Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў беларускіх сем’ях мала дзяцей?


Радыё Свабода Чаму, на вашую думку, у беларускіх сем’ях мала дзяцей? Гэтым пытаньнем у людзей на вуліцах Менску цікавілася наша карэспандэнтка.

(Спадарыня: ) “Найперш гэта матэрыяльныя прычыны, я думаю. Ну, а ўсё астатняе ў нас вырашальнае”.

(Юнак: ) “Я думаю, што ў сям’і павінна быць два дзіцяці — і больш ня трэба. Сям’ю трэба забясьпечваць, а ў нас ня вельмі шмат плацяць”.

(Юначка: ) “Таму што гэта вельмі вялікая адказнасьць, патрэбна шмат сродкаў. А таксама, каб побач жылі бабуля ці дзядуля, якія змаглі б дапамагаць”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму, на вашую думку, у беларускіх сем’ях мала дзяцей?”

(Спадар: ) “Ня ведаю. Цяжка, пэўна, было, але цяпер будзе лепш. Трэба заўсёды на лепшае спадзявацца”.

(Спадарыня: ) “Мне падаецца, што гэта ўсё, пэўна, з-за надта імклівага жыцьця. Людзі цяпер хочуць шмат пасьпець, усяго дамагчыся. Я нават на сваім прыкладзе мяркую: я даволі позна займела дзіця й цяпер у мяне шмат розных ідэяў і плянаў. Таму я не хачу мець другое дзіця, каб многае пасьпець”.

(Спадар: ) “У мяне адно дзіця — з эканамічных прычынаў. Навошта пладзіць галечу? А магчымасьці ў нас якія, каб зарабіць? Звычайнай працай не заробіш. Я думаю, што шмат дзяцей могуць мець толькі багатыя сем’і. Яны могуць мець і тры-чатыры дзіцяці, бо здольныя даць ім усё неабходнае. Толькі гэта”.

(Спадарыня: ) “У мяне ўвогуле няма дзіцяці. А калі будзе — то адно. Бо заробкі нізкія, вось і ўсё”.

(Спадар: ) “У мяне двое дзяцей. На першае дзіця мы не атрымоўвалі дапамогі, а на другога вырашылі яе ўзяць. І я і жонка страцілі на гэта вельмі шмат часу й сілаў, бо вельмі шмат розных паперак давялося зьбіраць. Гэта першае. А другое, узровень мэдычнага абслугоўваньня. Калі мая жонка нараджала, то мне проста было страшна за яе. Таму трэцяе дзіця мы, напэўна, не захочам, бо ўжо з другім былі вялікія праблемы”.

Наша даведка: Афіцыйная статыстыка сьведчыць, што ад 1994 году насельніцтва Рэспублікі Беларусь штогоду меншае на 50 тысяч чалавек. Напачатку 2005 году ў Беларусі налічвалася 9 мільёнаў 800 тысяч грамадзянаў. На 1 студзеня 2006 году гэтая колькасьць зьменшылася да 9 мільёнаў 750 тысяч. За адзінаццаць месяцаў 2005 году перавышэньне колькасьці памерлых над нованароджанымі склала больш за 47 тысяч чалавек.

Навукоўцы заяўляюць, што для ўзнаўленьня насельніцтва краіны неабходна, каб кожная жанчына мела ня менш як двух дзяцей. Пры каэфіцыенце нараджальнасьці ніжэйшым за 1,6 пачынаецца выраджэньне нацыі. У Беларусі на 2003 год каэфіцыент нараджальнасьці склаў 1,3 дзіцяці на жанчыну. Паводле прагнозу цэнтру навінаў ААН, калі гэткае становішча ня зьменіцца, то да 2050 году жыхароў Беларусі паменшае яшчэ на 3 мільёны чалавек.

Радыё Свабода
XS
SM
MD
LG