Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падатковы цяжар для бізнэсу ў Беларусі складае 186% прыбытку


Юры Дракахруст, Прага Сёньня Ўсясьветны банк абнародаваў штогадовую справаздачу аб умовах вядзеньня бізнэсу ў 175-ці краінах сьвету. Бізнэсовы клімат ацэньваецца паводле 10 крытэраў, сярод якіх – працягласьць рэгістрацыі бізнэсу, падатковы цяжар, умовы зьнешнеэканамічнай дзейнасьці. Паводле справаздачы, у Беларусі – найбольшы падатковы цяжар для бізнэсу ў сьвеце, а найбольшае паляпшэньне бізнэсовага клімату назіралася летась у Грузіі.

Паводле даклада Ўсясьветнага банку, Армэнія і Грузія, якія займаюць ў сьпісе 34-е і 37-е месцы адпаведна, стварылі лепшыя ўмовы для дзейнасьці бізнэсу, чым, скажам, такія краіны Эўразьвязу, як Гішпанія ці Партугалія. Адна з аўтарак дасьледаваньня Каралі Макліш патлумачыла ў інтэрвію нашаму Радыё, што гэта не азначае, што заўтра міжнародныя інвэстары пачнуць забіраць свае грошы з Эўропы і тэрмінова накіроўваць у Ерэван і Тбілісі. Аднак яна адзначае, што краіны, якія будуюць рынкавую эканоміку, часам здольныя ўсталяваць больш прымальныя правілы, чым краіны, у якіх рынкавая эканоміка ўсталявалася даўно.

У Грузіі ў параўнаньні з пазалеташнім годам колькасьць бізнэсовых прадпрыемстваў узрасла ў паўтары разы, адпаведна, за паўтары гады беспрацоўе зьменшылася на 2%. Калі раней на афармленьне вывазу тавараў з Грузіі патрабавалася 54 дні, то зараз – толькі два тыдні.

Палепшыла ўмовы вядзеньня бізнэсу і Армэнія, скажам, працэдура рэгістрацыі ўласнасьці ў Армэніі займае зараз у сярэднім 4 дні, у той час як у Беларусі – 231 дзень.

У справаздачы Ўсясьветнага банку адзначаецца, што Беларусь – найгоршая краіна сьвету ў пытаньні падаткаабкладаньня бізнэсу. Каб выканаць усе падаткавыя законы, фірма ў Беларусі павінна заплаціць 186% падатку з прыбытку – іншымі словамі, аддаць дзяржаве ня толькі ўвесь прыбытак, але і амаль яшчэ столькі ж. На працягу года беларускае прадпрыемства павінна зрабіць 125 падатковых плацяжоў.

Не нашмат лепшае становішча ва Ўкраіне: скажам, штогадовая падатковая справаздача сярэдняй украінскай фірмы займае амаль сто старонак.

Усясьветны банк адзначае кепскія ўмовы зьнешнеэканамічнай дзейнасьці ў Беларусі і ва Ўкраіне, аднак, паводле банку, у Сярэдняй Азіі яны яшчэ горшыя. Нават у Казахстане, які мае найлепшыя паказчыкі ў рэгіёне, афармленьне пры экспарце тавараў займае 93 дні, а пры імпарце – 87 дзён. Гэтая валакіта абарочваецца ростам унутраных цэнаў, а таксама карупцыі – пры такіх затрымках весьці бізнэс проста немагчыма, таму, каб яго ўсё ж весьці, прадпрымальнікі даюць хабар.

Экспэрт Усясьветнага банку Каралі Макліш зьвяртае ўвагу, што за апошнія тры гады значныя рэформы, там дзе яны былі зробленыя, адбыліся ў першыя 15 месяцаў пасьля прыходу навага ўраду.

Яна падкрэсьлівае, што новы ўрад мае большы палітычны капітал, і трэба яго выкарыстоўваць для правядзеньня рэформаў адразу, потым для іх ужо можа ня быць палітычных магчымасьцяў. Аднак Каралі Макліш падкрэсьлівае, што некаторыя істотныя крокі па паляпшэньні бізнэсовага клімату не патрабуюць вялікай палітычнай волі, але даюць значны плён – напрыклад, скарачэньне тэрміну рэгістрацыі новых прадпрыемстваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG