Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Заіка: У Беларусі найгоршыя ўмовы для бізнэсу


Радыё Свабода У апублікаванай штогадовай справаздачы Ўсясьветнага Банку пра ўмовы вядзеньня бізнэсу гаворыцца, што Беларусь — найгоршая краіна сьвету ў пытаньні падаткаабкладаньня бізнэсу. Каб выканаць усе падатковыя законы, фірма ў Беларусі мусіць заплаціць 186% падатку з прыбытку й за год беларускае прадпрыемства павінна зрабіць 125 падатковых плацяжоў. Акрамя таго, у Беларусі складаныя ўмовы рэгістрацыі ўласнасьці і зьнешнеэканамічнай дзейнасьці. Як ацэньваюць гэтую выснову ў Беларусі?

У Міністэрстве падаткаў і збораў не пагаджаюцца з высновай Усясьветнага Банку. Прэсавы сакратар міністэрства Аляксандар Жыгуліч сказаў, што Беларусь выглядае лепш параўнальна зь іншымі краінамі (напрыклад, зь Нямеччынай і Бэльгіяй) у пытаньні падатковай нагрузкі.

(Жыгуліч: ) “Па гэтай справаздачы не відаць, што яны маюць на ўвазе пад падатковымі плацяжамі, адкуль яны ўзялі гэтую лічбу — 125. Што яны наагул ўкладалі ў паняцьце “падатковая выплата”. Магчыма, яны сюды аднесьлі нават дзяржмыты за падачу пазоўнай заявы, і так мы можам далічыцца да тысячы. Я думаю, тут нават нейкае перадузятае стаўленьне. Я ня ведаю, як яны гэта разьлічвалі. У нас няма такой статыстыкі — 186 працэнтаў падатку з прыбытку. У нас мэтодыкі разьліку падатковай нагрузкі няма, таму параўноўваць нас зь іншымі краінамі некарэктна, бо ў нас інакш лічыцца”.

Былы прадпрымальнік Леў Марголін пагаджаецца з высновамі Ўсясьветнага Банку:

(Марголін: ) “Кожны, хто хоць аднойчы сутыкнуўся з гэтай нашай сыстэмай, ён з гэтым пагодзіцца. Калі б прадпрымальнікі ў нас працавалі сумленна, то іх проста не было б. Тое, што прадпрымальнікі сёньня яшчэ існуюць, гэта тое, што яны на свой страх і рызыку стараюцца недзе падмануць дзяржаву. Іначай яны працаваць не змаглі б. Таму з кожным годам у нас іх становіцца ўсё менш і менш”.

Былы генэральны дырэктар буйнога прадпрыемства “Амкадор” Васіль Шлындзікаў заявіў, што ў Беларусі адна з самых складаных і заблытаных сыстэмаў падаткаабкладаньня.

(Шлындзікаў: ) “Гэта проста наагул бязглузьдзіца. Што тычыцца юрыдычных асобаў, то ўсё ўпіраецца ў гэтую падатковую сыстэму і складанасьці ўзаемаадносінаў зь дзяржавай. Трэба нават спэцыяльнага чалавека трымаць на фірме, які забясьпечвае кантакты з усімі дзяржструктурамі, а таксама некалькі бугальтараў. А што да сплатаў падатковых, то таму і не разьвіваюцца юрыдычныя асобы і прадпрымальніцтва, бо сплаты сапраўды вельмі вялікія”.

Паводле эканаміста Леаніда Заікі, вынікі гэтага дасьледаваньня па Беларусі былі вядомыя раней.

(Заіка: ) “Сапраўды, гэта так: самыя дрэнныя ўмовы для вядзеньня бізнэсу, фармаваньня бізнэс-асяродзьдзя, а ўмовы падаткаабкладаньня дужа нявыгадныя для эканамічнага росту краіны. Нам даводзілася з гэтымі зьвесткамі знаёміць і чыноўнікаў. Парадокс у тым, што рэакцыі ніякай. Нібыта гэта лічбы з Марсу. У Беларусі так прыцярпеліся да гэтага нярынкавага асяродзьдзя, што ўспрымаюць яго як натуральнае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG