Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлета сярод школьных падручнікаў – і кітайскі


Радыё Свабода Паводле інфармацыі Міністэрства адукацыі, да новага навучальнага года выдадзена 175 найменьняў падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для школы і 63 праграмы. Сёлета беларуская школа фактычна цалкам перайшла на нацыянальныя падручнікі. Упершыню выдадзеныя падручнік і рабочы сшытак па кітайскай мове, а таксама навучальныя дапаможнікі на дысках і дыскетах. Ці задавальняюць новыя беларускія падручнікі вучняў і настаўнікаў?

Школьнікі ў трэці вучэбны дзень пасьля вакацыяў наўрад ці змогуць ацаніць свае падручнікі – у лепшым выпадку, яны пасьпелі іх абгарнуць і адкрыць першы параграф. А настаўнікі ўжо грунтоўна азнаёміліся са зьместам падручнікаў. Больш за ўсё заўвагаў і прэтэнзіяў да падручнікаў для 9 клясы, дзе дзеці вучацца па новай 12-гадовай праграме. Распавядае настаўніца беларускай мовы і літаратуры з Полацаку Валерыя Сом.

(Сом: ) “Новыя падручнікі, да нас, да прыкладу, дайшлі толькі па мове. А тая праграма, якая ёсьць – мінулага году, яна не суадносіцца з гэтымі падручнікамі. Фактычна стары падручнік узялі, зрабілі новую вокладку, ня сінюю, а чырвоную, і ўсё. Мы павінны працаваць па новых праграмах 2006 году, але іх таксама пакуль яшчэ няма. Да прыкладу, у шостай клясе, паколькі гэтыя новыя праграмы яшчэ не дайшлі, зьменшылася колькасьць гадзінаў па літаратуры з 72-х да 54, і я ня ведаю, якія творы мне па праграме ня трэба вывучаць. Вельмі мала практыкаваньняў, якія па сучасных мэтодыках можна было б задаваць. На розныя ўзроўні амаль няма практыкаваньняў”.

Супрацоўнік Нацыянальнага інстытуту адукацыі на заўвагі настаўніцы адказаў наступным чынам:

(Чыноўнік: ) “Падручнікі зроблены, па-першае, двухузроўневыя. А што – падручнік павінен дубляваць праграму структурна? Не. Падручнік і праграма ўзаемазьвязаныя паміж сабой. Праграма фактычна выступае ў якасьці нарматыўнага дакумэнту, а падручнік адлюстроўвае, пераказвае раскладку таго зьместу навучаньня, які павінен засвоіць вучань”.

Намесьнік міністра адукацыі Казімір Фарыно распавядае пра новы падыход да стварэньня падручнікаў і дапаможнікаў.

(Фарыно: ) “Мы ўжо перайшлі ад выданьня проста падручнікаў да выданьня вучэбна-мэтадычных комплексаў. Да прыкладу, матэматыка. І адпаведна да яго ёсьць усё вучэбна-мэтадычнае забесьпячэньне, рэкамэндацыі настаўнікам, дыдактычныя раздатачныя матэрыялы”.

Магчыма, сталіцу такімі вучэбна-мэтадычнымі комплексамі і забясьпечваюць. Да рэгіёнаў яны не заўсёды даходзяць. Гаворыць полацкая настаўніца Валерыя Сом.

(Сом: ) “Мы гэтых дапаможнікаў фактычна ня бачым. У лепшым выпадку адзін на школу прыходзіць: хто першым ухопіць, той па ім і працуе. Да Полацку большасьць усяго гэтага не даходзіць. Зараз напрыдумана рознымі выдавецтвамі шмат розных працоўных сшыткаў, і было б вельмі клясна, каб можна было б раздаць гэтыя сшыткі на клясу. Але вось у мяне ўскраінная школа, дзеці з розным фінансавым становішчам, і большая частка клясы гэтыя сшыткі не купляе. І працаваць нармальным чынам немагчыма”.
XS
SM
MD
LG