Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябраў СБП не запрасілі на Дзень беларускага пісьменства ў Паставы


Радыё Свабода, Віцебская вобласьць На дзяржаўным узроўні Дзень беларускага пісьменства адзначаецца ў першую нядзелю верасьня з 1994-га году. Самы першы раз сьвята было арганізавана ў на Гомельшчыне, у старажытным Тураве, і з тае пары месцамі правядзеньня сьвяткаваньняў абіраліся розныя гарады Беларусі, прычым на добраўпарадкаваньне гэтых населеных пунктаў улады традыцыйна выдаткоўвалі немалыя сумы грошай.

Сёлета райцэнтар Паставы таксама атрымаў значную суму зь дзяржаўнага бюджэту на рэстаўрацыю будынкаў ды прыём гасьцей. Афіцыйна запрошана больш як 800 чалавек, але ў лік самых пачэсных гасьцей сьвята пісьменства – уласна пісьменьнікаў – трапілі толькі сябры прадзяржаўнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі.

Уласна Днём беларускага пісьменства сёлета абвешчаны заўтрашні дзень, 3-га верасьня. Але ўжо сёньня ў Паставах прайшлі асобныя сьвяточныя імпрэзы: адчыніўся пасьля капітальнага рамонту раённы Дом культуры, прайшлі навукова-практычныя “Пастаўскія чытаньні”, у якіх узялі ўдзел мясцовыя настаўнікі ды краязнаўцы, адбылося адкрыцьцё помніка Антонію Тызенгаўзу – уладальніку Пастаў у другой палове ХVШ стагодзьдзя, асьветніку й вядомаму грамадзкаму дзеячу, дзякуючы якому ў Паставах зьявілася арыгінальная забудова гарадскога цэнтру паводле праекту запрошаных італьянскіх архітэктараў, першыя прадпрыемствы, а таксама камэрны аркестар і балетная школа.

Заўтра ў Паставах маюць адбыцца “ Фэстываль кнігі і прэсы” , уручэньне ўзнагароды “Залаты фаліянт” ляўрэатаў 46-га рэспубліканскага конкурсу "Мастацтва кнігі", шматлікія кніжныя выставы, падрыхтаваныя бібліятэкарамі ды выдаўцамі.

Намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандар Касінец, які ўзначальвае аргкамітэт па падрыхтоўцы ды правядзеньні сьвята, падкрэсьліў, што сёлетні Дзень беларускага пісьменства мае задачу “спрыяць паляпшэньню дзейнасьці сродкаў масавае інфармацыі”. Аднак на сьвята ў Паставы былі запрошаныя сёлета толькі прадстаўнікі дзяржаўных медыяў. А таксама толькі сябры прадзяржаўнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі.

Кіраўнік Віцебскай філіі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Франц Сіўко пацьвердзіў, што запрашэньняў на сьвята не атрымаў ні ён, ні іншыя сябры Саюзу, і што Дзень беларускага пісьменства праходзіць безь іхнага удзелу ўжо прынамсі другі год.

(Сіўко: ) “З маіх 26-ці чалавек ніхто не запрошаны, і нас ужо некалькі гадоў не запрашаюць. Хіба што мясцовыя будуць: там навуковая канфэрэнцыя заплянаваная, і мне тэлефанаваў Аркадзь Нафрановіч, што яны з Ігарам Пракаповічам возьмуць удзел у якасьці краязнаўцаў. Аркадзь Нафрановіч напісаў кнігу пра тамтэйшых настаўнікаў, а Ігар Пракаповіч увогуле вядомы краязнаўца. Але ж яны яшчэ сябры творчага союзу, а вось ці будуць выступаць у якасьці літаратараў? Якое там! Туды ж вядома хто прыедзе – ні Барадуліна, ні Бураўкіна там ня будзе, я думаю!”

Меркаваньне старшыні абласной філіі Саюза беларускіх пісьменьнікаў падзяляе і старшыня абласной рады ТБМ Іосіф Навумчык. Дарэчы, Пастаўшчына – гэта ягоная малая радзіма, і прадстаўнікі Таварыства беларускае мовы, здавалася б, таксама мусілі б быць пачэснымі гасьцямі на Дні беларускага пісьменства, аднак ні спадара Навумчыка, ні іншых сябраў ТБМ туды не запрашалі.

(Навумчык: ) “Я ж зямляк, я ж пастаўчанін, але не запрасілі. І ніхто з нас не паедзе. Я размаўляў тут з Алесем Пашкевічам, дык такія пісьменьнікі, як Барадулін, Бураўкін, Законьнікаў нават не запрошаныя, пра гэта й гаворкі няма!”

Сябры ТБМ спадзяваліся, што з нагоды Дня беларускага пісьменства ў Паставах нарэшце нейкім чынам будзе ўшанаваная памяць Уладзімера Дубоўкі, які нарадзіўся ў вёсцы Агароднікі недалёка ад райцэнтру, аднак у пляны арганізатараў сьвята гэты пункт таксама ня трапіў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG