Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З прыватнага сэктару – на “памыйку” (фота)


Ігар Карней, Менск Апошнім часам Менск заўважна разбудоўваецца. На месцы былых вёсак і прыватнага сэктару зьяўляюцца забудовы, кошты кватэраў у якіх паступова набліжаюцца да ўсясьветных. Яскравы прыклад таму – комплекс “Залаты маёнтак” на скрыжаваньнях вуліц Панфілава-Грыбаедава-Масквіна. Навасёлы купляюць там кватэры па цане 1500 эўра за квадратны мэтар, а гаспадарам зьнесеных дамоў прапануюць жытло, пабудаванае яшчэ паўстагодзьдзя таму.

Дом сям’і Жаркевічаў у самым эпіцэнтры будоўлі. Пад’ёмныя краны пераносяць грузы над старым дахам, а бэтонамяшалка спыняецца толькі на ноч. Пад “вытворчыя мэты” у Жаркевічаў экспрапрыявалі агарод, а дайсьці да дзьвярэй хаты можна толькі праз вузкі праход. 85-гадовая баба Наста за 60 гадоў, пражытых у Менску, ні з чым падобным яшчэ не сутыкалася.

(Жаркевіч: ) “Ад 1946 году мы тут. 2 кастрычніка 1946-га сюды пераехалі. І вось дажыліся: за вадой нават прайсьці нельга. А я ўжо валяюся, калі мяне распрануць, я ўся сіняя. Што яны тут нарабілі? Немцы і тое так бы ня зьдзекваліся, як нашы ўтварылі. Нідзе прайсьці нельга”.

Прадстаўніца другога пакаленьня Жаркевічаў, Любоў Аляксандраўна, расказвае, што жыхароў прыватнага сэктару папросту паставілі перад фактам: паводле Генэральнага пляну забудовы Менску дамы ў раёне вуліц Ціміразева будуць зьнесеныя, а іх месца зойме комплекс сучаснай малапавярховай забудовы.

(Жаркевіч: ) “Увогуле мы з 1998 году на будоўлі жывём. Яшчэ як першы дом будавалі, загадзілі наш надзел. Казалі: бабуля, не хвалюйся, Аляксандраўна, не хвалюйся, хутка дом пабудуем. Але нас ніхто не запытваў: хочаце вы адсюль сыходзіць, ня хочаце? Прыйшлі з міліцыяй, нешта прапаноўвалі, абражалі, як людзей трэцяга гатунку. Маўляў, ты што, захацела на Канарах жыць, такая-разгэтакая. І сабак цкавалі на нас. А прапануюць памыйкі. З адной памыйкі на іншую. Па-чалавечы з намі гаварыць ніхто ня хоча”.

На тры сям’і, прыпісаныя у доме, выдзяляюць дзьве аднапакаёвыя кватэры. Спадарыня Жаркевіч наўпрост параўноўвае варыянты з “бамжатнікамі”.

(Жаркевіч: ) “Мы езьдзілі па гэтых кватэрах: альбо грыб зжэр, альбо бамжы жылі. Усе дамы 1954-56 гадоў. А ўвогуле сказалі, што могуць і да 1941 году варыянты быць, абы толькі прыбіральня ў кватэры была. Мы згодныя на добраўпарадкаваную кватэру, але ж тут заходзіш наўпрост у бамжатнік! Запытваю: ванну, унітаз будуць мяняць? Не. Гнілыя вокны мяняць не зьбіраюцца. Падлогу гнілую, дзьверы таксама не мяняюць. Толькі касмэтычны рамонт будуць рабіць, і ўсё”.

Любоў Жаркевіч дадае: спробы аформіць ва ўласнасьць зямлю блякаваліся яшчэ ад канца 1990-х. Маўляў, карыстацца ёй можна, але ўласнасьцю ёсьць толькі дом на зямельным надзеле. Гэта значыць, гарадзкія чыноўнікі ўжо тады ведалі, што зямля будзе падмуркам зусім для іншых праектаў.

(Жаркевіч: ) “Я, шчыра кажучы, ні ўва што ўжо ня веру. Я пахадзіла па ўсіх інстанцыях, і такое адчуваньне, што ў нас ці карупцыя павальная, ці ўсім ўжо аплачана. Акрамя нас. Мяркуйце самі: дом у прыватнай уласнасьці з зямлёю ў пажыцьцёвым карыстаньні. Ад мяне мусіць перайсьці да сына, ад сына да ягонай дачкі і г.д. І яны ж павінны былі хоць бы папярэдзіць, запытацца. Мы ўвогуле ў 2001 годзе хацелі зямлю адпаведна аформіць, выкупіць і будавацца тут самім. Нам увесь час адказвалі толькі адно: няма такой магчымасьці”.

У юрыдычным аддзеле Менгарвыканкаму сытуацыю пракамэнтавалі ляканічна: пытаньні зямельных адносінаў рэгулююцца артыкулам 9 закону “Аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні” і артыкулам 6 Кодэксу Рэспублікі Беларусь “Аб зямлі”. Чым выканкам і карыстаецца.

На здымках: Менск поўны кантрастаў: эліта мяжуе з галечай (фота аўтара)



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG