Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі найбольш зарабляюць судзьдзі і юрысты


Радыё Свабода Паводле Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі, сярэднемесячная заработная плата за сёлетнія паўгоду павялічылася ў параўнаньні з адпаведным леташнім пэрыядам амаль на 30 адсоткаў і дасягнула 286 даляраў. А рэальныя заробкі беларусаў за апошні год вырасьлі амаль на 20%.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі сярод бюджэтнікаў найбольш атрымоўваюць супрацоўнікі судовых і юрыдычных устаноў – у сярэднім 450 даляраў. Гэта ўключна з прыбіральшчыцамі, кіроўцамі, сакратаркамі... Што да заробкаў непасрэдна чыноўнікаў, такая інфармацыя не разгалошваецца. У прамысловасьці атрымоўваюць у сярэднім 307 даляраў у месяц, у будаўніцтве – 356. Менш за ўсіх маюць сельскія працаўнікі – роўна ўдвая менш за будаўнікоў, у сярэднім па 185 даляраў. Тэмпы росту намінальных і рэальных заробкаў ва ўсіх галінах значна перавысілі прагнозныя паказчыкі.

Экс-міністар працы эканаміст Аляксандар Сасноў кажа, што сапраўдныя лічбы іншыя.

(Сасноў: ) “Значна меншыя, чым заявіла Міністэрства працы. Не 286, а 260 даляраў. Што тычыцца сельскай мясцовасьці, там значна затрымліваюць выплаты заробкаў. Акрамя таго, часьцяком выплачваюць натурай, як кажуць. А што да падвышэньня рэальнай заработнай платы, то яна значна меншая”.

На думку эканаміста Яраслава Раманчука, даверу да афіцыйнай статыстыкі няма ні ў незалежных экспэртаў, ні ў Міжнароднага валютнага фонду.

(Раманчук: ) “Прыпіскі, безумоўна, існуюць, і гэта пацьвярджаюць матэрыялы Камітэту дзяржкантролю. Гэтыя лічбы палітычна матываваныя, і я ня веру ім. Таму што калі ў людзей ёсьць вельмі моцны матыў фальшаваць, рапартаваць аб выкананьні ўсіх гэтых паказчыкаў, то нават кара, якая можа быць за тое, што ня так штосьці падлічылі, яна непараўнальна меншая за кару, якую можна атрымаць пры невыкананьні гэтага прагнознага паказчыка. Таму калі размаўляеш з кіраўнікамі прадпрыемстваў, і дзяржаўных, і прыватных, яны адразу гавораць: тое, што яны падаюць у статыстычных справаздачах, гэта адно, а тое, што ёсьць у рэчаіснасьці, – зусім іншая сытуацыя. Нават Міжнародны валютны фонд выклаў свае прэтэнзіі да беларускай статыстыкі. Поўнага даверу да яе няма”.

Эканаміст Міхал Залескі, як і Аляксандар Сасноў, асабліва крытыкуе сярэднія заробкі на сяле. Ён кажа, што зараз вельмі істотна зьмянілася структура занятых у вёсцы.

(Залескі: ) “Возьмем долю спэцыялістаў у вясковым насельніцтве, долю занятых у інфраструктурных падразьдзяленьнях, кіраўнікоў… Калі адкінуць пэнсіянэраў, найбольш бедную частку вясковага насельніцтва, то атрымаецца такая заработная плата. Але яна як сярэдняя тэмпэратура па бальніцы. Людзі ў вёсцы жывуць пераважна старыя, і іх дабрабыт не ўзрастае з такой хуткасьцю, як дабрабыт гэтых камісараў калгасных”.
XS
SM
MD
LG