Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Падтрымка Лукашэнкі на вёсцы амаль усеагульная”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. (эфір 3 верасьня).

Якія настроі пануюць у беларускай вёсцы? Ці па-ранейшаму сельскае насельніцтва застаецца галоўнай палітычнай апорай цяперашняй улады? На гэтыя ды іншыя пытаньні, зьвязаныя з жыцьцём у вёсцы, спрабуюць адказаць у сваіх лістах на “Свабоду” многія нашы слухачы.

Для пачатку сёньняшняй размовы я выбраў электронны ліст ад настаўніка Андрэя Сьмірнова зь Менску. Слухач разважае пра цяперашнія настроі вясковых жыхароў, грунтуючыся на ўласных назіраньнях і гутарках.

“Прывітаньне, спадар Валянцін", — зьвяртаецца да мяне Андрэй Сьмірноў. — "Свой працяглы настаўніцкі водпуск мне даводзіцца заўсёды праводзіць на вёсцы ў бацькоў, і за лета я пачынаю значна лепш разумець тую большасьць людзей, на галасы якой абапіраецца Лукашэнка, каб круціць законамі й любым коштам захаваць сваю уладу. Трэба прызнаць, што падтрымка яго на вёсцы амаль усеагульная і неабвержная. Прычым, аргумэнты вяскоўцамі не ўспрымаюцца. Пра нешта яны пачынаюць задумвацца толькі тады, калі прыводзіш канкрэтныя прыклады.

Скажам, мае аднавяскоўцы дагэтуль лічаць Галіну Радзівонаўну рэальнай жонкай прэзыдэнта, якая жыве зь ім у Драздах. Ну, як жа, вось у “Советской Белоруссии” ў дэклярацыі аб даходах яна ўказаная як жонка. А скажаш, што Казулін пра ўсё па тэлевізары расказаў, дык у адказ: “Дык эта ж всё враньё. Яво ж за эта пасадзят”. Вось і пасадзілі на пяць з паловай гадоў. Ці не зашмат, пытаю, далі? “А вось правільна зрабілі! Хай ня меле абы-што!”

Цяпер усе чакаюць калгасных камбайнаў — калі прышлюць іх на прыватныя ўчасткі. Пасьля дажджу калосьсе ва ўсіх палягло, прарасло ў зямлю і зарастае бур’янам. Абмалот аднае соткі будзе каштаваць тры тысячы рублёў. У сярэднім прыйдзецца аддаць тысяч семдзесят. А ці атрымаецца хоць кіляграмаў сто намалаціць? Сумняюся. А за гэтыя ж грошы можна тае ж пярлоўкі якаснай больш за сто кілё набыць сваім курам. Навошта марнаваць сілы і здароўе ў такую непагадзь? Суседні фэрмэр спакойна ўсё падлічыў — і вырашыў проста пераараць свой кавалак. Але ў простага чалавека розум, мабыць, па-іншаму працуе. Ён ня здольны да крытычнага аналізу інфармацыі. Таму і маем, што маем. На зіму патрэбна машына дроваў — гэта трыста тысяч рублёў. Чатыры балёны газу — яшчэ сто тысяч. Але хто гэта лічыць?! Людзі добра памятаюць, як папярэднія камуністычныя ўлады фактычна вынішчалі вёску фізычна. Нават у зусім нядаўні брэжнеўскі хвалёны час, каб накасіць на балоце сваёй карове сена, трэба было папярэдне ўдвая больш нарыхтаваць таго ж сена і здаць у калгас. Прычым, усё гэта ў свой вольны непрацоўны час. Людзі добра памятаюць гэта.

І сёньня чаканьне камбайна на свой гнілы агарод — гэта ўжо не для прыбытку. Гэта проста каб адчуць, што іх не забылі канчаткова, што яны патрэбныя сваёй дзяржаве і прэзыдэнту. А што яшчэ трэба сталаму простаму чалавеку?!”

Так, спадар Сьмірноў, многае тут тлумачыцца жыцьцёвым досьведам, памяцьцю тых людзей, якія складаюць сёньня асноўную частку вясковага насельніцтва. З чым яны параўноўваюць цяперашнюю калгасную рэчаіснасьць? З 1950—1960—1970-мі гадамі, калі самі былі маладыя і працаздольныя. Як у той час жыла вёска (тады яшчэ шматлюдная)? Мізэрныя заробкі (а то і ўвогуле адсутнасьць грашовай аплаты); цяжкая фізычная праца; адсутнасьць пэнсіяў у калгасьнікаў; жорсткія абмежаваньні з боку калгасу для прыватных гаспадарак (пасьвіць не калгасных кароваў дазвалялі ў лепшым выпадку на няўдобіцах; соткі людзям давалі на самых неўрадлівых землях).

Сёньня, прыяжджаючы ў родную вёску ў Шчучынскім раёне, я бачу, як тыя пашы, на якіх калісьці пад пагрозай штрафу і суду саўгасныя начальнікі забаранялі пасьвіць прыватных кароваў, зарастаюць хмызьняком. А палі, якія калісьці засявалі жытам і ячменем, засаджваюць лесам: апрацоўваць іх няма каму. “Цяпер можна жыць, — хваляць уладу многія мае аднавяскоўцы. — Ня тое, што раней. Пэнсію плацяць акуратна, бульбу садзі дзе хочаш, быдла пасьві — дзе душа пажадае…” Нібы забываюць, што апошнюю карову ў вёсцы здалі на мясакамбінат яшчэ год таму.

У нашай пошце па-ранейшаму нямала лістоў, аўтары якіх згадваюць падзеі 15-гадовай даўніны, якія сталі вырашальнымі для лёсу былых савецкіх рэспублік — жнівеньскі камуністычны путч у Маскве, забарона дзейнасьці КПСС, абвяшчэньне і ўмацаваньне незалежнасьці. Аўтар аднаго зь лістоў на гэту тэму — наш даўні сябар Анатоль Жэрдзеў з Гомелю.

“На той час спаборніцтва бальшавізму з капіталізмам прыйшло да свайго фіналу, — піша слухач. — Ніякія путчысты не маглі ўжо нічога зьмяніць, не памяняўшы ўсю сыстэму. З-за развалу эканомікі зьнізіліся тэмпы жыльлёвага будаўніцтва, зьявіліся талёны на некаторыя тавары першай неабходнасьці. Бязь зьнешніх інвэстыцыяў СССР мог неўзабаве ператварыцца ў Паўночную Карэю. Гэта прывяло б найперш да развалу Варшаўскага блёку, а потым і да развалу ўсяго СССР. Бяз вонкавай падтрымкі Савецкі Саюз існаваць ужо ня мог. Калі б путчысты захапілі ўладу, то, як кажуць, нядоўга музыка іграла б. Хутчэй за ўсё, быў бы югаслаўскі варыянт, толькі яшчэ больш маштабны і жудасны.

Сёньняшняя сыстэма ў Беларусі ёсьць копіяй эканамічнай сыстэмы СССР, і яна ня можа існаваць бяз вонкавай падтрымкі. У такіх умовах з кожным годам будзе павялічвацца залежнасьць Беларусі ад Расеі. Калі цэны на нафту і газ моцна зьнізяцца, то расейскія алігархі (чытай — зладзюгі) паўцякаюць са сваімі далярамі за мяжу, і Расея зноў апынецца ў заняпадзе. Такім чынам, Расея атрымала адтэрмінаваны развал, альбо расьцягнуты ў часе путч. На жаль, людзі гэтага яшчэ ня ўцямілі, і гэта вельмі небясьпечна для Беларусі”.

Відавочна, спадар Жэрдзеў, многія ў Расеі небясьпеку такога сцэнару ўсьведамляюць. Ці не таму ў расейскай эканоміцы адбываецца ня толькі ўзбагачэньне алігархаў, але і многія іншыя працэсы, у тым ліку абнаўленьне вытворчасьці, стварэньне з удзелам заходніх інвэстараў сучасных прамысловых прадпрыемстваў, выкарыстаньне нафтавых і газавых звышдаходаў на маштабныя сацыяльныя праекты, у прыватнасьці — на сетку новых дарог, шпіталяў, школаў. Дый расейскія алігархі не пачуваюцца ў сёньняшняй Расеі надта ўжо вольна і самастойна: Крэмль прымусіў іх дзяліцца звышпрыбыткамі. Ён жа прынцыпова мяняе свае эканамічныя дачыненьні з суседнімі краінамі, у тым ліку і зь Беларусьсю. Эпоха абмену братэрскіх пацалункаў на танныя расейскія нафту і газ мінае. І наўрад ці вернецца.

У сваім лісьце Анатоль Жэрдзеў таксама выказвае прэтэнзіі да дзейнасьці Клюбу сяброў “Свабоды”. “Чаму спынілася стварэньне гэтага Клюбу? — пытаецца Анатоль Жэрдзеў. — З гэтым пытаньнем я ўжо зьвяртаўся да вас раней і патрабую адказу”.

Стварэньне Клюбу сяброў “Свабоды” не спынілася, спадар Жэрдзеў, — яно працягваецца, і з кожным тыднем кола нашых сяброў шырыцца. Днямі і вы, і сотні іншых нашых актыўных слухачоў, аўтараў лістоў і тэлефанаваньняў атрымаеце поштай ліст з падрабязным расповедам пра нашы пляны, а таксама з анкетай, адказы на пытаньні якой дапамогуць нам лепш арыентавацца ў слухацкіх запатрабаваньнях.

Кароткі ліст ад Міхаіла Іванова зь вёскі Стайкі Магілёўскага раёну:

“Нядаўна прачытаў у “Народнай Волі” выступ Аляксандра Казуліна пад назвай “Мы маем права жыць лепш” — і абурыўся. Чаму газэта друкуе ня ўсё, пра што гаворыць Казулін? Дзе падрабязнасьці асабістага жыцьця Лукашэнкі? З кім ён жыве ў сваёй рэзыдэнцыі ў Драздах? Чаму яго законная жонка застаецца ў Шклове? Ці праўда, што адзін зь ягоных сыноў рыхтуецца стаць прэзыдэнтам пасьля бацькі? Пра ўсё гэта Казулін гаварыў у сваіх тэлевізійных выступах у сакавіку, і людзі пра гэта хочуць ведаць. А даведацца няма адкуль. Няхай бы ваша радыё падрабязна пра ўсё гэта паведаміла, а мы паслухаем”.

Як вы, спадар Іваноў, напэўна, ведаеце, Аляксандар Казулін нядаўна асуджаны на пяць з паловай гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганстве і супраціве міліцыі. Многія лічаць, што трапіў у турму былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта не ў апошнюю чаргу праз свае вострыя сакавіцкія выступы па тэлебачаньні.

Вядома, у дэмакратычным грамадзтве людзі маюць шырокую інфармацыю аб прыватным жыцьці публічных палітыкаў — асабліва высокапастаўленых, ад якіх залежыць лёс дзяржавы. Там гэта лічыцца нормай палітычнага і грамадзкага жыцыця. У Беларусі падобная інфармацыя закрытая для шырокай публікі. Як вынік, чутак шмат, а афіцыйна пацьвердзіць ці абвергнуць іх фактычна немагчыма. Таму і вымушаныя абыходзіць гэтую тэму сродкі масавай інфармацыі.

Цягам апошніх дзён нам таксама напісалі Алесь Ляскоўскі зь вёскі Сугакі Ваўкавыскага раёну, Васіль Валошка зь мястэчка Радашкавічы Маладэчанскага раёну, Мікола Канаховіч з Пружанаў, Віктар Буто і Максім Бярэзінскі зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG