Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БНФ будзе супрацоўнічаць з латвійскай партыяй “Новы час”


Валер Каліноўскі, Менск. Сёньня ў Рызе падпісаная дамова пра супрацоўніцтва паміж Партыяй БНФ і латвійскай партыяй “Новы час”, якая зьяўляецца спадкаемцам Народнага фронту Латвіі. Латвійская партыя выказала гатовасьць падтрымліваць намаганьні дзеля дэмакратызацыі і ўмацаваньня сувэрэнітэту Беларусі.

Як паведаміў “Свабодзе” прадстаўнік партыі “Новы час” Дыдзіс Шмітс, дамова мае ня толькі сымбалічны, але і практычны сэнс:

(Шмітс: ) “Мы будзем надаваць дапамогу тым людзям зь беларускай апазыцыі, якія пацярпелі ў рэпрэсіях. Гэтыя два дні ў Рызе мы канкрэтна размаўлялі, як гэтая дапамога можа выглядаць, і дамовіліся пра стварэньне фонду “Новага часу” для падтрымкі беларускай апазыцыі”.

Дамову пра супрацоўніцтва падпісалі лідэры партыяў Сандра Калніетэ і Вінцук Вячорка.

(Вячорка: ) “Латвія геапалітычна зацікаўленая ў тым, каб Беларусь была дэмакратычнай эўрапейскай краінай, і я не сумняваюся, што, скажам, канкрэтныя праграмы моладзевых абменаў, інфармацыйнай падтрымкі, салідарнасьці з нашымі пацярпелымі будуць мець практычны вынік”.

Цырымонія падпісаньня пагадненьня адбылася ў прысутнасьці былога прэм’ера Латвіі Эйнара Рэпшэ, кіраўніка групы сувязяў з дэмакратычнай Беларусьсю парлямэнту Латвіі Робэртса Юркіса, прадстаўніка Эўрапарлямэнту Алдзіса Кушкіса.
XS
SM
MD
LG