Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16 верасьня мае адбыцца “Джынсавы фэст” (абноўлены)


Любоў Лунёва, Менск Арганізатары штомесячнай акцыі cалідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьняў, якая стартавала летась 16 кастрычніка, разьлічваюць на вялікую колькасьць удзельнікаў менскага “Джынсавага фэсту”. На 16 верасьня заплянаваныя шэсьце па праспэкце Незалежнасьці, а таксама рок-канцэрт у парку Дружбы народаў. Арганізатары акцыі правялі прэс-канфэрэнцыю.

Верасьнёўская акцыя салідарнасьці заплянаваная ў фармаце “Джынсавага фэсту”. Адна з арганізатарак акцыі Ірына Халіп паведаміла “Свабодзе”, што фармат акцыі будзе ўвесь час зьмяняцца, зважаючы на сацыяльныя й палітычныя ўмовы.

(Халіп: ) “Акцыя вельмі пасьпяховая, і яна разьвіваецца. Гэта ўжо такі арганізм, які нам не належыць. Гэта сыстэма, якая ўжо існуе сама, па сваіх уласных законах. Мы ж бачым, якія акцыі салідарнасьці праходзяць ва ўсіх эўрапейскіх сталіцах. Калі мы папросту запальвалі сьвечкі, нарвэжцы ўжо ладзілі шэсьце паходняў. Магу сказаць, што ўсё гэта будзе разьвівацца”.

Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч возьме ўдзел у акцыі. На ягоную думку, актыўным прадстаўнікам грамадзтва трэба выказаць сваю пазыцыю ў справе абароны сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны.

(Мілінкевіч: ) “Вы ж памятаеце, як мы ішлі на Кастрычніцкую плошчу і кожны з нас, напэўна, задаваў сабе пытаньне: “А колькі ж людзей прыйдзе?” Хаця тады было вельмі небясьпечна і страшна. Людзі разьвітваліся зь сем’ямі. Цяпер ня страшна, бо гэтае мерапрыемства зусім іншага кшталту. Я ня думаю, што Сухарэнка зноў будзе папярэджваць, што на плошчы будуць тэрарысты. Тут больш зь лянотай будзе змаганьне. Мы павінны прадэманстраваць, што нам ня ўсё роўна, што мы людзі ўрэшце. Толькі ад нас усё залежыць. Ні заходнікі, ні расейцы, а мы ўсё будзем вырашаць. Больш за ўсё мы разьлічваем на моладзь”.

Намесьнік лідэра Партыі БНФ Віктар Івашкевіч паведаміў:

(Івашкевіч: ) “У Берасьці мітынг у абарону незалежнасьці. Адказ: “Мы ня можам дазволіць, бо падазраём, што прыйдзе больш за тысячу чалавек. Канцэрт у Менску. Была адмова, што за 200 мэтраў пікет у абарону Казуліна, таму гэта немагчыма. У гэты панядзелак гарвыканкам Баранавічаў даў адказ: “Мы падтрымліваем вашае жаданьне бараніць незалежнасьць, але мітынгі на гэтую тэматыку адбыліся ўжо ў сакавіку”. Мы падалі на трыццаць гарадоў заяўкі і, калі ўсе дадуць адмову, то значыць у нас дэ-факта адменены артыкул Канстытуцыі аб свабодзе сходаў”.

Летась арганізатары акцыі — Ірына Халіп, Мікіта Сасім і Ірына Красоўская — заклікалі грамадзянаў а восьмай вечара на 15 хвілінаў выключыць у доме сьвятло й запаліць у вокнах сьвечкі. Падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі акцыі праходзілі на Кастрычніцкай плошчы. Напачатку лета моладзь прыходзіла да расейскай амбасады.

Арганізатары акцыі спадзяюцца атрымаюць дазвол гарадзкіх уладаў на “Джынсавае шэсьце”, якое пачнецца ў 14:30 ля Акадэміі навук. Заплянаваны таксама рок-канцэрт у парку Дружбы народаў.
XS
SM
MD
LG