Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад мясцовымі выбарамі агітаваць стане цяжэй


Радыё Свабода У Палату прадстаўнікоў унесены законапраект аб зьменах і дапаўненьнях у выбарчае заканадаўства, якія, на думку незалежных экспэртаў, абмяжуюць для назіральнікаў магчымасьць вылучацца. Цяжэй будзе весьці й перадвыбарчую агітацыю.

Паводле намесьніка старшыні Палаты прадстаўнікоў Сяргея Забалотца, законапраект прайшоў усе стадыі экспэртызы ў парлямэнце й гатовы да разгляду на наступнай сэсіі. Сярод новаўвядзеньняў у ім — скасаваньне другога туру галасаваньня на мясцовых выбарах, а таксама палажэньне аб тым, што палітычныя партыі й грамадзкія аб’яднаньні могуць вылучаць назіральнікамі толькі сваіх чальцоў. Апрача таго, праводзіць перадвыбарчыя сходы па-за памяшканьнямі дазволяць толькі ў адпаведнасьці з “Законам аб масавых мерапрыемствах”.

На думку сакратара Цэнтравыбаркаму Мікалая Лазавіка, апошнія два палажэньні адпавядаюць ранейшай практыцы, якая не была адлюстраваная ў законе.

(Лазавік: ) “У нас ніводныя выбары не праходзілі без уліку гэтых патрабаваньняў, на ўсіх выбарах — і парлямэнцкіх, і мясцовых, і прэзыдэнцкіх — палітычныя партыі й грамадзкія аб’яднаньні накіроўвалі назіральнікамі толькі сваіх сяброў, а масавыя мерапрыемствы па-за памяшканьнямі павінны былі ўзгадняцца зь мясцовымі органамі ўлады”.

Аднак незалежны спэцыяліст у галіне выбарчага права Сяргей Альфер ацэньвае меркаваныя зьмены ў Выбарчы кодэкс не як тэхнічныя, а як палітычныя:

(Альфер: ) “Гэта ёсьць абмежаваньнем грамадзянскіх палітычных правоў, закладзеных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якія павінны выконвацца дзяржавай”.

Паводле Сяргея Альфера, раней тлумачэньні ЦВК аб тым, што на ўсе перадвыбарчыя вулічныя сходы й пікеты трэба прасіць дазволу ўладаў, шмат кандыдатаў ігнаравала як незаконныя. Цяпер, з улікам беларускіх рэаліяў, агітацыйная кампанія будзе істотна ўскладненая, мяркуе Альфер:

(Альфер: ) “Пасьля прыняцьця падобнай папраўкі ніякія сустрэчы з выбарцамі на вуліцах немагчыма будзе правесьці. Адзіная магчымасьць для кандыдатаў і чальцоў камандаў — хадзіць па дамах”.

Сяргей Альфер назваў пазытыўнай зьменай толькі прапанову скасаваць другі тур галасаваньня падчас мясцовых выбараў. Тым часам Мікалай Лазавік зазначыў, што ЦВК рыхтуецца да правядзеньня мясцовых выбараў як з улікам патэнцыйных зьменаў у Выбарчы кодэкс, так і бязь іх.
XS
SM
MD
LG