Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэнэ ван дэр Ліндэн: не мяшаць спорт з палітыкай


Радыё Свабода Сёньня ў 21.30 паводле беларускага часу ў галяндзкім Эйндхофэне на стадыёне “Філіпс” адбудзецца другі матч адборачнага турніру Эўра-2008 паміж зборнымі Нідэрляндаў і Беларусі. Напярэдадні шэраг заяваў наконт гэтай гульні зрабілі галяндзкія палітыкі.

Напярэдадні лідэр лібэральных дэмакратаў Ганс ван Баален заклікаў спартовую грамадзкасьць краіны байкатаваць гэтую гульню. У сваю чаргу, прадстаўнікі іншых палітычных плыняў, а таксама кіраўнік ПАРЭ галяндзец Рэнэ ван дэр Ліндэн, рэзка асудзілі гэтую заяву і папрасілі суайчыньнікаў “не мяшаць спорт з палітыкай”.

Што думаюць галяндзкія лібэральныя дэмакраты сёньня, у дзень гульні ў Эйндхофэне? Ці паўплывала на іхную пазыцыю ўчорашняя крытыка з боку кіраўніка ПАРЭ? — гэтыя пытаньні задаю сакратару спадара Ганса ван Баалена — лідэра партыі народнай дэмакратыі ў нідэрляндзкім парлямэнце.

(Сакратар: ) “Хачу падкрэсьліць, што спадар ван Баален заклікаў да таго, каб арганізатары Эўра-2008 задумаліся, што Беларусь недэмакратычная краіна, што ў ёй існуе дыктатарскі рэжым, што ў ёй зьнікаюць людзі, а спартоўцы не зьяўляюцца вольнымі. Такія падыходы, з нашага гледзішча, павінны дзейнічаць і ў дачыненьні да іншых краінаў з антыдэмакратычным рэжымам кшталту Паўночнай Карэі, Кубы, Кітаю ды іншых. Падкрэсьліваю, што сябры нашай партыі зусім не выступалі супраць сёньняшняй гульні, яны выступалі за перагляд існай сытуацыі ў УЭФА, ФІФА і г.д, а таксама за вяртаньне да той практыкі, якая ўжо дзейнічала раней, напрыклад, у 1992-м, у часе чэмпіянату Эўропы, калі Югаславія была адхіленая ад удзелу ў фінальнай частцы спаборніцтва. Менавіта гэта і меў на ўвазе спадар ван Баален”.

У размове са “Свабодай” галяндзкія лібэральныя дэмакраты робяць акцэнт на тым, што яны ня супраць беларускіх футбалістаў, а супраць канкрэтнага палітычнага рэжыму ў Беларусі.

Тым часам дэпутат нідэрляндзкага парлямэнту ад партыі хрысьціянскіх дэмакратаў і сябра падкамітэту ПАРЭ па Беларусі Барт ван Вінзэн занепакоены тым розгаласам, які мае месца вакол нядаўняй заявы спадара ван Баалена.

(Ван Вінзэн: ) “Я цалкам прытрымліваюся таго меркваньня, якое ўчора агучыў кіраўнік ПАРЭ спадар ван дэр Ліндэн. Ён сказаў, што “мяшаць спорт з палітыкай азначае выбіраць няслушны і патэнцыйна небясьпечны шлях” і што такі выбар “прынясе грамадзянам Беларусі значна больш шкоды, чым карысьці”. Увогуле Рада Эўропы разглядае спорт як вельмі важную сацыяльную і міжнародную дзейнасьць.

Як сябра падкамітэту ПАРЭ, я рыхтую да нашай кастрычніцкай сэсіі даклад, прысьвечаны сытуацыі ў Беларусі. Я выступаю за тое, каб разам з увядзеньнем санкцыяў супраць беларускага чынавенства нашая арганізацыя ўзмацніла б супрацоўніцтва зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю, у тым ліку і ў такой галіне, як спорт. Таксама я заклікаю да правядзеньня адмысловай канфэрэнцыі ПАРЭ, прысьвечанай Беларусі”.

Паводле спадара ван Вінзэна, падобнае меркаваньне падзяляе і лідэр ПАРЭ Рэнэ ван дэр Ліндэн, зь якім галяндзкі дэпутат меў размову.

(Ван Вінзэн: ) “Ён, спадар ван дэр Ліндэн, гаварыў мне пра тое, што хоча наведаць Беларусь. Я мяркую, што гэтае пытаньне будзе абмяркоўвацца ў кастрычніку”.

Што да сёньняшняй гульні, то спадар ван Вінзэн, як і спадар ван Баален, абавязкова будуць глядзець сёньняшні матч па тэлебачаньні. Яны, як і большасьць галяндцаў, перажываюць за сваю нацыянальную зборную.
XS
SM
MD
LG