Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Новую перадачу "У што я веру" адкрывае Івонка Сурвіла


Івонка Сурвіла Сёньня – прэм''ера перадачы "У што я веру". Мы папрасілі беларусаў на Бацькаўшчыне і ў замежжы адказаць на пытаньне, у што яны вераць, на што найбольш спадзяюцца, якія каштоўнасьці ў іхным жыцьці галоўныя, якія прынцыпы міжчалавечых адносінаў яны лічаць найбольш важнымі. У якасьці першай на пытаньне пра сваю веру адказала Івонка Сурвіла, старшыня рады БНР.

"Я ВЕРУ Ў ВЕРУ! Разам са сваёй нязломнай верай ў Беларусь, мае бацькі, Уладзімер і Эвэліна Шыманцы, перадалі мне ў спадчыну свае веру ў СІЛУ ВЕРЫ!

Вера была неад’емнай часткай іхняга жыцьця. Тады, калі сябры рэагавалі на бацькоўскія задумы словамі “гэта ж віламі на вадзе пісана”, бацькі браліся за працу і рэалізавалі задуманае. Так, вайною, з малымі дзецьмі яны дабраліся ледзь не пехатою на Захад. Так пабудавалі сваімі рукамі, бяз грошай, свой дом. Так стварылі ў пачатку пяцідзесятых гадоў друкарню ў Парыжы, бо інакш немагчыма было выдаваць беларускія газэты.

Таму я ніколі не сумнявалася, што – як казаў Караткевіч, што “ і адзін можа”. Думаю, што і сваім дочкам я перадала перакананьне, што зь верай у свае мэты “НІЧОГА НЯ БУДЗЕ НЕМАГЧЫМЫМ” і ў жыцьці.

Фактычна, усё, што калі-небудзь зрабіла, гэта й было дзякуючы веры. Асабліва вера была патрэбная пры стварэньні і арганізацыі Канадзкага фонду дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі. Апрача ўсіх адміністрацыйных цяжкасьцяў, якія трэба было пераадолець, каб прывезьці беларускіх дзетак на аздараўленьне ў далёкую Канаду, я адчувала вялікую адказнасьць за іхную бясьпеку – як падчас дарогі, так і тут, у Канадзе. Вера, аднак, перамагла страх. Беларускія дзеткі ўсё яшчэ наведваюць Канаду кожны год (я тут, праўда, цяпер ні пры чым). І, дзякаваць Богу, шчасьліва вяртаюцца дамоў.

Безумоўна, пра сілу веры ведаюць і тыя, што не жадаюць нам дабра. Акупанты стараюцца сьцерці з памяці нашага народу ягонае слаўнае мінулае, каб ён якраз перастаў верыць у самога сябе. Стараюцца зьнішчыць у народзе веру ў прыгажосьць сваёй роднай мовы. Адбіраюць у яго веру ў дасягненьне дабрабыту сваімі сіламі, бязь іх так званай “дапамогі”. Ведаюць, што бязь веры чалавек сапраўды робіцца бездапаможным, як малое дзіцё. Патрабуе апекуноў, альбо “бацькі”.

Калі наш народ пачне верыць у свае здольнасьці, у багацьце сваёй культуры, у прыгажосьць сваёй мовы, калі пачне верыць у сілу салідарнасьці ды ў сваю людзкую годнасьць, тады толькі дасягне сваёй мэты – жыць вольна і шчасьліва ў заможнай і ўсімі паважанай, сваёй прыгожай Бацькаўшчыне – Беларусі".
XS
SM
MD
LG