Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкія дэпутаты пра нямецка-беларускія стасункі


Алесь Дашчынскі, Менск У Менску знаходзіцца дэлегацыя зь Нямеччыны, якая бярэ ўдзел у мерапрыемствах, зьвязаных з наданьнем менскаму Міжнароднаму адукацыйнаму цэнтру імя экс-прэзыдэнта Нямеччыны Ёганэса Раў. Пра нямецка-беларускія адносіны пагутарыў зь нямецкімі дэпутатамі наш карэспандэнт.

Паводле дэпутата Бундэстагу ад сацыял-дэмакратычнай фракцыі Густава Герцага, нямецка-беларускія стасункі знаходзяцца цяпер ў складанай сытуацыі, але ёсьць жаданьне да дыялёгу.

(Герцаг: ) “Сытуацыя з правамі чалавека, будаўніцтва грамадзянскай супольнасьці, магчымасьці палітычнай апазыцыі бачацца нам інакш, чым беларускаму ўраду і пра гэтыя розныя падыходы мы будзем далей гаварыць. Нямецкі Бундэстаг ў сваёй заяве вельмі ясна выказаў сваю пазыцыю, што ён незадаволены палітычнай сытуацыяй у Беларусі і вельмі заклапочаны ёй. І гэта пазыцыя дагэтуль не памянялася”.

Дэпутат парлямэнту зямлі Паўночны Рэйн-Вэстфалія, сябра Хрысьціянска-дэмакратычнага зьвязу Вэрнэр Ёстмаер заявіў:

(Ёстмаер: ) “Ёсьць, натуральна, складанасьці, паколькі ня толькі ў маёй краіне пануе заклапочанасьць, што апошнія выбары ў Беларусі былі несвабоднымі і недэмакратычнымі. Ёсьць заклапочанасьць, што не функцыянуе падзел уладаў і вельмі мала надаецца ўвагі захаваньню правоў чалавека”.

Падчас імпрэзы ў менскім адукацыйным цэнтры часта згадвалася выказваньне Ёганэса Раў – “прымірэньне замест разьмежаваньня”. Ці азначае гэта нейкае прымірэньне паміж Нямеччынай і рэжымам Аляксандра Лукашэнкі? Дэпутат Густаў Герцаг заявіў, што гэта не азначае такога прымірэньня. Дэпутат Вэрнэр Ёстмаер сказаў:

(Ёстмаер: ) “Гэты выраз тычыцца нашай гісторыі. Гэты выраз тычыцца пераадоленьня разьмежаваньняў, нянавісьці і міждзяржаўных праблемаў. І мы хочам прымірэньня, а не падзелу паміж народамі, рэлігіямі, нацыямі ці нейкімі групамі. Гэта аднак не павінна адносіцца да яснай пазыцыі, якую мы займаем, калі мы маем меркаваньне, што недзе ў сьвеце існуе недэмакратычны рэжым”.

Былі выпадкі, калі апазыцыя не змагла правесьці свае мерапрыемствы ў Менскім адукацыйным цэнтры, які ёсьць супольным нямецка-беларускім праектам. Дэпутат Герцаг заявіў, што ўсе зацікаўленыя ў сур’ёзным і сумленным дыялёгу могуць карыстацца гэтым будынкам. Дэпутат Ёстмаер патлумачыў, што цэнтар ня мусіць стаць рупарам апазыцыі, а такая небясьпека была. Але гэтым будынкам мае права карыстацца ня толькі той, хто далучае сябе да праўрадавай большасьці, але і да апазыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG