Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Адмыслоўцы абвяргаюць кансьпіралягічныя тэорыі пра 11 верасьня 2001г.


Юры Дракахруст, Прага Праз тыдзень – пятая гадавіна самай буйной тэрарыстычнай атакі на Злучаныя Штаты Амэрыкі. Дагэтуль працягваюцца спрэчкі пра прычыны пра прычыны трагедыі, як гэта часта бывае, даволі жывучымі аказваюцца кансьпіралягічныя вэрсіі падзеяў. Днямі дзярждэпартамэнт ЗША і Нацыянальны інстытут стандартаў і тэхналёгіі абнародавалі справаздачы, у якіх абвяргаюцца падобныя меркаваньні. З публікацыяй у "New York Times" на гэтую тэму вас азнаёміць Юры Дракахруст.

Падчас рэпрэзэнтатыўнага апытаньня, праведзенага сёлета ў штаце Агаё, кожны трэці апытаны падзяліў думку, што амэрыканскі ўрад дазволіў адбыцца тэрарыстычным нападам 11 верасьня 2001 году і, можа, нават і сам ім спрыяў. 16% апытаных выказалі меркаваньне, што разбурэньню Ўсясьветнага гандлёвага цэнтру спрыяла выбухоўка, загадзя закладзеная ў будынак. Падобныя вэрсіі даволі шырока гуляюць у Інтэрнэце, паводле іх амэрыканскі ўрад адмыслова справакаваў, выклікаў ці нават арганізаваў катастрафічны тэракт, каб атрымаць падставу для любых, у тым ліку і ваенных дзеяньняў на Блізкім Усходзе.

Адна з самых распаўсюджаных кансьпіралягічных вэрсіяў палягае ў тым, што самалёты, якія ўрэзаліся ў вежы-блізьняты, былі толькі дэтанатарам, маўляў, зьнішчыла будынкі схаваная выбухоўка.

Дзьве справаздачы – Дзярждэпартамэнту і Нацыянальнага інстытуту стандартаў і тэхналёгіі, абнародаваныя гэтымі днямі, спрабуюць адказаць на пытаньне – як гэта было, і абвергнуць "змоўніцкія" сцэнары.

У дакладзе інстытуту прыводзіцца разьлік, паводле якога для падобнага эфэкту трэба было б некалькі тонаў нават эфэктыўнай выбухоўкі. Яе трэба было б занесьці ў будынак і ўсталяваць. Аднак ніводзін са сьведкаў, ніводзін з тых, хто быў і працаваў ва Ўсясьветным гандлёвым цэнтры напярэдадні нападу, нічога не паведамляюць пра падобную дзейнасьць. Акрамя таго, калі б сапраўды вежы былі нашпігаваныя выбухоўкай, то абрынаньне будынкаў пачалося б адразу пасьля таго, як самалёты ўрэзаліся ў іх. Але насамрэч разбурэньне пачалося значна пазьней.

У дакладзе Дзярждэпартамэнту прыводзяцца малавядомыя дадзеныя аб працы сэйсмографаў адной нью-ёрскай прыватнай кампаніі. Гэтыя прыборы, усталяваныя на будаўнічых пляцоўках у Брукліне і Мангэтане, тады, 11 верасьня 2001 году, зафіксавалі страсеньне ад падзеньня вежаў. Ніякіх іншых ваганьняў сэйсмографы не зафіксавалі, хаця калі б абрынаньню вежаў папярэднічаў моцны выбух, то ён быў бы зафіксаваны.

Прадстаўнік Нацыянальнага інстытуту стандартаў і тэхналёгіі Майкл Ньюман, прадстаўляючы справаздачу, сказаў, што інстытут і не спадзяваўся пераканаць зацятых прыхільнікаў тэорыі змовы, бо гэта немагчыма паводле вызначэньня.

Адзін з такіх людзей, Кевін Раян, уладальнік інтэрнэт-сайту, прысьвечанага падзеям 11 верасьня, адказвае, што сапраўды не зьмяніў сваё меркаваньне, але не з прычыны зацятасьці, а з прычыны неабгрунтаванасьці аргумэнтаў Нацыянальнага інстытуту стандартаў і тэхналёгіі.

Аднадумца Раяна, прафэсар фізыкі Стывэн Джонс піша, што ў рэштках вежаў-блізнятаў была знойдзеная літая сталь. Паводле Джонса, гэта аргумэнт за тое, што была ўжытая выбухоўка, удар самалёта ня мог стварыць такую высокую тэмпэратуру, пры якой плавіцца сталь.

Апанэнты абвяргаюць гэта, яны кажуць, што калі б літая сталь была ў рэштках будынкаў, яна б пашкодзіла бульдозэры, якія разграбалі завалы, але гэтага не адбылося.

Канчатковыя высновы справаздачаў Дзярждэпартамэнту і Нацыянальнага інстытуту стандартаў і тэхналёгіі пазбаўленыя сэнсацыйнасьці – прычынай катастрофы сталі захопленыя тэрарыстамі самалёты, якія ўрэзаліся ў вежы Усясьветнага гандлёвага цэнтру.

Да матэрыялу ў "New York Times" варта дадаць, што ўзьнікненьне падобных кансьпіралягічных вэрсіяў жахлівых катастрофаў – даволі распаўсюджаная зьява. Прадухіліць іх распаўсюд немагчыма нават у несвабодным грамадзтве. Але свабоднае грамадзтва мае сродак супрацьдзеяньня ім якраз у адсутнасьці перашкодаў і ў свабодным, усебаковым і аргумэнтаваным абмеркаваньні.
XS
SM
MD
LG