Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Ганна Асмалоўская


Ганна Асмалоўская, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Свае асабістыя нататкі мінулага тыдня падае Ганна Асмалоўская, дзіцячая доктарка зь Менску, маці шасьцігадовага сёлетняга першаклясьніка.

26 жніўня

Палову дня змарнавала на сон, але сумленьне, чамусьці, маўкліва трывала. Пахмурнае надвор’е, дождж надалі яшчэ больш утульнасьці нашай “новай” 2-пакаёўцы ў старой сталінскай хаце. Часам самой дзіўна, колькі задавальненьня можа прыносіць хатняя валтузьня па дробных справах, як прыемна гатаваць смачную ежу для сваіх родных мужчын (маленькага і дарослага), зь якім кайфам адчуваеш, як ад твайго каханьня дом поўніцца цеплынёй, утульнасьцю і спакоем.

Мы пераехалі 2 тыдні таму ў самы цэнтар Менску з ускрайку (кватэру здымаем), каб сынок здолеў наведваць беларускамоўную гімназію. Доўга абмяркоўвалі і ўзважвалі... Можна было вырашыць усё значна прасьцей і аддаць Янку ў звычайную школу, але гэтая прынцыповасьць для мяне – форма змаганьня ў сучасных варунках.

Увечары шпацыравалі. Наведалі касцёл Сьв. Роха на Залатой горцы. Уразіў... Сьціплая готыка... Усё з густам... Кавалачак старой Эўропы пасярод сьметніц і недарэчных гаражоў у цэнтры Менску.

20:30 – пачалася праца, чарговае начное дзяжурства.

27 жніўня

Ноч мінула больш-менш спакойна. Але настрой ня вельмі – шмат думала... Кожны раз уражваюся “вынаходлівасьці” некаторых бацькоў! Клінічныя (камічныя ці трагічныя) выпадкі апісваць ня буду, бо нават безь імёнаў яны выкрываюць лекарскую таямніцу і могуць быць некарэктнымі для іншых людзей. Я магу сьмела сьцьвяржаць, што зь нядоўгай маёй практыкі (4 гады працы) большасьць непрыемных выпадкаў зь дзецьмі здараецца па прычыне бацькоўскай няўважлівасьці, ці ўвогуле адсутнасьці дагляду за дзецьмі. Пішу “непрыемных” і думаю – мякка выказалася, часам гэтыя выпадкі трагічныя і незваротныя. Жыцьцё (асабліва дзіцяці) – такая крохкая рэч! Вось ёсьць... і вось ужо няма...У чым сэнс?...У чым вартасьць?...

Сяброўкі дзівяцца з маіх паводзінаў у пэўных жыцьцёвых сітуацыях: “Як ты трываеш? Чаму так спакойна ставішся? Ды я б ...!” А бачу поўную адсутнасьць сэнсу ў нэрвовых спрэчках і сварках! Я адчуваю задавальненьне ад звычайных жыцьцёвых праблем, бо яны ёсьць і іх трэба вырашаць, думаць, дзейнічаць. Жыць! Думаю, што кожны, хто ў сваёй працы мае дачыненьне да жыцьця і лёсаў, па-іншаму, па-сапраўднаму ацэньвае гэтую вартасьць чалавечага існаваньня! Як ні банальна, але тэлефануючы блізкім, мне галоўнае проста пачуць родны голас і ведаць – жывы, здаровы, усё добра.

28 жніўня

23:00 – прамы эфір на радыё, першы раз у жыцьці, без падрыхтоўкі, адказваць трэба адразу, доўга ня думаць... Карацей, я засталася вельмі незадаволеная сабой. Здаецца, на ўсе пытаньні, калі паразважаць, адказвала б па-іншаму, ці фармулявала б больш канкрэтна. Па-мойму, там ужо пашкадавалі, што запрасілі мяне... Хіба камусьці цікава слухаць банальныя адказы цяжарнай кабеты, якую ўвагналі ў стрэс?

Напрыклад, на пытаньне “ува што я веру” можна было б адказаць двума словамі – справядлівасьць жыцьця, а пра шчасьце і грошы можна паразважаць... Грашыма шчасьце сапраўды не вымяраецца, але я 8 год у шлюбе, чакаю другога дзяцёнка, а сваёй хаты няма...Значыцца, трэба столькі, за колькі можна набыць дом з садам, ды пасяліць туды мужа, дзяцей, кошку, рыб у акварыюме ды іншых. Зноў “але”. Безумоўна, набыцьцё хаты яшчэ не зьяўляецца гарантыяй шчасьлівага існаваньня...

Пасьля эфіру ўзгадаліся часы навучаньня, калі быццам бы іспыт вытрымаў, адзнака нармалёвая, а ўсё роўна незадаволены, бо ці ня ўсё сказаў, ці ня так сфармуляваў, як хацеў.

Але ж ведаю: я была цалкам шчырая ў сваіх адказах.

29 жніўня

Пад час сямейнага абеду чыталі беларускія іменьнікі – выбіралі імя для малодшага дзіцяці (сынок, думаем, будзе). Складана і адказна. Са старэйшым усё было адназначна вырашана за 16 тыдняў цяжарнасьці – Янка і ўсё тут, ніякіх спрэчак. А зараз?... Проста мы, напэўна, больш стала і сьвядома ставімся да гэтага пытаньня, бо падсьвядома адчуваем – імя, лёс, характар маюць узаемасувязь. Вітаўт?.. Адам?. Мікола?.. Вацлаў? .. Якуб?..

15:00 – зноў пачалася праца, амаль суткі прабуду ў лякарні.

30 жніўня

Ноч – 1:00, 1:20, 3:00, 5:20, 7:00... на нагах...

...Агляды, дыягназы, турбаваньні за эфэктыўнасьць, часам сэрца сьціскаецца ад жалю, быццам ў самога там жа баліць... Тлумачальныя размовы з бацькамі, свае нэрвы – у кулак!

...А дома ўтульна і спакойна сьпяць у сваіх ложках муж і сын (“мама, ты сёньня з намі начуеш?” – ажно сьляза набегла).

Андрусь хадзіў на бацькоўскі сход у гімназію. Зь першае класы – кітайская мова, пазней яшчэ ангельская будзе. Пры кожнай узгадцы пра беларускую мову навучаньня і што ЎСЁ будзе па-беларуску, чуліся то ўздыхі, то ўсхліпы... Непрыемна мне камэнтаваць гэты факт, хочацца нават груба выказацца... Але няўжо ім, некаторым “беларусам”, важней, каб іх дзеці вольна размаўлялі па-кітайску ці па-расейску, чым... Янка наш да 3-х год расейскай мовы ўвогуле ня ведаў! Застаецца спадзявацца на сьвядомасьць і патрыятызм настаўніцы. Складана ствараць беларускую дамінанту ў сумленьнях дзяцей пры такіх варунках, але – мажліва! Агульнымі высілкамі, безумоўна!

31 жніўня

10:00 – урачысты пачатак школьнага жыцьця. І ня толькі для Янкі, мы зноў ідзем вучыцца! Так жа прыемна і хвалююча, як у дзяцінстве, быццам бы сам вярнуўся ў свае 6-7 год! Ні страху, ні турбаваньня – толькі надзея і аптымізм!

Увечары набылі Янку будзільнік, каб прачынаўся рана сам ды ўздымаў тату пад час маміных дзяжурстваў.

1 верасьня

Сёньня першы дзень заняткаў у школцы.

Янка будзільніка не пачуў, давялося будзіць усіх мне. Нэрвавалася, бо і спазняцца ня хочацца і ранішні прадшкольны “рытуал” парушаць нельга. Хуткае сьняданьне, апрананьне, зборы …яблык у ранец паклала перад самым выхадам. Янка яшчэ цацку хацеў туды пакласьці, давялось тлумачыць, што школа – не дзіцячы садок, і цацкі туды ня носяць. Дарэмна, пазьней апынулася, што на перапынках гуляць з цацкамі дазваляюць, і Янка пакрыўдзіўся на маю забарону.

Але ўсьмешка на нашых вуснах не спаўзала ўсю раніцу, прыемна гэта – весьці сынка ў школу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG