Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы — пра заробкі за мяжой


Радыё Свабода Ці хацелі б вы паехаць на заробкі за мяжу? На гэтае пытаньне адказвалі жыхары Горадні, зь якімі размаўляў наш карэспандэнт.

(Спадар: ) “Напэўна, каб была магчымасьць, я б паехаў. Магчыма, лепей было б у скандынаўскія краіны. Мой знаёмы цяпер працуе ў Вялікабрытаніі. Тэлефанаваў нядаўна, зьбіраецца прыехаць купіць кватэру, грошы на яе зарабіў за паўтара году. Але зноў-такі: мінулы раз ён прыяжджаў, апавядаў, што мурыны яго там зьбілі. Карацей, зьвесткі даволі супярэчлівыя, але каб паўстала пытаньне, дык я сам напэўна паехаў бы, таму што тут я, на жаль, не магу зарабляць столькі, каб захоўваць уласную годнасьць”.

(Спадар: ) “Вы ведаеце, я лічу, што тут у мяне някепская праца, таму мне на Захадзе няма чаго рабіць. Я працую ў сфэры рытуальных паслугаў, таму работы хапае”.

(Малады спадар: ) “Я не хацеў бы за мяжу на заробкі, бо калі працаваць, тут можна зарабіць ня менш. Мае знаёмыя езьдзілі працаваць у Чэхію, а цяпер тут зарабляюць столькі ж”.

(Сталы спадар: ) “Я нікуды ехаць не хачу, у нас тут добра, і нас нідзе не чакаюць, вось і ўсё”.

(Маладзён: ) “Былі, канечне, такія думкі — паехаць кудысьці за мяжу падзарабіць. Лепей у Эўропу ехаць, бо ў Расеі, кажуць, падманваюць, ня плацяць, і вяртаюцца адтуль бяз грошай. Хаця было, што й зараблялі, але вось майго сябра ў Маскве ўвогуле забілі. Звалі яго Саша, паехаў туды на будоўлю. Абставіны сьмерці невядомыя, але факт, што прывезьлі дахаты й пахавалі ўжо”.

(Спадар: ) “Я таксама думаў пра заробкі, але вось быў такі выпадак: сябра прачытаў на слупе аб’яўку, што прапануюць у Магілёў — чыгунку чысьціць ад кустоўя. Усё, яны паехалі, а потым кіраўнік выняў бутэльку і разьліў у салёне, мабыць, кляфэлін ці што, хлопцы пачалі адключацца, а ён стаў зьбіраць пашпарты. Але мой сябра запярэчыў: я пашпарта ня здам. Яму пашанцавала, яго выкінулі з аўтобуса пад Лідай. А ўжо ўсім тады сказалі, што маршрут быў у Маскву. Калі гэта здарылася? Пару месяцаў таму”.

(Маладзён: ) “Два мае сябры езьдзілі ў Англію ад аграрнага ўнівэрсытэту. Адзін зь іх паўгадкі папрацаваў і набыў сабе машыну. Цяпер па Горадні езьдзіць на сваёй “мазьдзе”.

(Малады спадар: ) “Усе мае знаёмыя, хто езьдзіў на заробкі, усе павярталіся назад. Працавалі і ў Эўропе, і ў Расеі, і ў ЗША, паўсюль былі. Усё роўна яны кажуць, што тут стаўленьне да цябе лепшае, тут ты свой”.

(Малады спадар: ) “Думкі й пляны наконт працы за мяжой у мяне зьяўляліся неаднаразова. Але да гэтага справа не дайшла, хаця нават былі нармальныя прапановы наконт працы. Аднак я разважыў, што лепей працаваць дома і быць сваім сярод сваіх”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG