Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч гаварыў у Францыі пра незалежнасьць Беларусі


Радыё Свабода Лідэр беларускай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч сёньня вярнуўся з Францыі, дзе сустракаўся зь міністрам унутраных справаў гэтай краіны Нікаля Сарказі, міністрам замежных справаў Філіпам Дуст-Блезі, старшынём Парлямэнцкай асамблеі НАТО П’ерам Лялюшам.

Асноўная мэта перамоваў — абмеркаваньне палітычнай сытуацыі ў Беларусі, падтрымка Францыяй беларускай незалежнасьці, салідарнасьць міжнароднай супольнасьці зь беларускімі палітвязьнямі, паведаміла прэсавая служба Аляксандра Мілінкевіча. Сам спадар Мілінкевіч гэтак ацаніў вынікі сваёй паездкі ў Францыю:

(Мілінкевіч: ) “Галоўная мэта паездкі — гэта меркаваны рэфэрэндум. Для мяне гэта пагроза ліквідацыі Беларусі — лічу, што яна на гэты раз сур’ёзная, гэта ўжо не рытуальныя танцы, якія былі раней. Праўдападобна, што сапраўды дойдзе да рэфэрэндуму. Думаю, што ўсё залежыць ад нас, наколькі мы сур’ёзна ўспрымем гэта й будзем пратэставаць. Але як адрэагуе міжнародная супольнасьць, таксама надзвычай важна. Неабходна, каб заходнія дэмакратычныя краіны апрыёры заявілі, што яны ўжо сёньня не прызнаюць таго рэфэрэндуму, які мае адбыцца… І такое разуменьне там ёсьць. Іншая справа — міжнародныя мэханізмы, з дапамогай якіх гэта будзе зроблена. Тут дэклярацыяў мала, тут патрэбныя сур’ёзныя рашэньні — прычым, скаардынаваныя”.
XS
SM
MD
LG