Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дэпутаты ад апазыцыі заяўляюць пра перасьлед за палітычныя перакананьні


Вячаслаў Кулік, Менск Радыё Свабода працягвае атрымліваць меркаваньні цяперашніх дэпутатаў ад апазыцыі ў мясцовых саветах. Яны выказваюць сваё стаўленьне да праблем, зь якімі сутыкнуўся бабруйскі дэпутат Алесь Чыгір. Суразмоўцы нашага радыё таксама распавядаюць уласныя гісторыі ўзаемадачыненьняў зь мясцовымі ўладамі.

Адлучэньне ад працы Алеся Чыгіра дэпутат Жлобінскага райсавету Марат Афанасьеў называе незаконным:

(Афанасьеў: ) “З дэпутатам Чыгіром я знаёмы ўжо некалькі гадоў. Ён зьяўляецца сябрам Асамблеі дэпутатаў мясцовых саветаў. Дэпутат ня можа быць звольнены з працы бяз згоды савета. Гэта азначае, што ўсе дэпутаты, якія ўваходзяць у склад, павінны прагаласаваць і выказаць адабрэньне альбо адмову. Звальненьне гэтага дэпутата незаконнае”.

Дэпутат Афанасьеў паведамляе гісторыю свайго звальненьня зь Беларускага мэталюргічнага заводу. Кажа, што 8 верасьня адбудзецца суд, на справядлівасьць якога ён спадзяецца.

(Афанасьеў: ) “Парушаны 24-ы артыкул Статуса дэпутата мясцовага савету. Па ўзросту нібыта магу адыходзіць на адпачынак, але ў нас на заводзе працуюць вельмі шмат людзей 65-ці гадоў і я абсалютна перакананы, што мае веды неабходныя заводу”.

А вось што ў адносінах да звальненьня настаўніка Алеся Чыгіра гаворыць Ганна Леўчанка – дэпутат Бараньскага пасялковага Савета на Віцебшчыне:

(Леўчанка: ) “Ён ня першы. У Леаніда Гаравога яшчэ раней кантракт быў разарваны. Быў дырэктарам школы, а яго нават не ўзялі настаўнікам. На настаўніках зараз улада можа адыгрывацца, прычым паказальна для іншых катэгорыяў барацьбітоў. Нават цяпер некалькі дзесяткаў школ зачынілі. Вучняў менш і менш. У нас, напрыклад, тры школы. Праз пяць гадоў адну школу трэба будзе зачыняць...”

Ганна Леўчанка кажа таксама, што і яе дэпутацкая дзейнасьць раздражняе чыноўнікаў:

(Леўчанка: ) “Злуецца дырэктар, таму што наша прадпрыемства шмат дрэннага для экалёгіі робіць. Злуецца і старшыня райсавету, і старшыня райвыканкаму. Мы ўзьнімаем пытаньні, а на іх “зьверху” пакрыкваюць. Маўляў, добраўпарадкаваньне правялі, а вам яшчэ і гэтага мала”.

Завяршаем абмеркаваньне тэмы з дэпутатам Вялейскага раённага Савету на Меншчыне Сяргеем Кліменкам:

(Кліменка: ) “Тыя, хто неўзабаве пойдуць на мясцовыя выбары, калі гэта няўгодныя ўладзе апазыцыянэры ці кшталту гэтага, то іх, вядома, будуць перасьледаваць. І будуць перашкаджаць. Калі я спрабаваў арганізаваць сустрэчу са сваімі выбаршчыкамі, то мне было адмоўлена. На той падставе, што мы з яшчэ адным дэпутатам ад Партыі камуністаў беларускай запрасілі на гэтую сустрэчу Анатоля Лябедзьку і Сяргея Калякіна”.
XS
SM
MD
LG