Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ня слухаць падбухторшчыкаў ад КДБ і хаўрусьнікаў Лукашэнкі пра ігнараваньне выбараў..."


Радыё Свабода, Віцебск Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за 5 верасьня, аўторак. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар) “Я жыву ў вёсцы і карыстаюся толькі газэтай “Зьвязда,” якую выпісваю, і тэлебачаньнем. Хачу выказаць Вам сваё меркаваньне наконт 12-гадовай дзейнасьці нашага любімага, каханага прэзыдэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Думаю, што ў пэўных адносінах ён, відаць, дасягнуў нечага ў гаспадарцы, але як быў старшынёй калгаса, так і застаўся. А астатняе дрэнна, вельмі дрэнна ў нас. Як быццам бы і дасягнулі мы пэўных посьпехаў, але слаба. Возьмем такі просты прыклад. Раней мы маглі купіць хлеба за сярэдні месячны заробак дзесьці дзвесьце буханак. А цяпер зусім слаба…А што наконт астатняга, гэта зусім дрэнна. Перш за ўсё, я баюся за нашу беларускую мову.”

(Спадар) “Маё меркаваньне наконт выбараў у мясцовыя саветы. Удзельнічаць патрэбна абавязкова. Абавязкова. Ня слухаць падбухторшчыкаў ад КДБ і хаўрусьнікаў Лукашэнкі пра ігнараваньне выбараў. Гэта ня партыя, якая баіцца барацьбы. Ня слухайце недалёкіх людзей, удзельнічайце абавязкова дзеля прапаганды, этэру, сустрэч з выбаршчыкамі і гэтак далей. Патрэбна ісьці ў бой, а бой вырашыць лёс. Дзякую.”

(Белькевіч з Салігорску) “Хачу даведацца, ці займаецца хто-небудзь фондам падтрымкі беларускіх літаратараў. Вось я чытаю верш Някрасава, і тут такія радкі: “За желание свободы народу Подтверждаем мы сами свободу. За святое стремление к добру Нам в тюрьме отведут конуру.” Дзякуй. Хачу даведацца, калі будзе створаны фонд і таксама нумар рахунку фонду.”

(Горысь з Гомлю) “Зьвяртаюся да кіраўнікоў дэмакратычных партяў і рухаў. Кіньце мышыную валтузьню і свае амбіцыі ў дачыненьні да лідэрства. Вы паставілі мэту абараняць Беларусь ад дыктатуры, дык займайцеся гэтым. Лукашэнка кожны дзень зьнішчае Беларусь, а Вы моўчкі паглядаеце на гэта. Вось Лукашэнка адняў у пісьменьнікаў Дом літаратара, а Рада дэмакратычных сілаў не зрабіла ніякай заявы. На ўсе антынародныя і антыбеларускія дзеяньні Лукашэнкі яна павінна своечасова рэагаваць. Яе кіраўніком і лідэрам дэмакратычных сілаў зьяўляецца Мілінкевіч, ён сябе паказаў, і народ яго прыняў. Дык працуйце зь людзьмі, а не займайцеся кабінэтнай валтузьнёй!”

(Пятро Міхайлавіч зь Менску) “Добры вечар, “Свабода.” Зь вялікай увагай слухаў 33-ці “Дом літаратара” і “Праскі акцэнт,” якія тычыліся амаль адной тэмы: лёса беларускай літаратуры і ўплыву літаратуры, пісьменьнікаў на грамадзтва, на чалавека. Зьдзівіў спадар Валянцін Акудовіч, адукаваны чалавек, нават філёзаф, кажа, што ён мае рацыю, сьцьвярджаючы, што сучаснаму пісьменьніку адведзена роля блазна каля ўладара, што яго ўплыў непараўнальна ніжэйшы, чым у пісьменьніка 19 ці першай паловы 20 стагодзьдзя, а сучасны пісьменьнік мае посьпех толькі тады, калі забаўляе чытача ды і толькі. Маё меркаваньне такое: ўплыў пісьменьніка, паэта ў 21 стагодзьдзі павялічваецца стокроць менавіта таму, што існуе кампутар, што ёсьць Інтэрнэт і магчымасьці друку неабмежаваныя. І Лукашэнка гэта добра ведае. Больш за тое, праз забаўляльную літаратуры можна несьці глыбокія, гуманныя ідэі, то бок “сеяць разумнае, вечнае, добрае.” Менавіта таму, рацыю мае спадар Адам Глёбус, кажучы: на першым месцы свабода і незалежнасьць пісьменьніка. Так, улада не дае паэту куска хлеба, але і паэту ня трэба віцца лісой каля ўлады, ня трэба сацрэалізм. Для былых савецкіх творцаў гэта нязвычна. Але глядзіце на нашых творцаў у замежжы. Ім не плаціла ўлада, а яны стварылі шэдэўры.”

(Спадарыня) “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Я сёньня ранкам Вас слухала, але потым ня стала сьвятла, і я Вас ня чула. Дык я потым запаліла сьвечку, бо не відаць. Я вельмі ўдзячная шаноўнаму Данчыку за яго песьні, за яго голас. Яго голас і песьні пранікаюць у душу. Дзякую Вам за ўвагу.”

(Уладзімер) “Прывітаньне. Хачу выказаць меркаваньне паводле тэзы “незалежнае грамадзтва.” Лічу, што на сёньняшні час незалежнага грамадзтва на Беларусі фактычна не існуе, ёсьць асобныя маргінальныя групоўкі, якія сябе называюць “незалежным грамадзтвам,” пры чым кожная зь іх лічыць сябе галоўнай, ўсе астатнія гэта так. Адсюль спрэчкі і ўсялякія розныя моманты, якія не спрыяюць нашай справе. Таму, напрыклад, калі б і ўдалося сабраць грошы на тое, каб працягнуць арэнду Дому літаратара, то гэта ніякага эфэкту б не дало. Таму што сабралі адзін раз грошы, а далей што?

Сплачваць трэба, будынак не ва ўласнасьці літаратар, таму незалежнае грамадзтва – гэта тое грамадзтва, якое можа ствараць свае структуры, камунікацыі, у тым ліку зьбіраць грошы, весьці свой бізнэс. Вось, што такое незалежнае грамадзтва. А ў нашых маргінальных груповак, як палітычных, так і культурных і гэтак далей, нават такога і блізка няма. Таму лічу, на сёньняшні дзень незалежнае грамадзтва на Беларусі вельмі кволае, яно слаба ўплывае на палітычныя і эканамічныя падзеі, ня мае эканамічнага грунту. На сёньняшні час (гэта нават і раней было, але сёньня гэта павялічылася) калі няма эканамічнага грунту, то няма нічога. Вось пра што трэба дбаць і думаць нашым палітыкам, незалежнікам, прадстаўнікам грамадзкіх арганізацый ці літаратарам, прапагандаваць альбо распавядаць, як гэта рабіць.”

(Спадар) “Паважаная “Свабода,” адказваю на пытаньне па праблемах школы. На мой погляд, галоўная праблема беларускай школы – гэта сыстэматычная выпрацоўка ў навучэнцаў дыдактафобіі, нянавісьці да навучаньня, нянавісьці да самой школы. Я вельмі добра гэта бачу на прыкладзе асабістых дзяцей. А чаму так адбываецца? Думаю, гэта комплекс прычынаў, і, можа быць тэмай дасьледаваньня тэматычнай перадачы. На мой погляд, адна з прычынаў, што настаўнікі са сваім асабістым бачаньнем сьвету, з сваёй асабістай пазыцыяй доўга не затрымліваюцца ў школе. Яны не пажаданыя, урэшцэ рэшт, як і на многіх іншых прадпрыемствах.

Ну і, канечне, жабрацкія заробкі настаўнікаў пры вялізным фізычным і псыхалягічным напружаньні. Наконт заробкаў за мяжой. Я б папоўз туды па-пластунску, аднак трагедыя ў тым, што і там нікому не патрэбныя, калі толькі на “чорных,” нізкааплачваемых працах. Выключэньняў – адзінкі. Трагедыя інтэлігентных, думаючых людзей у тым, што яны ня могуць рэалізавацца ні на радзіме, ні за мяжой. Іх патэнцыял тут не патрэбен, і больш таго, шкодны для ўлады. А за мяжой твой лёс – тое ж жабрацтва. Дык вось выбар у нас невялікі.”
XS
SM
MD
LG