Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры чвэрці бізнэсоўцаў маюць прэтэнзіі да падаткаў


Радыё Свабода Прадстаўнікі беларускага бізнэсу пра высновы Ўсясьветнага Банку

Паводле сацыялягічных апытаньняў, тры чвэрці беларускіх бізнэсоўцаў маюць прэтэнзіі да сфэры падаткаабкладаньня. Гаворыць прадпрымальнік Сяргей Балыкін:

(Балыкін: ) “Тое, што тычыцца падаткаў, таго ж падатку на прыбытак, то ў нас маюць месца нарматывы выдаткаў на маркетынгавыя, рэклямныя паслугі. Таксама ў нас існуюць нарматывы па заработнай плаце і г.д. І вельмі шмат выдаткаў нельга выкрасьліць з падаткаабкладанай базы пры вылічэньні падатку на прыбытак. Нашы чыноўнікі кажуць, што яны зьніжаюць падатковы ціск. Але ж якое гэта зьніжэньне? Яны адмаўляюцца ад дробных падаткаў”.

Як вынікае з тлумачэньняў бізнэсоўцаў, у Беларусі грувасткае падатковае заканадаўства. Апроч таго, яно нестабільнае. Статыстыка сьведчыць, што ў 2004 годзе парадак спагнаньня таго ж падатку на прыбытак карэктаваўся 13 разоў. Парадак спагнаньня падатку на даданую вартасьць закранулі 24 новаўвядзеньні. Як лічаць у Беларускім саюзе прадпрымальнікаў, заканадаўчая блытаніна ў сфэры падаткаабкладаньня дэстабілізуе дзейнасьць недзяржаўных суб’ектаў гаспадараньня. Вось што зазначыў намесьнік старшыні гэтай грамадзкай арганізацыі Сяргей Стрэльчык:

(Стрэльчык: ) “Галоўнае, каб спрасьцілася сыстэма падаткаабкладаньня. Каб былі больш ясныя і стабільныя законы. І каб спрасьцілася сыстэма ўліку даходаў і выдаткаў, сыстэма ўліку прадпрымальніцкай дзейнасьці. Вось што сёньня найбольш важна для прадпрымальнікаў. Адзін-два падаткі заплаціў, адну-дзьве, ну, хай тры формы ў падатковую інспэкцыю занёс і ведаеш, што ты ўжо ніколі не памылісься”.

(Карэспандэнт: ) “Як на дзейнасьці камэрцыйных фірмаў адбіваецца цяперашні парадак падаткаабкладаньня?”

(Стрэльчык: ) “Шмат памылак дапускаюць бугальтары, кіраўнікі прадпрыемстваў. Потым гэтыя памылкі знаходзяць кантралёры, усялякія санкцыі ўжываюць. Вось як адбіваецца. На роўным месцы людзі блытаюцца і маюць ад гэтага непрыемнасьці ў выглядзе ўсялякіх штрафных санкцыяў”.

Санкцыі ж, паводле спадара Стрэльчыка, нярэдка вырашаюць лёс фірмаў – яны банкрутуюць і зачыняюцца. Гэта ж тычыцца і індывідуальных прадпрымальнікаў. Іх, паводле зьвестак на 1 студзеня 2006 году, было ў краіне 177,9 тысяч. Гэта на 5,9 тысяч менш, чымсьці ў студзені 2005 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG