Лінкі ўнівэрсальнага доступу

230 гадоў таму выйшла першая беларуская газэта


Сяргей Астраўцоў, Гародня Сёньня ў Горадні адбудзецца канфэрэнцыя, прысьвечаная першаму пэрыядычнаму выданьню на тэрыторыі Беларусі: 230 гадоў таму пачала выходзіць “Gazeta Grodzienska”, якая праіснавала да 1783 году. Чытаньні адбудуцца ў абласной бібліятэцы, што месьціцца ў Новым каралеўскім замку, якраз у правым крыле, дзе жыў апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, і дзе ён чытаў газэту, якую выдаваў Антоні Тызэнгаўз — кіраўнік гарадзенскай каралеўскай эканоміі.

Асобнікаў “Gazety Grodzienskiej” у Беларусі пакуль ня выяўлена. Адным з гарадзенскіх дасьледчыкаў, хто асабіста вывучаў выданьне у Варшаве стаў доктар навук, прафэсар гісторыі Вячаслаў Швед. Аднак дагэтуль не апублікаваны тэксты з “Gazety Grodzienskiej”, меркаваньне прафэсара Шведа:

(Швед:) “Я думаю, што ва ўжытак можна ўвесьці іх даволі хутка, застаецца толькі паехаць у Варшаву, адксэрыць усё і апублікаваць з уступным артыкулам, з камэнтарамі. У прынцыпе, навукова гэта зрабіць лёгка, стрымліваць будзе толькі фінансавы момант”.

Сёньня ў Новым замку выступіць суаўтар па дакладу з прафэсарам Шведам Сяргей Данскіх — кандыдат культуралягічных навук. Ён гаворыць, што сярод публікацый з гарадзенскага жыцьця ёсьць паведамленьні пра дзень нараджэньня таго ж Тызэнгаўза або ксяндза Фарнага касьцёлу: сьвяткаваліся такія даты з фэерверкамі, са стральбой з гарматаў. Было багата міжнародных паведамленьняў, і — такі цікавы факт — Сяргей Данскіх:

(Данскіх:) “А дарэчы, у караля былі прэтэнзыі да газэты, таму што ён двойчы рабіў вымовы Тызэнгаўзу, што газэта недакладна інтэрпрэтавала яго словы. Там было надрукавана, што кароль лічыць, што хутка ў Гішпаніі адновяць ордэн езуістаў. І кароль пісаў Тызэнгаўзу: што я так не лічу, і такога не казаў”.

Гарадзенскі журналіст Яўген Скрабоцкі таксама будзе выступаць на сёньняшняй канфэрэнцыі, ён дасьледаваў “Gazetu Grodziensku” у Кракаве.

(Скрабоцкі:) “Першы раз я яе знайшоў у Кракаве ў бібліятэцы Чартарыскіх сярод карэспандэнцыі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і Антонія Тызэнгаўза. І гэта для мяне было ўзрушэньне, таму што я бачыў аўтэнтычную газэтку, як яна выглядала, пра што там пісалася, і такіх газэтак я знайшоў каля пятнаццаці экзэмпляраў з рознымі датамі выданьня. Гэта радасьць вялікая”.

Спадар Скрабоцкі ў 1998 годзе нечакана знайшоў у Ягэлёнскай бібліятэцы яшчэ больш старое выданьне — “Awizy Grodzienskie” за 1698 год, аднак ён зазначае, што гэтае выданьне хутчэй можна назваць “інфармацыйным лістком”, бюлетэнем, а не газэтай.

На здымках:

Шыльдачка на доме, збудаваным самім Антоніем Тызэнгаўзам



Брама Новага каралеўскага замку



Былая езуіцкая аптэка, за якой у падворку была друкарня, дзе выдавалася “Gazeta Grodzienska”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG