Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санаторныя пуцёўкі будуць каштаваць для беларусаў па-рознаму


Радыё Свабода Згодна з новым Указам "Аб санаторна-курортным лячэньні і аздараўленьні”, ад 1 студзеня 2007 году беларусы будуць плаціць за пуцёўкі ў санаторыі ў залежнасьці ад заробку – ад 15% да 100%. Ці выратуе гэта беларускія санаторыі і дамы адпачынку, ці кінуцца беларусы папраўляць сваё здароўе?

Не сакрэт, што пасьля таго, як былі скасаваныя амаль усе ільготы для простых людзей на аздараўленьне і санаторнае лячэньне, беларускія санаторыі амаль пуставалі. Бо выкласьці двухмесячны заробак за адпачынак у беларускім санаторыі (а пуцёўка каштуе як мінімум 300 – 400 даляраў) ня ў кожнага рука ўздымалася. Тым больш, што працоўны народ прызвычаіўся, што большую частку пуцёўкі аплачвалі прафсаюзы, дзяржава. Прычым, адлічэньні ў Фонд сацыяльнай абароны не мяняліся, а ільготы адмянілі. Гаворыць былы старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Уладзімер Ганчарык.

(Ганчарык: ) "Тады дзяржава брала на сябе выдзяленьне большай часткі грошай на адпачынак. Цяпер, пры тых жа самых памерах адлічэньня ў Фонд сацыяльнай абароны, гэтыя грошы, напэўна, ідуць на іншыя мэты. Таму што адлічэньні ў працэнтных адносінах не зьмяніліся – як было налічэньне на аплату працы 35%, так і засталося. Таму ўзьнікае пытаньне: дзе гэтыя грошы, на якія мэты яны ідуць?"

І вось выйшаў Указ прэзыдэнта №542 "Аб санаторным лячэньні і аздараўленьні насельніцтва". Цяпер пры прыбытку да 306 тысяч рублёў у месяц грамадзянін будзе плаціць 15% кошту пуцёўкі зімой і 20% – у разгар сэзону. А пры даходзе больш за 3 мільёны рублёў у месяц чалавек будзе аплачваць сваё аздараўленьне і адпачынак цалкам. Ці прывабяць ільготы на пуцёўкі людзей ў беларускія санаторыі? Вось меркаваньне намесьніка дырэктара аднаго зь беларускіх санаторыяў.

(Супрацоўніца санаторыя: ) "Я думаю, гэта не вырашэньне пытаньня. Таму што тыя людзі, якія дастаткова зарабляюць, усё адно будуць езьдзіць адпачываць за мяжу: там узровень і абслугоўваньня, і лячэньня, і наагул адпачынку нашмат вышэй. А тым, хто зарабляе мала, усё адно ня будзе даступны гэты беларускі адпачынак. Тым больш, у Беларусі такое надвор''е, што можа не пашанцаваць, можна прасядзець пад дажджом. Таму тыя, хто зарабляе няшмат, будуць ўсё адно альбо не адпачываць наагул, альбо зьбіраць грошы і ехаць у Крым, на Каўказ, дзе сонца, мора".

Экс-старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Ўладзімер Ганчарык таксама асаблівага аптымізму з нагоды новага Ўказу не выказвае:

(Ганчарык: ) "Тут няма клопату аб людзях. Тым больш, што многія зарабляюць вельмі мала, і, канечне, ні пра якую сацыяльную справядлівасьць размова ня йдзе. Таму што доступ для аздараўленьня будзе вельмі і вельмі ускладнены, гэта факт. За размовамі аб сацыяльнай справядлівасьці, аб сацыяльнай абароне ідзе тое, што ў людзей усё больш і больш забіраюць грошы".
XS
SM
MD
LG