Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скаргу па справе “Партнэрства” разгледзяць 15 верасьня?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Чаму Артуру Фінькевічу не дазваляюць на выходныя выходзіць з камэндатуры? Адвакаты кажуць пра пагаршэньне здароўя Аляксандра Казуліна. Паводле папярэдніх зьветак, разгляд касацыйнай скаргі па справе “Партнэрства” прызначаны на 15 верасьня.

Ужо некалькі тыдняў Артур Фінькевіч ня мае магчымасьці на выходныя выйсьці з інтэрнату пры Магілёўскай спэцкамэндатуры, дзе ён адбывае два гады “хіміі” за палітычныя графіці. Міліцыянты тлумачаць, што некаторыя асуджаныя падчас выхадаў у горад парушаюць грамадзкі парадак, і таму ўведзеная забарона. Артур Фінькевіч выказаў пратэст адміністрацыі спэцкамэндатуры, нагадаўшы пра парушэньне закону і ягоных правоў, і вось што адказалі яму міліцыянты.

(Фінькевіч: ) “На гэта мне адказалі, што ёсьць загад нікога не выпускаць, а для іх загад вышэй за закон”.

Дзяжурны Магілёўскай спэцкамэндатуры адмовіўся размаўляць, калі даведаўся, што зь ім гаворыць карэспандэнт.

Артур Фінькевіч распавёў, што звычайна падчас выходных наведваў касьцёл і карыстаўся інтэрнэтам. Маладому апазыцыянэру яшчэ заставацца на “хіміі” год і тры месяцы.

У экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна пагоршылася здароўе. Пра гэта паведаміў адвакат Ігар Рынкевіч, які сустракаўся зь вядомым палітыкам ў сьледчым ізалятары. У Казуліна падняўся ціск, дрэнная кардыёграма, прычым турэмныя дактары дагэтуль не азнаёмілі яго з вынікамі агляду, кажа адвакат.

(Рынкевіч: ) “Давядзецца абароне запатрабаваць вынікі мэдычнага абсьледаваньня з турэмнага шпіталя, калі дактары ізалятара адмовяць у зьвестках пра гэта”.

Ігар Рынкевіч паведаміў таксама, што суд Маскоўскага раёну адмовіўся далучыць да матэрыялаў справы аўдыёкасэту працэсу, якую запісалі абаронцы, але працягнуў да 4 верасьня тэрмін падачы заўваг на пратакол судовага паседжаньня.

Назіральнікаў за справай актывістаў “Партнэрства”, і ў першую чаргу сваякоў Мікалая Астрэйкі і Цімафея Дранчука, цяпер найбольш цікавіць, калі ў Менскім гарадзкім судзе адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі на прысуд Цэнтральнага суду. Раней чакалася, што гэта адбудзецца ў першыя дні верасьня, цяпер прыйшлі зьвесткі пра 15 верасьня. Гэты дзень называе адвакат Павал Сапелка ў якасьць найбольш верагоднага. На жаль, спраўдзіць зьвесткі не ўдалося – суд Цэнтральнага раёну, дзе знаходзіцца справа “Партнэрства”, 1 верасьня не працаваў з-за пераезду ў новы будынак. Тым часам бацька Цімафея Дранчука Валер Дранчук паведаміў, што ў аўторак, 5 верасьня, сваякі і некаторыя абаронцы асуджаных актывістаў “Партнэрства” плянуюць наладзіць прэсавую канфэрэнцыю.

(Дранчук: ) “Справа “Партнэрства” ня скончаная. Праўда пра тое, што здарылася з нашымі дзецьмі, патрабуе адзнакі юрыстаў і грамадзкасьці”.

Другі месяц знаходзіцца ў турме горада Глыбокае ў Віцебскай вобласьці вядомы актывіст і праваабаронца Іван Крук з Астраўца. Даходзяць новыя зьвесткі пра ўмовы ўтрыманьня апазыцыянэра. Гэтак, Івана Крука ўтрымліваюць у цеснай камэры разам з яшчэ 16-цю вязьнямі. Шмат хто з сукамэрнікаў паліць, і гэта адбіваецца на здароўі спадара Крука, якому ўжо 62 гады. Вядомая ў Беларусі праваабаронца Людміла Гразнова заклікала падтрымаць Івана Крука лістамі на адрас Глыбоцкай калёніі.

Нагадаю справу, якая ніяк ня выйдзе з разраду нявысьветленых: яшчэ пры канцы ліпеня ў Менску зьнік сябра БАЖу, малады перакладчык Антон Тарас. Міліцыя не выключае сямейную, палітычную, крымінальную вэрсіі зьнікненьня. Там кажуць, што адпрацоўка ўсіх вэрсій працягваецца. Стала вядома, што ў Кіеў адмыслова выяжджаў сьледчы ў справе, але гэта пакуль не прывяло да знаходжаньня сьлядоў перакладчыка Антона Тараса.
XS
SM
MD
LG