Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іран зьбіраецца пабудаваць у Менску пяцізоркавы гатэль


Ігар Карней, Менск Кіраўніцтва Менгарвыканкаму вызначыла пляцоўку на будаўніцтва пяцізоркавага гатэлю. Будынак разьмесьціцца блізу Нацыянальнай бібліятэкі — на скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці й вуліцы Каліноўскага, а праектаваць яго будзе іранская кампанія “Keyson”.

Пакуль невядома, хто будзе гаспадарыць у гатэлі, але іранскі бок схільны прыцягнуць да супрацы міжнароднага апэратара з усясьветна вядомым брэндам.

Начальнік упраўленьня замежнаэканамічнай дзейнасьці Менгарвыканкаму Ўладзімер Цішураў заявіў, што ўсе дамоўленасьці з іранскай будаўнічай кампаніяй “Keyson” пра будаўніцтва пяцізоркавага гатэлю ўжо аформленыя дакумэнтальна. У згаданым упраўленьні ўдакладнілі, што праект ухваліў асабіста Аляксандар Лукашэнка.

(Супрацоўніца: ) “Прэзыдэнт ухваліў гэтыя пляны. Таму тут гаворка не пра простую нейкую зацікаўленасьць, а пра тое, што ёсьць ухваленьне на ўзроўні кіраўніка краіны. І тое, што гатэль будзе, хутчэй за ўсё, гэта дакладна”.

У амбасадзе Ірану ў Менску сказалі, што афіцыйны прадстаўнік кампаніі “Keyson” цяпер у Тэгеране, але, паводле папярэдніх плянаў, да рэалізацыі праекту плянуецца далучыць такіх вядомых міжнародных апэратараў, як “Гілтан” (ЗША) і “Хайят” — асабістую сетку караля Савудаўскай Арабіі.

Першыя зоркі беларускія гатэлі атрымалі пры канцы 1990-х. Піянэрам тут стаў гатэль наваполацкага “Нафтану”, тры зоркі якога доўгі час ня мелі альтэрнатывы. Толькі ў пачатку новага тысячагодзьдзя адразу чатыры менскія гатэлі былі клясыфікаваныя на тры зоркі — “Плянэта”, “Беларусь”, “Юбілейная” і “Арбіта”. Першы чатырохзоркавы гатэль “Менск” зьявіўся ў Беларусі тры гады таму. Адна ноч у двухпакаёвым люксе тут каштуе 230 даляраў, у трохпакаёвым — 340; нумар VIP цягне на 840 даляраў.

Даражэй у Менску спыніцца толькі ў прэзыдэнцкіх апартамэнтах комплексу “Журавінка” — блізу 900 даляраў за суткі. Але і ўмовы тут адпаведныя: 300 квадратных мэтраў зь дзьвюма спальнямі, кухняй, 33-мэтровым басэйнам, барам. Былы кіраўнік комплексу “Плянэта” Генадзь Казлоў лічыць: на тле дэфіцыту вартых прапановаў іранскі праект у пэрспэктыве цалкам можа быць запатрабаваны.

(Казлоў: ) “Калі будуюць — значыць, зьбіраюцца жыць. І тое, што ў Беларусі будзе пяцізоркавы “Гілтан” ці “Хайят” — я толькі “за” двума рукамі. Так любы спэцыяліст вам скажа, бо гэта правільна і нармалёва. Іншая рэч, ці будзе запатрабаваны? Можа, не цяпер, але абавязкова будзе патрэбны. Бо яны запатрабаваныя па ўсім сьвеце. А ў нас няма ніводнага гатэлю, адпаведнага клясе пяць зорак. Тым больш, каб яны прадстаўлялі такія ўсясьветна вядомыя брэнды. Калі гэта насамрэч будзе пад эгідай “Гілтану”, “Халідэй Ін” ці “Хайят”, то яны самі будуць займацца пытаньнем засяленьня гэтых гатэляў. Таму ў любым выпадку іх загрузяць. Асабліва, калі ўжо наважыліся на будаўніцтва: пяцізоркавы гатэль пабудаваць — гэта надзвычай вялікія грошы”.

Інвэставаць у праект плянуецца больш за паўсотні мільёнаў даляраў, а само будаўніцтва зойме чатыры-пяць гадоў. Іранцы лічаць, што ўзьвесьці аб’ект рэальна сіламі беларускіх будаўнікоў і зь мясцовых матэрыялаў, што зьменшыць затраты.

На пачатак 2007 году заплянаваны ўвод гатэлю “Эўропа”, які на асабісты загад Аляксандра Лукашэнкі будуецца на месцы зруйнаванага ў вайну аднайменнага будынку ў цэнтры Менску. На стадыі будаўніцтва “Эўропа” узводзіцца з наступнай клясыфікацыяй на пяць зорак. Дарэчы, днямі Менгарвыканкам абвясьціў пра намер будаваць яшчэ адзін сучасны гатэль — гэтым разам з прыцягненьнем інвэстыцыяў з Савудаўскай Арабіі. Меркаваны памер інвэстыцыяў — каля 100 мільёнаў даляраў.
XS
SM
MD
LG