Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эміль Гаравец


Вінцэсь Мудроў З пачаткам восені ня скончыўся наш Летні Альбом, у якім засталося яшчэ шмат неперагорнутых старонак. Таму на хвалях Свабоды аж да бабінага лета -- яшчэ месяц -- будзе гучаць праграма Вінцэся Мудрова пра рэчы дэфіцытныя калісьці і сьмешныя цяпер

У сярэдзіне шасьцідзясятых, калі ідэалягічны кантэкст стаў паволі губляць ранейшыя дакладныя арыенціры, савецкая эстрада, таксама паволі, пачала вэстэрнізавацца. Дакладней, італізавацца. У этэры загучалі песенькі Сан-Рэма, пакладзеныя на нехлямяжыя расейскія тэксты. Сьпяваў іх, афарбоўваючы сьціплы побыт савецкіх слухачоў крозаю сьвяточнасьці, дагэтуль нікому невядомы Эміль Гаравец. Спачатку ён прасьпяваў гарэзьлівую “канцанету” “Люблю я макароны”, потым “Музыку” кампазытара Маскероні, нарэшце, пад скляпеньнямі канцэртных заляў залунала знакамітая “Катарына”.

-- “Ка-та-ри-ина, ну дела (-- Ну, дела, -- падпявалі Гараўцу саксафаністы аркестра, падхапіўшыся на ногі), -- ты пришла танцевать, но не в силах стоять совсем…”

У майго сябра была дома кружэлка з “Катарынай”, дык мы, гарэзы-пяціклясьнікі, сабраўшыся пасьля ўрокаў, кожнага разу яе круцілі. Пры гэтым гучнасьць рабілі на поўную шпулю, ды яшчэ дапамагалі саксафаністам, гарлаючы разам зь імі, апрача “Ну, дела”, яшчэ “Охо-хо”, “Брось, сними!”, а ў фінале яшчэ й “Ха-ха!” Пасьля дзясятай пракруткі прыходзіла стогадовая бабуля, якая жыла паверхам вышэй, паведамляла, што яе мучае страшэнны галаўны боль, і што заўтра яна пойдзе скардзіцца на нас участковаму.

На тле сёньняшняга электроннага-кампутарнага саўнду выканальніцкія навароты шасьцідзясятых выклікаюць усьмешку. Між тым у Гараўца было тое, чаго няма ў навачасных сьпевакоў. У яго быў голас. Лёгкі і рухавы тэнар, зь якім ня сорамна было зьявіцца нават на сцэне мілянскай “Ла Скалы”. Гаравец прынцыпова не сьпяваў песень пра партыю і камсамол, ды яшчэ не забыўся, як іншыя ягоныя супляменьнікі, на свае нацыянальныя карані, і пэўны час гастраляваў па краіне з праграмай габрэйскіх народных песень. Праграму гэтую неўзабаве прычынілі. За брэжнеўскім часам на сцэне, як паказьнік росквіту нацыянальнай палітыкі, у кожным канцэрце дэманстраваліся песьні і танцы народаў СССР. Тым часам габрэйскія песьні і танцы былі пад забаронай. Такія паводзіны сьпевака не засталіся без увагі кампэтэнтных органаў, і ў 1972 годзе Эміль Гаравец вымушаны быў эміграваць. Напярэдадні ад’езду ён пабываў з канцэртамі ў Беларусі і выступаў у маім Наваполацку.

На Захад тады падаліся многія майстры савецкай эстрады: Мондрус, Татлян, Мулерман, Вядзішчава, Бржэўская. Запісы з іхнымі галасамі размагніцілі, і больш пра тых майстроў ня згадвалі. А вось Гараўца згадвалі як СМІ, так і ідэалягічныя работнікі. Яны, у прыватнасьці, сьцьвярджалі, што Гаравец, седзячы ў Амэрыцы, кроіць скуры ў нейкай саматужнай майстэрні. Насамрэч той па-ранейшаму сьпяваў і ўадначас працаваў на радыё. Памёр сьпявак пяць гадоў таму. І дай Бог, каб у 21-м стагодзьдзі на абшарах былога Саюзу нарадзіўся чалавек з такім прыгожым тэнарам, які быў у Эміля Гараўца.
XS
SM
MD
LG