Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Летні альбом”: стылягі


Вінцэсь Мудроў, Полацак З пачаткам восені ня скончыўся наш "Летні альбом", у якім засталося яшчэ шмат неперагорнутых старонак. Таму на хвалях “Свабоды” аж да бабінага лета -- яшчэ месяц -- будзе гучаць праграма Вінцэся Мудрова пра рэчы важныя, страшныя, дэфіцытныя калісьці і сьмешныя цяпер.

Слова “стыляга” прыдумалі журналісты “Камсамольскай праўды”. Надарылася гэта дзесьці на пачатку 50-х гадоў, у прыпар барацьбы з касмапалітызмам. “Не вытыркайся!” – пісалі тады на вагонных вокнах. Гэты заклік стаўся жыцьцёвым крэдам савецкіх людзей. Маладыя людзі ў гаматных пінжаках, вузкіх портках ( так званых “дудачках”), і з устаўбуранай чупрынай першымі адкінулі гэтае крэда, і былі з тае нагоды бітыя як на яве, так і на старонках савецкага друку. Гаматны пінжак на плячах і стаўбурысты “кок” на галаве кваліфікаваліся савецкімі ідэолягамі як антыграмадзкая праява. Да таго ж, слова “стыляга” было з таго ж сынанімічнага раду, што й “дармаед”, “распусьнік” ды “здраднік”.

“Ты знаешь стиляг? Жилет “какаду”, и стильная обувь, и брючки, и юбочка клином “держи-упаду” у свежеокрашеной сучки”.

Гэта фрагмэнт выкрывальніцкай “паэзіі” таго часу. Між тым зьяўленьне стыляг было зьявай цалкам заканамернай: грамадзкая атмасфэра пацяплела, і адразу ж зьявіўся брадзільны элемэнт. Я асабіста ўпершыню ўбачыў стыляг у 1963 годзе, у Піцеры. Яны стаялі ля рэстарану “Садко” і на іх былі вузкія нагавіцы, стракатыя кашулі навыпуск і цёмныя акуляры на носе. Мая крэўная – цётка Вольга, якая жыла ў Піцеры і прывяла нас з маці паглядзець на стылягаў, -- паведаміла, што гэта скрозь дзеці прафэсараў ды іншых уплывовых людзей. Таму, каб пазьбегнуць скандалаў, са стылягамі разьбіраліся не работнікі міліцыі, а адмыслова створаныя камсамольскія дружыны. У пяцідзясятых гадох гэта былі “брыгадмільцы” – брыгады садзейнічаньня міліцыі, а ў шасьцідзясятых – камсамольскія апэратыўныя атрады.

Асабліва лютавалі “брыгадмільцы”. У іх былі шырокія паўнамоцтвы, і, затрымаўшы якога стылягу, яны часьцяком давалі таму кухталя ды распорвалі хірургічным скальпэлем вузкую калашыну. Падобны выпадак надарыўся з адным маім знаёмым: “брыгадмільцы” разьдзерлі яму штаны да самых каленяў. Паводле знаёмага, нагавіцы ягоныя мелі шырыню 17 сантымэтраў, і перад тым, як іх надзець, даводзілася намыльваць пятку. Знаёмы паведаміў таксама, што самым праблемным элемэнтам стыляжнага прыкіду былі чырвоныя шкарпэткі. Набыць іх было немагчыма.

На барацьбу з вэстфільскай заразай былі мабілізаваныя ня толькі паэты (“Таму і глядзім так сувора на хліпкіх стыляг і пралаз” – гэта ўжо наш Пімен Панчанка), але й майстры ды чаладнікі выяўленчага жанру. У Наваполацку за вітрынай крамы “Бярозка” месьціўся стэнд “Камсамольскага пражэктара”, і там часьцяком малявалі малпападобных зладзюганаў у вузкіх штанах.

У сярэдзіне шасьцідзясятых слова “стыляга” стала архаічным і вэстэрнізаваных маладзёнаў спачатку ахрысьцілі піжонамі, а потым валасацікамі. Гэта ўжо былі ня проста страката апранутыя маладыя людзі, а стыхійныя нонканфармісты. Дый прыкід у іх быў зусім іншы, і чырвоныя шкарпэткі былі апошнім элемэнтам, які лучыў іх са стылягамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG