летні Альбом, у якім засталося яшчэ шмат неперагорнутых старонак. Таму на хвалях Свабоды аж да бабінага лета -- яшчэ месяц -- будзе гучаць праграма Вінцэся Мудрова пра рэчы дэфіцытныя калісьці і сьмешныя цяпер

У людзей майго пакаленьня грамадзянская абарона асацыюецца, перш ад усяго, з выцьвілымі плякатамі, што віселі ў фае інтэрнатаў. З тых заседжаных мухамі малявідлаў паўставала тэрмаядравая ідылія. Людзі ў адгазьніках сядзелі радком ў заваленых бітай цэглай бомбасховішчах і чыталі газэты. Паўзьверх адгазьнікаў у іх былі надзеты капелюшы з высокім верхам альбо кепуркі-васьміклінкі. Тым часам нейкія людзі, таксама ў адгазьніках, прабівалі ламамі дарогу ў сховішча. На іншым плякаце была намаляваная карова зь мяхом на пысе. Подпіс тлумачыў: “Свойскіх жывёлаў неабходна забясьпечыць торбамі-рэсьпіратарамі”. Яшчэ на адным грамадзянска-абаронным малявідле нейкі цёмны тыпус сыпаў у калодзеж белы парашок, а ягоны падзельнік выпускаў з валізы заражаную сьмяротнай хваробай жамяру.

Найбольш яскрава адбіліся ў памяці фільмы па грамадзянскай абароне, якія круцілі ў школе. У кінароліках быў дарэшты сапсаваны гук і цяжка было штосьці разабраць. Там увесь час паказвалі – як трэба рыхтавацца да эвакуацыі напярэдадні ядравага ўдару. Вось нейкая жанчына перакрывае ў кватэры газ, кладзе ў кішэнь дакумэнты, прыхоплівае невялічкую валізку і падаецца да выхадных дзьвярэй. Голас за кадрам грамападобна, з брэжнеўскай інтанацыяй камэнтуе: “Правільна!” Сьледам нейкі лысы мужчына нацублівае задам наперад капялюш, хапае аграмадную валізу, на плячо ўскідвае галоўку швейнай машынкі, падаецца да дзьвярэй, валіза расчыняецца і зь яе сыплюцца бублікі, кніжкі і яблыкі. Голас за кадрам крахтае: “Няправільна!” Наступныя кадры: гуж аўтамашынаў ГАЗ-51 вязе людзей у сьветлую далячынь.

Мы глядзелі на такія жарсьці з гіранічнай усьмешкай, і адно пытаньне не давала спакою: няўжо праклятушчыя імпэрыялісты будуць чакаць канца эвакуацыі і толькі тады кінуць атамную бомбу?

Пэўны час мой бацька завіхаўся на грамадзкіх пачатках пры гарадзкім штабе грамадзянскай абароны. Аднойчы нават паказаў нібыта сакрэтную мапу, на якой былі намаляваныя чырвоныя стрэлкі: плян эвакуацыі. Калі ж я пацікавіўся станам грамадзянскай абароны, ён махнуў рукой і незадаволена прабурчэў: “На ўвесь горад трыццаць адгазьнікаў, і тыя мышы пагрызьлі”. Якраз тым часам пайшла гуляць показка ў выглядзе пытаньня: што рабіць пры ядравым выбуху? Адказ: спавіцца ў прасьціну і павольна ісьці на могілкі. А чаму павольна? Каб не ствараць панікі.

Як засьведчыла Чарнобыльская катастрофа, грамадзянская абарона па сутнасьці сваёй была ўсяго толькі інстытутам працаўладкаваньня адстаўнікоў. “Ляцім засыпаць рэактар, а на доле людзі бульбу садзяць. Глядзяць з-пад рукі – што гэта там да вэрталёту прывязана?” – з жалем распавядаў мне адзін зь ліквідатараў. У Чарнобыльскім агні згарэла вера савецкіх людзей у тое, што іх нехта абароніць, і першымі там заняліся полымем плякаты грамадзянскай абароны.
XS
SM
MD
LG