Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Беларусь – найгоршая краіна сьвету ў падаткаабкладаньні бізнэсу</B>


Радыё Свабода Да такой высновы прыйшлі экспэрты Ўсясьветнага Банку. Сёньня Банк абнародаваў штогадовую справаздачу аб умовах вядзеньня бізнэсу ў 175-ці краінах сьвету. Бізнэсовы клімат ацэньваецца паводле 10 крытэрыяў, сярод якіх – працягласьць рэгістрацыі бізнэсу, падатковы цяжар, умовы зьнешнеэканамічнай дзейнасьці.

Паляпшэньне бізнэсовага клімату назіралася летась у Грузіі. Армэнія і Грузія, якія займаюць ў сьпісе 34-е і 37-е месцы адпаведна, стварылі лепшыя ўмовы для дзейнасьці бізнэсу, чым, прыкладам, такія краіны Эўразьвязу, як Гішпанія ці Партугалія.

Адна з аўтарак дасьледаваньня Каралі Макліш патлумачыла ў інтэрвію нашаму Радыё, што гэта не азначае, што заўтра міжнародныя інвэстары пачнуць забіраць свае грошы з Эўропы і тэрмінова накіроўваць у Ерэван і Тбілісі. Аднак, яна адзначае, што краіны, якія будуюць рынкавую эканоміку, часам здольныя ўсталяваць больш прымальныя правілы, чым краіны, у якіх рынкавая эканоміка ўсталявалася даўно. У Грузіі ў параўнаньні з пазалеташнім годам колькасьць бізнэсовых прадпрыемстваў узрасла ў паўтара разы, адпаведна за паўтара году беспрацоўе зьменшылася на 2%. Калі раней на афармленьне вывазу тавараў з Грузіі патрабавалася 54 дні, то цяпер – толькі два тыдні.

Палепшыла ўмовы вядзеньня бізнэсу і Армэнія: напрыклад, працэдура рэгістрацыі ўласнасьці ў Армэніі займае цяпер у сярэднім 4 дні, у той час як у Беларусі – 231 дзень.

У справаздачы Ўсясьветнага банку адзначаецца, што Беларусь – найгоршая краіна сьвету ў пытаньні падаткаабкладаньня бізнэсу. Каб выканаць усе падатковыя законы, фірма ў Беларусі павінна заплаціць 186% падатку з прыбытку – іншымі словамі, аддаць дзяржаве ня толькі ўвесь прыбытак, але і амаль яшчэ столькі ж. На працягу году беларускае прадпрыемства павінна зрабіць 125 падатковых плацяжоў.

Не нашмат лепшае становішча ва Ўкраіне – штогадовая падатковая справаздача сярэдняй украінскай фірмы займае амаль сто старонак.

Усясьветны банк адзначае кепскія ўмовы зьнешнеэканамічнай дзейнасьці ў Беларусі і ва Ўкраіне, аднак, паводле банку, у Сярэдняй Азіі яны яшчэ горшыя. Нават у Казахстане, які мае найлепшыя паказчыкі ў рэгіёне, афармленьне пры экспарце тавараў займае 93 дні, а пры імпарце – 87 дзён. Гэтая валакіта абарочваецца ростам ўнутраных цэнаў, а таксама карупцыі – пры такіх затрымках весьці бізнэс проста немагчыма, таму, каб яго ўсё ж весьці, прадпрымальнікі даюць хабар.

Экспэрт Усясьветнага банку Каралі Макліш зьвяртае ўвагу, што за апошнія тры гады значныя рэформы, там дзе яны былі зробленыя, адбыліся ў першыя 15 месяцаў пасьля прыходу навага ўраду.

Яна падкрэсьлівае, што новы ўрад мае большы палітычны капітал, і трэба яго выкарыстоўваць для правядзеньня рэформаў адразу, потым для іх ужо можа ня быць палітычных магчымасьцяў. Аднак Каралі Макліш падкрэсьлівае, што некаторыя істотныя крокі па паляпшэньні бізнэсовага клімату не патрабуюць вялікай палітычнай волі , але даюць значны плён – напрыклад, скарачэньне тэрміну рэгістрацыі новых прадпрыемстваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG