Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч будзе судзіцца з БТ


Радыё Свабода, Менск Аляксандар Мілінкевіч на гэтым тыдні зьбіраецца абскардзіць праз суд паведамленьні першага каналу Беларускага тэлебачаньня, якія, як ён лічыць, дыскрэдытуюць яго і ягоную сям’ю. Учора на БТ у перадачы “У цэнтры ўвагі” выйшаў чарговы сюжэт, дзе паведамлялася, што старэйшы сын Мілінкевіча Аляксандар скупляе сядзібы ў роднай вёсцы Бершты Шчучынскага раёну.

У апошнім сюжэце БТ паведамляла, што сын апазыцыйнага палітыка Аляксандар скупляе ўчасткі і будуе сядзібы за грошы Захаду, і таксама заявілі, што ў гэтых будынках могуць праводзіцца апазыцыйныя сходы.

Лідэр апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч ацаніў гэты сюжэт БТ як працяг кампаніі дзеля дыскрэдытацыі ягонай сям’і:

(Мілінкевіч: ) “Двух сыноў ужо брудам аблілі, цяпер ужо трэцяга, апошняга… Гэта не сядзібы, гэта старыя сялянскія хаты, пабудаваныя да вайны, пустыя, якія стаяць у вёсцы. Я вельмі хачу адрадзіць вёску Бершты, і сын мне ў гэтым дапамагае. Мы хацелі б займацца экалягічным турызмам, адрадзіць рамёствы. Таксама такі плян ёсьць”.

Старэйшы сын спадара Мілінкевіча Аляксандар, якому больш за трыццаць гадоў, сапраўды нядаўна купіў дзьве занядбаныя сядзібы ў Берштах. У адным са сваіх будынкаў у Берштах спадар Мілінкевіч ужо разьмясьціў этнаграфічны музэй, паведаміла ягоная жонка Іна Кулей.

Як зазначыла Іна Кулей, у суд Першамайскага раёну Менску ўжо падрыхтаваныя скаргі на БТ — з нагоды зьнявагі гонару й годнасьці ў перадачах “У цэнтры ўвагі” 13 і 27 жніўня.

(Кулей: ) “Гэта поўная абраза і няпраўда, тэлебачаньне ня мае права абліваць брудам людзей”.

Паводле Іны Кулей, учорашнюю перадачу БТ яшчэ вывучаюць юрысты.

Вядоўца праграмы “Ў цэнтры ўвагі” Юры Пракопаў перакананы, што ў апошніх яго перадачах не было нэгатыўных ацэнак Мілінкевіча і ягонай сям’і. Што ж да таго, што самому Мілінкевічу не далі слова, то, паводле спадара Пракопава, канцэпцыя сюжэту гэтага і не прадугледжвала. Тое ж, што ягоная перадача трэці раз запар зьвяртаецца да праблемаў сям’і Мілінкевіча, спадар Пракопаў патлумачыў гэтак:

(Пракопаў: ) “У нас па Мілінкевічу ніякай кампанейшчыны няма. Паведамляем па меры зьяўленьня цікавай інфармацыі. Якая ж тут дыскрэдытацыя? Наадварот — добра”.

У Навадворскім сельсавеце Шчучынскага раёну адмовіліся камэнтаваць інфармацыю БТ пра А.Мілінкевіча.
XS
SM
MD
LG