Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У школах Беларусі пачалі зьяўляцца праваслаўныя клясы


Радыё Свабода Ад сёньня ў сярэдняй школе нумар 159 Менска пачынаюцца заняткі ў першай у Беларусі праваслаўнай клясе. Пакуль яе называюць экспэрымэнтальнай, але карэспандэнт Свабоды высьветліў, што ўжо ў Міністэрстве адукацыі распрацаваныя мэтадычныя дакумэнты. Ведамства плянуе, што вучэбны курс “Асновы праваслаўнай культуры” стане масавым.

Настаўніца Тамара Кукушкіна, якая ў 159-й менскай школе зьяўляецца кіраўніком клясы праваслаўнай адукацыі, паведаміла Радыё Свабода, што напярэдадні закончыла адпаведныя курсы ў Акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі. Акрамя таго:

(Кукушкіна: ) “Я атрымала бласлаўленьне двух сьвятароў і уладыкі Філарэта. Яны моляцца на тое, каб Гасподзь мне дапамог не нарабіць памылак, альбо ва ўсялякім разе зьвесьці іх да мінімуму”.

Духоўна падтрымліваць школьны пачын будзе настаяцель царквы ў вёсцы Тарасаўка айцец Сергій.

(Кукушкіна: ) “Ён увогуле працуе ў асноўным з вайскоўцамі. Ён – афіцэр у адстаўцы. Зь дзецьмі працаваць палохаецца. А калі я папрасіла яго прыехаць на бацькоўскі сход, адказаць на іх пытаньні, то ён адразу: “Не, не, не... Вы самі ўсё рабіце”. Але цяпер быццам бы ён паверыў, што гэта ўсур’ёз”.

Як паведаміла Тамара Кукушкіна, у праваслаўную клясу запісаліся 25 вучняў. Намесьнік дырэктара па выхаваўчай працы Тацьцяна Аляксандрава тлумачыць невялікую масавасьць наступным чынам:

(Аляксандрава: ) “Ёсьць каталікі і прадстаўнікі іншых канфэсіяў. Але ёсьць дакумэнт, што рэгулюе адносіны праваслаўнай царквы і школы, і няма дакумэнта, які б працаваў на каталіцкую царкву ці іншую якую канфэсію...”.

(Карэспандэнт: ) “Пэўна, вы каталічка?”.

(Аляксандрава: ) “Вось, так і ёсьць!”

Пастар пратэстанцкай царквы Эрнэст Сабіла, калі Радыё Сабода папрасіла ягоны камэнтар да выкладаньня ў школе праваслаўя, даводзіць, што гэта першы крок да пераўтварэньня школаў у Беларусі з агульнаадукацыйных у царкоўна-прыходзкія:

(Сабіла: ) “Нашаму дзяржаўнаму кіраўніку патрэбная пэўная падтрымка зьнізу – падпорка. А праваслаўная царка яго падтрымлівае ў асобе Філарэта. Гэта спробы ўсё-такі выстаяць. Ён жа нібыта рыхтуецца да нейкай бойкі і шукае падтрымку. Вось гэта й будзе служыць. Будзе ён ехаць вярхом на праваслаўі”.



Наша даведка. У 2003 годзе быў падпісаны канкардат паміж праваслаўнай царквой і дзяржавай, які вызначыў асаблівы статус Праваслаўнай царквы і надаў ёй шматлікія прэфэрэнцыі. Канкардат адкрыў прадстаўнікам Праваслаўнай царквы шырокі доступ у навучальныя ўстановы, армію, шпіталі, месцы зьняволеньня. Акрамя гэтага, пагадненьне прадугледжвае дзяржаўную дапамогу ў справе рэстаўрацыі ды ўтрыманьня храмаў-помнікаў архітэктуры, а таксама прадстаўленьне Царкве падатковых ды іншых ільготаў. Даручэньне падрыхтаваць канкардат даў Аляксандар Лукашэнка пасьля сустрэчы з сынодам праваслаўнай царквы.

XS
SM
MD
LG