Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 500-годзьдзя Вялікай Бераставіцы адкрылі дрэва жыцьця (фота)


Сяргей Астраўцоў, Вялікая Бераставіца У суботу і нядзелю ў райцэнтры Вялікая Бераставіца Гарадзенскай вобласьці адзначылі 500-годзьдзе гэтага мястэчка. Першым яго ўладальнікам быў Аляксандар Хадкевіч. Бераставіцкі раён выцягнуты ўздоўж мяжы з Польшчай, ён невялікі, насельніцтва — 21,5 тысячы жыхароў, у райцэнтры пражывае сем тысяч чалавек. На сьвяце адкрылі бронзавае “дрэва жыцьця” з вавёркай і каронай над ёй, вышынёй прыблізна чатыры мэтры. Вавёрка — гербавы сымбаль мястэчка. На сьвяце ў Бераставіцы пабываў наш карэспандэнт.

У мясцовай царкве адбыўся малебен за здароўе жыхароў, і ў адзін час імша ў касьцёле — у гонар бераставічанаў. Пад час набажэнства сьпяваў касьцельны хор.

У цэнтры на плошчы каля статуі Леніна была крытая сцэна, перад ёй разьмясьцілася начальства і местачкоўцы. Спачатку былі тэатральна-гістарычныя замалёўкі з удзелам караля Аляксандра і князя.

(Спадар: ) “Землі гэтыя ўсе пану Аляксандру Хадкевічу і будучым нашчадкам на часы вечныя належаць. Пры напісаньні граматы прысутнічалі паны Рады нашай. Пісана у Вільні ў лета 7014-е месяца ліпеня на дваццаты дзень індыкат дзявяты”.

Чыноўнікі ўзнагароджвалі ганаровымі граматамі, а старшыні аблвыканкаму Ўладзімеру Саўчанку мясцовы начальнік падараваў царкоўны абраз, і спадар Саўчанка яго на сцэне прылюдна пацалаваў. Было абвешчана, што пакладуць кветкі да помнікаў Леніну і савецкаму салдату, але начальства ў гэтым не ўдзельнічала, а толькі сівыя вэтэраны і прадстаўнікі моладзі.

На вуліцы былі выстаўлены партрэты гістарычных асобаў, кіраўніца раённай бібліятэчнай сыстэмы Тацяна Марцішэвіч патлумачыла:

(Спадарыня: ) “Мы бачым карцінную галерэю вядомых людзей, пачынаючы ад Хадкевіча Аляксандра, заснавальніка Вялікай Бераставіцы да Аляксандра Дубко, які доўгі час тут працаваў. Тут і Станіслаў Касакоўскі, і Кастусь Каліноўскі, і Нацэвіч Сымон, Напалеон Орда, вядомы мастак, які вельмі многа замалёвак зрабіў пра нашую Бераставіцу”.

Пасярэдзіне мястэчка над усім дамінуе высокі, магутны, напаўразбураны кармэліцкі касьцёл, які быў пабудаваны ў 1620 годзе. У першай палове 1990-х гадоў ўзяліся за яго кансэрвацыю, паставілі рыштаваньні. Але здарыўся пажар, згарэў дах, храм пачаўся разбурацца яшчэ хутчэй. Новы старшыня райвыканкаму Ян Васілеўскі вырашыў ім заняцца: адкрылі рахунак, на якім пакуль дзесяць мільёнаў рублёў, а спадара Васілеўскага нядаўна прызначылі кіраўніком Гарадзенскага раёну.

Паводле аўтара раённай кнігі “Памяць” Мікалая Пацэнкі, ў касьцельных сутарэньнях некалі друкавалі “Мужыцкую праўду”, пробашч Ігнацы Казлоўскі быў паплечнікам Кастуся Каліноўскага.

Жыхары Бераставіцы – за тое, каб кармеліцкі касьцёл быў адноўлены.

(Спадар: ) “Людзі гавораць, што трэба яго, натуральна, аднаўляць, бо гэта памяць нашых дзядоў, нашых продкаў. І, напэўна, я перакананы ў гэтым, усе дапамогуць: і просты чалавек, і прадпрымальнік дапаможа, і начальнік, усе ў гэтым будуць удзельнічаць, гэта нашая сьвятыня”.

Мясцовыя людзі, зь якімі я размаўляў, гаварылі, што Бераставіцу грунтоўна адрамантавалі да 500-годзьдзя.

(Спадар: ) “Я вам адно скажу: тое, што было зроблена на бераставіцкай зямлі, гэта рабілася для народу, адназначна. Гэта не для кіраўніцтва, не для выканаўчай улады, а для народу, народ шчасьлівы ад сьвята, шчыра кажу”.


У касьцёле ідзе імша ў гонар жыхароў Бераставіцы


Партрэтная галерэя славутых людзей, што мелі дачыненьне да мястэчка


Адкрыцьцё помніка “дрэва жыцьця” з вавёркай адбылося пад фэерверк


Крочаць вялікі князь Аляксандар і першы ўладальнік Бераставіцы Аляксандар Хадкевіч


У “шэсьці працоўных” удзельнічалі дактары і санітаркі


У кармэліцкім касьцёле, як лічыць мясцовы дасьледчык, друкавалася “Мужыцкая праўда”


Па вуліцах у выходныя хадзіла вавёрка — сымбаль мястэчка
XS
SM
MD
LG