Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейская кааліцыя заклікае не разбураць адзінства дэмсілаў


Радыё Свабода Эўрапейская кааліцыя, якая аб’ядноўвае тры палітычныя партыі і шэраг грамадзкіх арганізацыяў, выступіла са зваротам, дзе крытыкуецца ідэя правядзеньня новага кангрэсу і рэвізіі Рэглямэнту ды Пагадненьня аб утварэньні Кансультацыйнай рады дэмакратычных сілаў. Такія крокі, лічаць падпісанты звароту, могуць парушыць адзінства апазыцыі.

Ініцыятар звароту – лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Мікола Статкевіч. Яго падтрымалі іншыя суб’екты кааліцыі. Прынамсі, тыя, што маюць галасы ў Кансультацыйнай радзе дэмсілаў. Гэта прадстаўнікі жаночай партыі "Надзея", незарэгістраванай Партыі свабоды і прагрэсу Ўладзімера Навасяда, а таксама незарэгістраванага "Маладога фронту". Усе яны занепакоеныя, што новы кангрэс, калі яго хутка праводзіць, "ператворыцца ў арэну міжпартыйнай барацьбы".

Эўрапейская кааліцыя лічыць мэтазгодным скліканьне Кангрэсу толькі напярэдадні палітычнай кампаніі “Парлямэнцкія выбары-2008” альбо ў выпадку пагрозы незалежнасьці Беларусі, падкрэсьлівае Мікола Статкевіч:

(Стакевіч: ) "Мы не чакаем хуткім часам ні прэзыдэнцкіх выбараў, ні рэвалюцыі. І пытаньне лідэрства зараз ня самае актуальнае. Лёгка прадбачыць, што сабраўшы Кангрэс, на якім не вырашаюцца ніякія лёсавызначальныя пытаньні, там непазьбежна разьвернецца барацьба за лідэрства. Замест таго, каб усё ж займацца рэальнай працай, займацца барацьбой унутры сябе – гэта, як кажуць вайскоўцы: "Фігня – вайна, галоўнае – манэўры".

Прыхільнікі хутчэйшага правядзеньня Кангрэсу дэмсілаў пераважна тлумачаць такую неабходнасьць патрэбай абмеркаваць стратэгію ды тактыку палітычнай апазыцыі напярэдадні выбарчай кампаніі ў мясцовыя органы ўлады. У спадара Статкевіча да гэтага аргумэнту стаўленьне скептычнае:

(Статкевіч: ) "Думаю, стратэгію й тактыку не абмяркоўваюць на сходзе колькасьцю каля тысячы чалавек. Такая колькасьць гатовая толькі зацьвердзіць іх.

Лідэр Аб''яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька выступае за абнаўленьне складу ўдзельнікаў Кангрэсу дэмсілаў. І зьвязвае гэты працэс непасрэдна з рэгіянальнай выбарчай кампаніяй. Ён нагадвае: летась удзельнікаў Кангрэсу абіралі на сходах з удзелам больш за 5 тысяч чалавек. Праз выбарчую кампанію гэтая колькасьць можа ўзрасьці да паўмільёна.

(Лябедзька: ) "Ёсьць прапанова, каб кожны патэнцыйны кандыдат у дэпутаты сабраў 400 ці 500 галасоў ня толькі за сваё вылучэньне, але й фактычна за сваё абраньне дэлегатам Кангрэсу. І калі кожны з тысячы кандыдатаў зьбярэ свае 500 подпісаў, дык легітымнасьць новага Кангрэсу будзе грунтавацца на волі паўмільёна грамадзянаў Беларусі, паўмільёна выбарцаў. Гэта ж выдатна! Гэта, насамрэч, будзе Кангрэс, які грунтуецца на моцнай падтрымцы нашых выбарцаў".

Гл. таксама • Якая стратэгія апазыцыі на восень?
XS
SM
MD
LG