Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салігорскія прадпрымальнікі выступілі супраць ценявога рынку


Радыё Свабода Прадпрымальнікі Салігорску зьвярнуліся да гарадзкіх уладаў, а таксама ў прэзыдэнцкую адміністрацыю й падатковую службу з патрабаваньнем спыніць у горадзе разьвіцьцё ценявога дробнага бізнэсу. У сваю чаргу прадпрымальнікі-нелегалы заяўляюць, што гандляваць безь ліцэнзіяў іх вымушае беспрацоўе й умовы працы прыватных бізнэсоўцаў.

У лісьце, які падпісалі каля 180 чалавек, гаворыцца, што нелегальны гандаль у Салігорску набыў надзвычайны размах. І гэта перашкаджае працы афіцыйна зарэгістраваных прадпрымальнікаў – кажа адна зь ініцыятарак звароту Тацьцяна Кучынская.

(Кучынская: ) “Мы ж плацім такія падаткі, мы робім сэртыфікаты, асартымэнтны пералік – за ўсё гэта мы плацім вялікія грошы. Прыходзіць пакупнік – о-о-о, якія кошты, а нам таньнейшае прынесьлі! Правільна, яны будуць таньней усё гэта прадаваць бо яны ж падаткі ня плацяць. Гандлююць, і ўлады закрываюць на гэта вочы”.

Гандляры, якія распаўсюджваюць ў горадзе тавары без адпаведных дакумэнтаў, кажуць: да гэтага іх вымушаюць беспрацоўе й іншыя прычыны. Гаворыць прыватная гандлярка Ніна.

(Ніна: ) “Я таксама гэтым крыху займаюся. Я пэдагог, у горадзе працу знайсьці не магу. А ў мяне два сыны, мужык памёр – трэба ж неяк выжываць. Няхай бы менш было валтузьні з гэтымі дакумэнтамі, з гэтым афармленьнем, з гэтымі чаканьнямі. Дзеля Бога, можа прыйдзе такі час, калі будуць упарадкаваныя месцы, калі, можа быць, будуць меншыя падаткі. Людзі пойдуць, і я таксама пайду”.

У кіраўніцтве гарадзкой адміністрацыі заяўляюць, што мясцовыя ўлады супрацьстаяць незаконнаму прадпрымальніцтву і без адмысловых зваротаў. Зараз гэтая праца яшчэ больш узмоцніцца, кажа намесьніца старшыні гарвыканкаму Ірына Зубарэвіч.

(Зубарэвіч: ) “У нас ужо канфіскавана каля 3-4 мікрааўтобусаў – вось такую барацьбу мы вядзём. І паратунку ня будзе для ўсіх, хто парушае закон. Тыя хто гандлюе, калі яны патрапяць пад увагу кантрольных органаў, то адносна іх будуць ужытыя ўсе штрафныя санкцыі, прадугледжаныя законам”.

У Беларускім саюзе прадпрымальнікаў падзяляюць меркаваньне пра недасканаласьць дзейнага заканадаўства й заклікаюць прадпрымальнікаў аб’ядноўваць сілы для выпраўленьня такога становішча. Гаворыць кіраўніца рады малога бізнэсу саюзу Кацярына Чыжык.

(Чыжык: ) “Тое, што нашы законы недасканалыя, што іх трэба дапрацоўваць, што для многіх яны непрымальныя – гэта зразумела. Але гэтага ня трэба баяцца, а трэба імкнуцца ствараць сабе ўмовы. Станавіцца прадпрымальнікам і адначасна працаваць над стварэньнем належных умоваў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG