Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Партызаніць” давядзецца на 10 дзён даўжэй


Ігар Карней, Менск У адпаведнасьці з пастановай Савету міністраў Беларусі істотна павялічаныя тэрміны вучэбных збораў для ваеннаабавязаных. Цяпер адрыў ад сям’і і вытворчасьці прыпіснога складу вайсковых частак складзе 25 дзён замест ранейшых 15. Праверачныя зборы, якія ў народзе яшчэ называюць “партызанамі”, гэтаксама падоўжаныя – ад 25 да 35 дзён. Чым гэта выклікана?

У Міністэрстве абароны пацьвярджаюць 10-дзённае павелічэньне тэрміну вайсковых збораў. Але не ўдакладняюць, у зьвязку з чым гэта зроблена. Гаворыць супрацоўніца прэсавай службы абароннага ведамства Вольга Жылінская:

(Жылінская: ) “Я вам, шчыра кажучы, нічога сказаць не магу. Паглядзіце, калі ласка, нарматыўную базу, можа, там ёсьць спасылкі ці ўказаныя мэты. У любым выпадку гэта павінна быць у рэестры нарматыўна-прававых актаў”.

Аднак зь юрыдычных дакумэнтаў бачна толькі тое, што адпаведныя зьмены ўнесеныя ў палажэньне аб парадку праходжаньня спэцыяльных збораў, зацьверджанае пастановай Савету міністраў яшчэ 27 студзеня 2004 году. Мэты наваўводзінаў не паведамляюцца.

Выклік на вайсковыя зборы звычайна папярэднічае вучэньням. Апошні раз блізу 2 тысяч шарагоўцаў і сяржантаў запасу былі мабілізаваныя ў чэрвені, напярэдадні беларуска-расейскіх манэўраў “Шчыт Айчыны-2006”.

Генэралу Валерыю Фралову цягам службы даводзілася мець справу з выкліканымі на зборы. Паводле спадара Фралова, такім чынам дзяржава вырашае простую задачу: пры мінімальных укладаньнях трымае няхай і не па вялікаму рахунку, але ўсё ж баяздольны рэзэрв.

(Фралоў: ) “Для людзей, мяркую, гэта горшы варыянт. Таму што для іх галоўная задача – грамадзкае жыцьцё, яны дадому імкнуцца. Ня ведаю, можа якіясьці больш важкія прычыны для гэтага існуюць, але тое, што яны хацелі б надаўжэй застацца на зборах, сумняюся. Можна крыху ўспомніць армейскае мінулае, аднавіць яго, але ж ненадоўга. Арыентуесься на адзін тэрмін, а яго раптам працягваюць. Але гэта адзіны спосаб, не трацячы вялікіх сродкаў, усё ж падтрымліваць значную колькасьць падрыхтаванага кантынгенту”.

Патэнцыйныя “зборнікі” не ў захапленьні ад пэрспэктывы трапіць больш чым на месяц у распараджэньне міністэрства абароны. Прыкладам, менскі прадпрымальнік Алег Сураў наўпрост сьцьвярджае: такая працяглая камандзіроўка нэгатыўна адаб''ецца на ягонай справе.

(Сураў: ) “У мяне ўжо быў сумны досьвед, калі мяне прызывалі. Праўда, тады было меней, толькі 15 дзён, але ўсё адно, гэта паўмесяца. Я нават ня стаў лічыць, колькі я згубіў грошай, калі мяне адарвалі ад вытворчасьці. Цяпер, у зьвязку з падаўжэньнем тэрміну праходжаньня збораў, я ўвогуле ня ведаю, што мне рабіць. Таму ўсімі сіламі буду шукаць спосабы пазьбегнуць гэтага. І ўвогуле, шчыра кажучы, я хоць і быў у войску адносна нядаўна, але ня думаю, што мае веды так патрэбныя, каб мяне адрываць ад справы на такі працяглы тэрмін. І я лічу, тым, што я плачу падаткі дзяржаве, прынясу нашмат больш карысьці, чым буду дзесьці бегаць ці ляжаць у акопах”.

Цягам бліжэйшых гадоў у 70-тысячным беларускім войску павінна застацца толькі 50 тысяч ваеннаслужачых, што дазваляе казаць пра пэўны лішак прызыўнікоў.
XS
SM
MD
LG