Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Не сакрэт, што за мяжой нас ніхто не чакае, і там мы нікому не патрэбныя. Але хто зь беларусаў можа сказаць, што мы тут некаму патрэбныя?"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за сераду, 6 верасьня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Мікола Канаховіч з Пружанаў: ) “Паважанае беларускае Радыё Свабода, я мяркую, што працаваць за мяжою, гэта значыць – узбагачаць чужую краіну і абядняць сваю. Але ці можна, напрыклад, папракнуць Барыса Кіта, які праславіў навуку ЗША? А застанься ён на радзіме, кэдэбісты яго б расстралялі толькі за тое, што ён шчыра і самааддана любіў сваю Бацькаўшчыну, быў сапраўдным патрыётам, хацеў працаваць на яе. Хіба можна сёньня папракнуць лепшых зь лепшых, моладзь, што зьяжджае за мяжу, каб ня трапіць за краты ў лукашэнкавых турмах толькі за тое, што яны хочуць беларусамі, а не манкуртамі звацца? Таму ганьба і яшчэ раз ганьба гэтаму антыбеларускаму рэжыму, які вымушае самую таленавітую моладзь з болем ц сэрцы пакідаць сваю Бацькаўшчыну. Дзякуй”.

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, дарагое Радыё Свабода. У мэтах бясьпекі я ня буду больш называць сваё імя. Скажу толькі, што ўчора вельмі ўважліва слухала Вас і прыйшла да высновы, што не бывае бандыцкага народу, можа быць толькі бандыцкі ўрад. На жаль, навука ня ведае спосабаў ператвараць зьвяроў у людзей. Гэта я да таго, што не шукайце падлюгаў, подласьці робяць добрыя людзі. І яшчэ: некаторыя сэрцы маюць уласьцівасьць не прамакаць, сьлёзы блізкіх іх не кранаюць, а толькі сьлізгаюць па ім. І таксама наконт званка аднаго разьюшанага слухача, які скардзіцца на тое, што ў Вашай інфармацыі адсутнічаюць хвалёныя “ліпавыя” адсоткі. Дык вось, хачу сказаць, што бываюць людзі, падобныя да нулёў. Ім заўсёды неабходна, каб у іх сьпераду былі лічбы. У мяне пакуль што ўсё. Дзякуй”.

(Спадар: ) “Добры дзень, паважанае Радыё Свабода. Даволі часта чую размовы: “Вось гэтыя “дзермакраты” давялі нас да галечы! Жыць немагчыма! Мы не жывем, а толькі існуем!” А я заўсёды казаў і кажу гэтым людзям: а чаго вы хочаце, даражэнькія мае? Як галасуеце, так вы і жывяце. Цудаў не бывае. І гэтыя “дзермакраты”, як вы іх называеце, і цяпер намі кіруюць, усе яны, пачынаючы ад старшыні сельсавета і заканчваючы самымі верхнімі ўзроўнямі ўлады, яны некалі партбілеты ў кішэнях насілі. Па сутнасьці, гэта тыя самыя камуністы, толькі без партбілетаў, яны іх выкінулі на сьметнік, але стыль кіраўніцтва ў іх зусім не зьмяніўся, і вынікі іх дзейнасьці яскрава бачныя. Так, слушна,мы не жывем, а існуем. І яшчэ я кажу гэтым людзям, што акрамя гэтых “дзермакратаў” у нас ёсьць і дэмакраты. Партбілетаў у іх не было. І за погляды іх перасьледавалі, ды і цяпер перасьледуюць. І пакуль мы не навучымся адрозьніваць дэмакратаў ад “дзермакратаў,” мы ніколі ня будзем жыць як людзі, так, як жывуць у нармальных дэмакратычных краінах”.

(Анастас Семяновіч: ) “Паважанае спадарства Радыё Свабоды, добры дзень. Наконт правядзеньня рэфэрэндуму па аб’яднаньню з Расеяй, гэта значыць стварэньне адзінай дзяржавы. Тэрмінова нашым дэмакратам, гэта значыць усім партыям, якім не абыякавы лёс Беларусі, трэба сабрацца разам і прыняць рашэньне, дзе яскрава павінна быць заяўлена, што тыя людзі, якія хочуць за тры капейкі прадаць Беларусь Расеі, зьяўляюцца злачынцамі. Тэрмін даўніны ня дзейнічае, іх павінны судзіць як гітлераўскіх злачынцаў. Гэтае рашэньне павінна быць прынята неадкладна, каб потым не было позна. У выбарах у мясцовыя саветы, якія хутка павінны адбыцца, удзельнічаць ня трэба бязь зьменаў выбарчага закону, гэта значыць: адмена датэрміновага галасаваньня, і склад камісіі павінен быць на 50 % ад дэмакратаў і на 50 % ад улады. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь дазваляе агітаваць супраць ліпавых выбараў. Ужо час, шаноўныя дэмакраты, падумаць сваімі мазгамі. Жыве Беларусь!”

“Паважанае спадарства Радыё Свабоды, добры дзень. Я хачу ўсім Вам і шаноўнаму дырэктару службы “Радыё Свабода” Аляксандру Лукашуку сказаць “вялікі дзякуй” за песьні Данчыка. Я даўно зьбіраўся зьвярнуцца да Вас з просьбай рэгулярна перадаваць песьні шаноўнага Данчыка. Я вельмі рады, што Вы самі гэта зрабілі. Прапаную, калі можна, каб раніцай шаноўны Данчык выконваў гімн “Магутны Божа,” а мы яму ў хаце будзем дапамагаць пець “Магутны Божа.” Дзякую за ўвагу”.

(Ларыса зь Менску: ) “Вельмі сумна, што ліквідавалі Дом літаратара. Ён быў вельмі патрэбны Адміністрацыі прэзыдэнта. Гэта ўсё адбываецца з-за таго, што вельмі мала людзей ва ўладзе цікавяцца творамі беларускіх пісьменьнікаў, як стагодзьдзя мінулага, так і цяперашняга. Таму палічылі, што ня трэба захоўваць іх творы. Але ўсё гэта тэрмінова, бо знойдуць месца для багатай бібліятэкі і зноў збудуюць Дом літаратара, бо пры такім будаўніцтве, якое вядзецца ў Менску, знойдуцца прадпрымальнікі, дый грамадзяне, якія клапоцяцца пра тое, каб захаваць спадчыну. А нашы сёньняшнія пісьменьнікі нас яшчэ пацешаць сваімі творамі, бо шмат таленавітых пісьменьнікаў у наш час. Можна забраць Дом літаратара, але ў пісьменьніка ёсьць папера і аловак, ён можа напісаць твор, калі ёсьць думка, нават у лесе, седзячы на паляне. І знойдуцца людзі, якія надрукуюць іх твор. Жадаю посьпехаў нашым літаратарам”.

(Рыгор: ) “Ці хачу я паехаць працаваць за мяжу? Не сакрэт, што за мяжой нас ніхто не чакае, і там мы нікому не патрэбныя. Але хто зь беларусаў можа сказаць, што мы тут некаму патрэбныя? І толькі таму, што тут нашыя людзі нікому не патрэбныя, дзесяткі, а то і сотні тысяч нашых беларусаў едуць батрачыць у Расею. Нават на самай некваліфікаванай працы за мяжой можна зарабіць за год столькі грошай, што ў нас іх не заробіш і за дзесяць год. Але практычна за мяжу нашым людзям шлях зачынены. Мы не дарасьлі яшчэ да такіх цывілізаваных дзяржаў, як Польшча, Літва, Латвія і нават Украіна, дзе жадаючым даецца права легальна працаваць за мяжой. Дзякуй”.

(Спадарыня з Магілёву: ) “Паслухала званок слухача, які назваў працу некаторых беларускіх апазыцыянэраў “мышынай валтузьнёй” і іншымі непрыемнымі словамі. Лічу, што такімі выразамі ён падыграў прыхільнікам Лукашэнкі. Хачу папрасіць прабачэньня ў тых, хто пачуў і прыняў на сябе вельмі непрыемны выпад радыёслухача. У гэтай цяжкай і вельмі складанай барацьбе з рэжымам Лукашэнкі давайце, дарагія слухачы, усяляк падтрымліваць тых, хто, магчыма, памыляецца, але робіць справу, давайце парады, падказкі, падтрымлівайце, але, калі ласка, не абражайце”.

(Радрадзімоўскі Юры з Народнага Фронту: ) “Я цяпер ляжу ў бальніцы і размаўляю зь людзьмі. Нейкія людзі гавораць: “А што тут такога? Нейкі рэфэрэндум будзе па збліжэньні, аб’яднаньні з Расеяй. Ну, Расея багатая, мабыць, што-небудзь і нам дастанецца. Газ будзе таньнейшы, нафта…” Аднак шмат хто зь людзей не задумваецца над тым, чаму такая багатая Расея, а разбазарваюцца нетры, лясы. Кітайцы скупляюць задарма круглякі лесу, расейскі мужык выпілоўвае таксама задарма, шкодзіць прыродзе, ня лічыцца з законамі і не задумваецца пра будучы лёс дзяцей, унукаў, праўнукаў. Дык зь кім нам збліжацца? Патрэбна падтрымліваць эканамічныя адносіны, выгодныя для двух бакоў: і Расеі, і Беларусі. А па-другое… У бальніцы я прапаноўваў нейкім людзям чытаць кніжку Аляксандра Фядуты пра Лукашэнку Аляксандра Рыгоравіча. Але шмат якія людзі кажуць: “А ці мала чаго там напішуць, надрукуюць?! Ён таксама быў у яго ў камандзе. Ён таксама не зусім “чысты,” што ён не разумеў, куды ён ідзе і з кім ён працуе падчас выбарачай кампаніі 1994-га года?” Нейкія людзі чытаюць і дзякуюць, што такая кніжка ёсьць, але шмат якія людзі проста не задумваюцца, гавораць: “Ёсьць дык ёсьць, але нам усё роўна”. І тое самае, калі будзе рэфэрэндум па аб’яднаньню, калі Лукашэнку прыціснуць з газам і нафтай, то магчыма, што яму прыйдзецца здаць Беларусь за пэўны ціхі партфэль, напрыклад, губэрнатара Беларускай вобласьці. Але зноў, што атрымліваецца? Зь кім мы аб''ядноўваемся? З Расеі робяць сьметнік, але некаторыя людзі зарабляюць на сьметніку вельмі вялікія грошы. Сьмецьце не перапрацоўваецца, а гектары запарушаныя сьмецьцем”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG