Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бялыніцкі краязнаўца выдаў кнігу пра сталінскія рэпрэсіі


Радыё Свабода У прыватным кніжным выдавецтве Віктара Хурсіка пабачыла сьвет кніга бялыніцкага краязнаўцы й журналіста Міхася Карпечанкі “На скрыжаваньні болю і надзеі”.

Кніга прысьвечаная сталінскім рэпрэсіям на Бялыніччыне — на 320 старонках зьмешчаныя ўспаміны рэпрэсаваных, архіўныя зьвесткі ды мастацкія творы аўтара, сярод якіх п’еса “Канвэер”. Сам Міхась Карпечанка сваю кнігу называе спробай асэнсаваць тое, што зь беларусамі адбывалася ў 1920—1950-я гады.

(Карпечанка: ) “На старонках гэтай кніжкі знайшла сваё адлюстраваньне праца, якая доўжылася больш за пятнаццаць гадоў. Пры канцы васьмідзясятых гадоў, калі рухнула заслона маўчаньня пра тое, што адбывалася ў 1920—1930-я гады, я зацікавіўся лёсамі людзей, якія прайшлі пекла сталінскіх гулагаў”.

Міхась Карпечанка вырашыў напісаць кнігу, калі пазнаёміўся з рэпрэсаванай Яўгеніяй Кутлуровай, жыхаркай Краснапольшчыны. Яна дваццаць пяць гадоў адседзела ў лягеры, і там сустрэла дзевятнаццаць сваіх аднагрупнікаў. Паводле Міхася Карпечанкі, на Бялыніччыне пацярпелі ад сталінскага тэрору каля тысячы чалавек. Сярод рэпрэсаваных – сяляне, інтэлігенцыя, нават першы сакратар райкаму партыі. Рэпрэсаваным закідалі традыцыйныя ў савецкі час абвінавачаньні:

(Карпечанка): “Контрарэвалюцыя, антысавецкая агітацыя… Раскулачваньне, дужа шмат раскулачваньня. Нават двух чалавек за спробу перайсьці мяжу — ад Бялыніцкага раёну да станцыі Негарэлае, больш за трыста кілямэтраў. І за спробу пераходу мяжы іх арыштавалі. Агітацыя супраць калгасаў”.

Міхась Карпечанка згадвае найбольш красамоўны прыклад агітацыі супраць калгасаў:

(Карпечанка: ) “Коней усіх абагулілі. А Вусаву Івану зь вёскі Кунцаў трэба было бульбу сеяць. Ён пайшоў да старшыні калгасу — дай, кажа, на гадзінкі чатыры коніка бульбу пасеяць. Той адказаў: калгаснае пасадзім, а потым возьмеш свайго коніка. Яму нічога не заставалася, як запрэгчы двух сыноў у плуг, і зь нявесткамі пачаў сеяць бульбу. А гэта палічылі за агітацыю супраць калгасаў”.
XS
SM
MD
LG