Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сакрату Яновічу – 70 гадоў


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Сёньня спаўняецца 70 гадоў вядомаму беларускаму пісьменьніку зь Беласточчыны Сакрату Яновічу – з гэтай нагоды ён даў нашаму радыё інтэрвію.

На пачатак размовы я запытаўся спадара Яновіча, як ён адзначае сваё сёньняшні юбілей, якога падарунка чакае?

(Яновіч: ) “Перш за ўсё – бутэльку чырвонага віна вугорскага! Ці гэта зашмат? Бо які яшчэ падарунак я магу сабе пажадаць – як найлепшага здароўя, хіба”.

Сакрат Яновіч кажа, што сёньня ягонае самаадчуваньне заўважна палепшылася.

(Яновіч: ) “На дзіва, адчуваю сябе вельмі добра сёньня – учора горш было. Абудзілі з раньня віншавальныя тэлефанаваньні – ня мог нават пасьнедаць. Дык урэшце ўзяў у левую руку тэлефонную слухаўку, а ў правую – лыжку, так і сьнедаў”.

І традыцыйнае пытаньне – пра творчыя пляны. Як аказалася, на сёньняшні дзень пісьменьнік займацца перадусім выданьнем чарговага нумару “Году Беларускага” – "Annus Albaruthenicus", шматмоўнага выданьня, прысьвечанага беларускай літаратуры, але прызначанага перадусім менавіта тым, хто цікавіцца беларускай літаратурай за мяжой.

(Яновіч: ) “Творчы плян у мяне адзін – напісаць добрае апавяданьне. Як напішу адно, дык хочацца яшчэ адно, а як яшчэ адно, дык і наступнае хочацца напісаць. Вось так яно і ідзе. Але цяпер я галоўным чынам засяроджаны на выданьне восьмага нумару “Году Беларускага”. Гэты праект мне прыйшоў у галаву ў 200 годзе. Думаю, калі яны мяне там паўсюль выдаюць ды перакладаюць, дык скарыстаюся я з гэтага дзеля таго, каб увесьці ў сьвядомасьць літаратурнай Эўропы існаваньне беларускай літаратуры”.

Сказаў радыё Свабода Сакрат Яновіч у дзень свайго 70-гадовага юбілею.



Сакрат Яновіч нарадзіўся 4 верасьня 1936 году ў мястэчку Крынкі, дзе жыве і цяпер. Скончыў аддзяленьне польскай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту, дэбютаваў як літаратар у 1956 годзе на старонках тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”. Піша на беларускай і польскай мовах. За часамі ПНР Сакрата Яновіча перасьледавалі “за беларускі нацыяналізм”, а ўжо ў свабоднай Польшчы ўганаравалі шэрагам прэстыжных літаратурных прэміяў і дзяржаўных узнагародаў.

XS
SM
MD
LG