Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія зьмены напаткаюць беларускі правапіс?


Ганна Соўсь, Менск Неўзабаве будуць прынятыя новыя правілы правапісу і пунктуацыі беларускай мовы. Якія канкрэтна зьмены і ўдакладненьні будуць уведзеныя? Ці доўгі будзе пераходны пэрыяд адначасовага дзеяньня старых і новых правілаў? Ці хутка зьмены будуць унесеныя ў мэтадычную і навучальную літаратуру? Пра гэта нашая карэспандэнтка пагутарыла з дырэктарам Інстытуту мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі Аляксандрам Лукашанцам.

Аляксандар Лукашанец тлумачыць для Радыё Свабода, у чым палягаюць асноўныя зьмены ў правілы правапісу і пунктуацыі беларускай мовы — гэтыя зьмены распрацавалі навукоўцы з акадэмічнага Інстытуту мовазнаўства і зь Міністэрства адукацыі.

(Лукашанец: ) “Істотна пашыраецца прынцып перадачы аканьня на пісьме для словаў іншамоўнага паходжаньня. Гэта здымае велізарную колькасьць выключэньняў з асноўнага правіла. Была значная колькасьць словаў, у якіх у адпаведнасьці зь дзеючым правапісам пішацца ненаціскное канцавое о: “адажыо”, “трыо” і гэтак далей. У новай рэдакцыі прапануецца пісаць: адажыа, трыа. Прапануецца пісаць у словах іншамоўнага паходжаньня на “-р”, “-ль”, якія і цяпер перадаюцца згодна зь дзеючым правапісам праз “-эр” і “-эль”, прапануецца пісаць праз “-ар”, “-аль” — “камп’ютар”, “шпаталь”.

Аляксандар Лукашанец працягвае: істотна пашыраецца напісаньне "у" нескладовага.

(Лукашанец: ) “Калі па цяперашніх правілах трэба пісаць: “ва універсітэце” з у складовым, то ў новых правілах прапануецца пісаць “ва ўніверсітэце”, як спрадвечнабеларускія словы”.

У новай рэдакцыі істотна спрошчаныя правілы пераносу словаў, што абумоўлена сучаснай моўнай практыкай і тым, што новыя выдавецкія тэхналёгіі не дазваляюць прытрымлівацца тых правілаў, якія цяпер вывучаюцца ў школе.

Паводле дырэктара Інстытуту мовазнаўства, новыя правілы правапісу і пунктуацыі беларускай мовы будуць уведзеныя ў блізкім часе, аднак чакаецца, што пераходны пэрыяд адначасовага дзеяньня старых і новых правілаў працягнецца каля двух гадоў.

(Лукашанец: ) “Той моўны матэрыял, якога датычацца зьмены, не павінен у гэты пэрыяд уключацца ў матэрыялы для экзамэнаў. Тыя зьмены, якая прапануюцца, не патрабуюць тэрміновага выданьня навучальнай літаратуры. Гэтая літаратура будзе абноўленая ці замененая ў працэсе перавыданьня”.

Навіна пра ўвядзеньне новых правілаў правапісу і пунктуацыі беларускай мовы выклікала шырокі розгалас у грамадзтве. Аднак сама рэдакцыя правілаў не была абнародаваная, і людзі бралі інфармацыю з камэнтароў і тлумачэньняў прадстаўнікоў Акадэміі навук і Міністэрства адукацыі.

Мовазнаўца Зьміцер Саўка лічыць, што патрэбнае шырокае абмеркаваньне новай рэдакцыі правілаў, бо калі падпісаныя прэзыдэнтам зьмены будуць прапанаваныя для выкананьня, нічога немагчыма ўжо будзе зьмяніць.

(Саўка: ) “Уся гэтая мітусьня вакол удакладненьняў толькі адштурхоўвае школьнікаў, абітурыентаў ад беларускай мовы. Беларуская мова робіцца нейкай загадкай, беларускае напісаньне пачынае палохаць школьнікаў. І калі ўжо ёсьць такое жаданьне ўсё ж расставіць усе кропкі над і, то гэта трэба рабіць у адкрытай, публічнай форме. Тое, што прапаноўваецца, гэта далёка не бясспрэчныя моманты, і мы ня можам абмяркоўваць дакумэнт па нейкіх урыўкавых зьвестках”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG