Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для торфазаводаў настане “залаты час”?


Радыё Свабода Сёньня дэлегацыя Міністэрства энэргетыкі накіроўваецца ў Фінляндыю. Досьвед гэтай краіны плянуецца выкарыстаць у беларускім торфакомплексе. Чым выкліканая ўвага да яго?

У Беларусі кардынальна мяняецца стаўленьне да торфу. Паводле генэральнага дырэктара дзяржаўнага канцэрну “Бепалівагаз” Леаніда Рудзінскага, гэтаму паліву адведзена важнае месца ў нацыянальнай энэргетычнай палітыцы:

(Рудзінскі: ) “Я лічу, што для нашых торфабрыкетных заводаў настае, можна гэтак сказаць, “залаты час”. Торф будзе выкарыстоўвацца як мясцовы від паліва па праграме энэргетычнай бясьпекі краіны. Прадугледжана здабыць да 2010 году 3,3 мільёна тон торфу”.

А сёлета яго здабылі каля двух мільёнаў тон. У краіне 34 заводы. Адзін зь іх месьціцца на Случчыне – у вёсцы Гацук. Расказвае рабочая, спадарыня Марыя:

(Марыя: ) “Рабочы на торфабрыкетным за тыдзень 20 тысяч рублёў не заробіць. Там нам не даюць ні спэцадзеньня, ні мыла –– нічога. Там можа 65 чалавек працуе. Чалавек можа атрымлівае 150 ці 200 тысяч рублёў – як можна на іх утрымліваць траіх дзяцей? Людзі звальняюцца, бо няма ніякіх заробкаў. Калі пайсьці на завод, то там “фільм жахаў”. Выходзіць жанчына, і невядома, у што яна апранута і што за істота. Як прывід. Калі прэзыдэнт ехаў у Салігорск, то трэба было выйсьці на дарогу і перакрыць. І ўсіх бы не выгнала міліцыя. Сваё паліва – і тры месяцы няма ні грама вады гарачай”.

У падобных умовах жывуць і працуюць работнікі большасьці іншых беларускіх торфапрадпрыемстваў. Ад савецкага часу тут не мянялася абсталяваньне. Мяркуецца, што ў Фінляндыі дэлегацыя Міністэрства энэргетыкі ня толькі атрымае сучасны досьвед, а й набудзе тэхналёгіі. Паводле ўрадавых плянаў, торфам у бліжэйшай пэрспэктыве стануць карыстацца як насельніцтва, так і электрастанцыі. Гэтым плянуецца зьменшыць закупкі расейскага газу. Рэчаіснасьць, аднак, пакуль іншая. Гаворыць галоўны эканаміст Зялёнаборскага торфабрыкетнага заводу, што ў Смалявіцкім раёне, Людміла Дзяркач:

(Дзяркач: ) “На нашым заводзе вядзём здабычу кускавога торфу. Пару гадоў таму насельніцтва брала яго, а вось летась, сёлета – ня вельмі. Мы павінны здабываць торф паліўны на Жодзінскую ТЭЦ. Вядома, яны ўсе на газе. З газам меней праблем, чым з торфам. Яго трэба некуды засыпаць. А газ: кран адкрыў і – ён бяжыць па трубах”.
XS
SM
MD
LG